Валер Кавалеўскі. Фота «Нашай Нівы»

Валер Кавалеўскі. Фота «Нашай Нівы»

Калі пашпарт Новай Беларусі будзе даступны?

«Пра тэрміны атрымання пашпарту я б устрымаўся казаць. Мы раней называлі тэрміны і не здолелі іх датрымацца. Бо ёсць пэўныя фактары, якія не залежаць ад нашай волі.

Я магу толькі прапанаваць праявіць цярпенне. Мы вельмі стараемся зрабіць так, каб гэты праект дайшоў да стадыі выдачы пашпартоў».

Якая «дарожная мапа» стварэння пашпарту?

«Зараз мы працуем над тым, каб прызначыць дырэктара органа выдачы. То-бок у праекта будзе чалавек, які возьме адказнасць за тэхнічную частку. Пасля адбудзецца фарміраванне каманды, закуп абсталявання і фарміраванне той установы, якая будзе гэтым займацца.

Таксама неўзабаве адбудзецца зацвярджэнне дызайну для таго, каб пасля зрабіць узор новага пашпарту. Гэта дазволіць нам весці перамовы з нацыянальнымі ўрадамі аб прызнанні дакумента.

Пасля будзе распачаты перапіс беларусаў свету. Ён мусіць ахапіць усіх беларусаў свету і ацаніць іх запыт на атрыманне пашпарту. Таксама гэта дазволіць зразумець, колькі беларусаў жыве па свеце. І гэтая лічба дазволіць планаваць тэхнічную частку праекту, быць на сувязі з беларусамі і мабілізаваць іх у кампанію па прызнанні.

Яшчэ адзін заклік, які мы накіруем беларусам свету — гэта фінансаванне праекту. Нам патрэбны будзе стартавы капітал для таго, каб закупіць матэрыялы, абсталяванне, здымаць памяшканне, набраць каманду».

Гэты пашпарт цалкам заменіць беларускі або будзе нечым кшталту праязнога дакумента іншаземца, які цяпер выдаюць краіны ЕС, які дае значна менш магчымасцяў?

«Мы будзем імкнуцца да таго, каб гэта быў паўнавартасны пашпарт, які б пацвярджаў грамадзянства чалавека. Мы будзем выбудоўваць консульскую службу, якая будзе падтрымліваць карыстальнікаў пашпарта.

То-бок, мы хочам, каб ён даваў усе магчымасці, якія дае звычайны пашпарт: не толькі падарожжы, але і, напрыклад, каб з ім можна было прыйсці ў банк і адкрыць рахунак».

Як не натрапіць на правакацыі спецслужбаў або махляроў?

«Зараз вельмі актывізаваліся беларускія спецслужбы, якія хочуць дыскрэдытаваць ідэі пашпарта Новай Беларусі. Таксама беларусаў спрабуюць падманваць махляры.

Па-першае, сачыце толькі за афіцыйнымі сацыяльнымі сеткамі Пераходнага кабінета і Офіса Святланы Ціханоўскай. Калі мы сапраўды пачнем апытанне, то будзе і відэа, і тэкставае суправаджэнне, і гэта будзе адначасова на ўсіх нашых афіцыйных рэсурсах.

Па-другое, мы ніколі не будзем патрабаваць персанальныя звесткі беларусаў падчас апытання. То-бок, у анкеце не будуць пытацца ані імя ці прозвішча, ані дату нараджэння, ані фота ці адрасы беларусаў. Гэта будзе інфармацыя пра краіну жыхарства і патрэбы сям'і чалавека, а таксама прычыны атрымання пашпарту».

Якія краіны згадзіліся падтрымаць гэтую ідэю або выдаць код для пашпарту?

«Пакуль пра гэта казаць нельга. Скажу толькі, што ўсе партнёры, з якімі мы размаўлялі, пагаджаюцца, што гэта важны праект, які з'яўляецца вырашэннем праблем, з якімі сутыкнуліся беларусы пасля ад'езду з краіны.

Гэта, вядома, не азначае аўтаматычнага прызнання гэтага дакумента. Але прынамсі ніхто не аспрэчвае логіку праекта. І гэта дае вялікія надзеі.

Мы дапамагаем беларусам з легалізацыяй у розных краінах, напрыклад, з атрыманнем праязных дакументаў замежніка або ДНЖ. Але толькі пашпарт Новай Беларусі можа стаць сістэмным вырашэннем гэтай праблемы для беларусаў замежжа».

Ці будзе ён заменай візе або ДНЖ у Еўрасаюзе, якія беларусам атрымаць няпроста?

«Не. Гэты пашпарт будзе беларускім пашпартам. То-бок, напрыклад, калі ён прызнаны ўрадам Германіі, то з ім можна будзе звяртацца ў афіцыйныя ўстановы Германіі па атрыманне легалізацыйных дакументаў.

Але ён не заменіць ні візу, ні дазвол на працу, ні ДНЖ, ні іншых легалізацыйных дакументаў. І ўсе тыя ўмовы, якія дзейнічалі да гэтага датычна беларускіх грамадзян, працягнуць дзейнічаць да таго моманту, пакуль мы не зможам дасягнуць нейкіх новых дамоўленасцяў па статусе беларусаў у той ці іншай дзяржаве. І гэта пытанне ўжо на будучыню, якое прынамсі да запуску выдачы пашпартоў не такое актуальнае.

То-бок, пашпарт Новай Беларусі не дасць прэферэнцый ці бенефітаў беларусам у ЕС ці іншых краінах у параўнанні з існуючым беларускім пашпартам, які ёсць у нас ва ўсіх на руках».

Ці плануецца сістэма верыфікацыі атрымальнікаў пашпарту?

Вядома, так. Будзе спіс дакументаў, якія трэба даць для атрымання гэтага дакумента і сістэма праверкі заяўнікаў. Таксама будзе чарга тых, каму ён трэба ў першую чаргу.

Ці будзе такі пашпарт даступны беларусам па-за ЕС?

Так. І гэта яшчэ адзін выклік для нас — выдача пашпартоў тым, хто далёка. Бо адна справа — забяспечыць пашпартамі беларусаў у Польшчы або Літве, іншая справа — выдаць пашпарты беларусам Азіі або Амерыкі.

Бо камусьці ён патрэбны для паездак, а камусьці — бо ён адчувае сябе беларусам і хоча пашпарт з нацыянальнымі сімваламі краіны замест савецкіх. І мы пастараемся дацягнуцца да кожнага беларуса.

Чытайце таксама:

Кавалеўскі расказаў, як і дзе будуць выдаваць пашпарт «Новай Беларусі»

Швецыя будзе выдаваць пашпарты замежніка беларусам з пратэрмінаванымі дакументамі

Офіс Ціханоўскай правёў канферэнцыю ў раскошнай віле ў цэнтры Прагі. Колькі каштавала арэнда?

Клас
60
Панылы сорам
4
Ха-ха
9
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
3