Алег Каўрыгін Олег Ковригин Oleg Kovrigin

Алег Каўрыгін. Скрын відэа dwbelarus / YouTube

У ліпені мінулага года медцэнтр пазбавілі ліцэнзіі. Яго сярод іншага абвінавачвалі ў тым, што для атрымання ліцэнзіі былі прадастаўлены падробленыя дакументы з недакладнымі звесткамі аб адказных асобах, якія не працавалі ў арганізацыі, у тым ліку дактары. У выніку за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць «Новы зрок» аштрафавалі на 500 базавых велічынь (20 тыс. рублёў), а стоадсоткавая канфіскацыя даходаў, атрыманых ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, складае 17 млн рублёў (паколькі тэрмін адміністрацыйнага спагнання абмежаваны трыма гадамі, разглядалі даход медцэнтра за 2022 год).

У інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» Каўрыгін адзначыў, што ліквідацыйная кампанія прыслалі афіцыйную заяву аб адмове прадстаўляць інтарэсы клінікі. На суд, які адбыўся 20 сакавіка, ніхто не зʼявіўся.

Як ацэньвае вынікі суда

Гаворачы пра вынікі суда, Каўрыгін адзначае: «Мэта людзей, якія гэта праводзяць, як мага ніжэй ацаніць актывы, канфіскаваць і прадаць потым сваім людзям. Калі цяпер (а я бачу, што ўжо бессэнсоўна працягваць нейкія судовыя пасяджэнні) мы нічога не зможам зрабіць, то клініку «Новы зрок» і ўсе яе актывы канфіскуе дзяржава. <…>

Так як ліквідатараў няма, матываванай часткі рашэння (на падставе чаго прынята гэта рашэнне) мы не можам атрымаць і, адпаведна, падаць у неабходныя тэрміны (10 дзён) нейкую скаргу. Адпаведна, рашэнне аўтаматычна ўступіць у сілу».

Але Каўрыгін не збіраецца здавацца і плануе звяртацца ў міжнародныя суды, напрыклад, у гаспадарчы суд у Гаазе.

«Калі не атрымаецца знайсці ўправу ў беларускіх судах, я пайду далей. Я хачу мець выйграныя суды. Тыя, якія прымусяць іх падпарадкавацца рашэнням міжнародных судоў і выканаць усе абавязацельствы».

Як Каўрыгіна затрымаў Інтэрпол

Уладальнік «Новага зроку» расказаў, што паспрабаваў 19 сакавіка трапіць у Беларусь, бо гэта быў «апошні шанц выратаваць актывы», але яго затрымаў Інтэрпол:

«Я не знаходзіўся на тэрыторыі, блізкай да Беларусі. На шляху на мяжу з Польшчай я быў затрыманы на падставе таго, што знаходжуся ў чырвоным лісце Інтэрпола. У ім сказана, што па артыкулы 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў у Беларусі) асабіста я, які ніколі не павінен плаціць падаткі ў Беларусі, бо там не жыву і не зʼяўляюся падатковым рэзідэнтам, павінен быць падвергнуты арышту і экстрадыцыі ў Беларусь».

Пазней ён называе гэта «прамой фальсіфікацыяй, здзейсненай дзяржаўным органам» і дадае: «яны цудоўна разумелі, што рабілі. Яны выконвалі ўказанне Камітэту дзяржаўнай бяспекі».

Каўрыгін сцвярджае, што не ведаў, што знаходзіцца ў спісе Інтэрпола.

«Улады Беларусі выдатна ведаюць, дзе я жыву. Я жыву ў Вільні і не мяняў свайго месца жыхарства. Гэта не першы пераслед. Як я раней казаў, ужо было тры крымінальныя справы з боку Беларусі, якія скончыліся закрыццём з-за адсутнасці складу злачынства ў той час, калі працавала сістэма правасуддзя, калі можна было прыйсці адвакату, задаць пытанні і атрымаць адказы.

Цяпер сістэмы правасуддзя ў Беларусі няма. Мне ніхто не паведаміў, што супраць мяне заведзена нейкая справа. Я быў абсалютна ў няведанні, што супраць мяне нейкія канкрэтныя справы існуюць. Толькі са словаў нейкіх сведкаў я чуў нейкія пагрозы, але дакументаў, якія б пацвярджалі, што на мяне заведзена крымінальная справа, я не бачыў».

Таму Каўрыгін вырашыў прыехаць у Беларусь.

Як атрымалася вызваліцца

Па словах мужчыны, гэта затрыманне зʼяўляецца нармальнай практыкай для Інтэрпола. Каўрыгін тлумачыць: «Ён не правярае даныя, якія яму даюць. І няма такой тэхнічнай магчымасці. Ён давярае кампетэнтным органам дзяржаў, з якімі працуе, і, атрымліваючы інфармацыю, аўтаматычна выконвае сваю работу.

Існуе пэўная працэдура. Калі правяраецца пашпарт чалавека і высвятляецца, што ён знаходзіцца на кантролі Інтэрпола і [маюцца] запыты Беларусі адносна гэтага чалавека, яго арыштоўваюць, праводзяць неабходныя працэдуры (адбіткі пальцаў, медычны агляд) і змяшчаюць у ізалятар часовага ўтрымання.

Даюць доступ адвакатам, калі яны ёсць (у дадзеным моманце быў адвакат). І даюць магчымасць правесці суд, які вызначыць, ці пакідаць чалавека пад вартаю, ці існуюць вялікія сумневы ў тым, што афіцыйны запыт зʼяўляецца легітымным.

Чалавека могуць пакінуць да двух месяцаў пад вартаю і даказваць сваю правату з-за кратаў ці, як у маім выпадку, гэта адбылося за адзін дзень. Суд, выслухаўшы мае аргументы, пабачыўшы адсутнасць нават нейкай мінімальнай праблемы, мяне адпусціў».

Каўрыгін распавядае, што цяпер вымушаны вырашаць пытанне аб зняцці з сябе санкцый Інтэрпола.

«Я складу пакет дакументаў, прадстаўлю іх у Інтэрпол, і мая палітычная справа — а гэта рэальна палітычная справа, бо тут ужо не ідзе размова ні пра якую эканоміку, яны хочуць заткнуць рот — будзе разгледжана

і на працягу пэўнага перыяду (а гэта займае дастаткова працяглы час, думаю, месяцы чатыры мінімум), мяне знімуць з картачкі Інтэрпола назаўсёды і не будуць прымаць адносна мяне запыты з Беларусі, таму што гэта незаконна».

«Добра, што гэта (затрыманне. — НН) адбылося за межамі Беларусі. Таму што я яшчэ раз хачу паведаміць, што цяпер я разумею, што са мной бы здарылася, каб я прыехаў у Беларусь. Гэта пазасудовая расправа», — дадае Алег Каўрыгін.

Чытайце таксама:

Стаў вядомы прысуд па справе медцэнтра «Новы зрок»

«Тыя людзі, якія прымаюць рашэнні, самі на сабе гэта адчуюць». Заснавальнік «Новага зроку» пракаментаваў пазбаўленне ліцэнзіі

Што ўяўляе сабой імперыя «Новы зрок» і ў якой схеме іх абвінаваціў ДФР

Клас
25
Панылы сорам
3
Ха-ха
9
Ого
5
Сумна
20
Абуральна
59