Андроід-мусульманка «Sara», цалкам створаная ў Саудаўскай Аравіі. Courtesy of QSS AI & Robotics

Андроід-мусульманка «Sara», цалкам створаная ў Саудаўскай Аравіі. Courtesy of QSS AI & Robotics

Штучная дзяўчына-мусульманка па імені Сара («Sara») — першы жаночы андроід у гісторыі Блізкага Усходу, які быў цалкам створаны і прадстаўлены ў Саудаўскай Аравіі.

Распрацоўшчыкі Сары з саудаўскай кампаніі QSS AI & Robotics распавялі выданню Business Insider, што іх новая мадэль прытрымліваецца нормаў шарыяту і «валодае нечым падобным да самасвядомасці».

«Сара ўсведамляе, што яна дзяўчына, што ёй 25 гадоў, што яе рост 162 сантыметры і што яна носіць саудаўскую абаю (традыцыйную арабскую жаночую сукенку. — «НН»).

Яна павінна быць мілай, не размаўляць на тэму палітыкі і сэксу, таму што мы ў Саудаўскай Аравіі і тут ёсць свае законы для жанчын», — заявіў генеральны дырэктар QSS AI & Robotics Элі Метры ў каментарах да Business Insider.

Па словах Метры, Сара свабодна размаўляе на арабскай і англійскай мовах, а праца самой штучнай дзяўчыны заснавана на вялікай моўнай мадэлі, спецыяльна распрацаванай для яе кампаніяй QSS AI & Robotics. 

«Мы не карысталіся даступнымі рашэннямі, як той жа ChatGPT. Мы распрацавалі ўласную нейрасетку, якая пераўтварае тэкст у галасавыя паведамленні, разумее вусную гаворку і добра разбіраецца ў культуры Саудаўскай Аравіі. Наша мадэль вучылася на велізарнай колькасці тэкстаў, напісаных у нашай краіне», — дадаў Метры.

Пры гэтым, як адзначае Business Insider, Сара з'яўляецца не адзіным андроідам, якога нядаўна паказала кампанія QSS AI & Robotics. Быў яшчэ штучны мусульманін па імені Мухамад («Muhammad»), які на сваім першым паказе паспеў патрапіць у скандал, бо выпадкова дакрануўся да попы рэпарцёркі выдання Al Arabia, чым выклікаў незадаволенасць у шматлікіх інтэрнэт-карыстальнікаў і нават абвінавачванні ў сэксуальных дамаганнях.

Чытайце таксама:

Першыя гуманоідныя робаты-працаўнікі з'явяцца на заводзе BMW

Хутка праграмісты стануць непатрэбныя, іх заменіць штучны інтэлект — кіраўнік NVIDIA

У Паўднёвай Карэі робат насмерць раздушыў чалавека. Выпадкова

label.reaction.like
1
label.reaction.facepalm
9
label.reaction.smile
12
label.reaction.omg
2
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
5