Пра распрацаваную сістэму ўзнагарод мы папрасілі распавесці спецыяліста ў гэтай галіне з пазыўным «Туман».

Нацыянальная сістэма ўзнагарод Беларусі

Нацыянальная сістэма ўзнагарод Беларусі

«Узнагароды заўсёды паўстаюць у пераломныя, лёсавызначальныя для народу і дзяржавы моманты гісторыі, калі з’яўляецца вялікая колькасць людзей, гатовых ахвяраваць уласным жыццём, здароўем і дабрабытам дзеля Бацькаўшчыны. Узнагароды паўстаюць тады, калі лідары нацыі бяруць адказнасць за лёс народу, калі неабходна з’яднаць грамадства для змагання супраць агульных ворагаў, — тлумачыць Туман. —

Сёння ўзнагароды нібыта ад імя беларускай дзяржавы ўручае Лукашэнка.

Але фактычна пад выглядам дзяржаўных узнагародаў Лукашэнка раздае адзнакі вернасці сабе асабіста».

Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага Крыжам Добрасуседства. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага Крыжам Добрасуседства. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Усе цяперашнія афіцыйныя ўзнагароды дзяржавы, выкананыя збольшага ў савецкім ідэйным духу, у савецкай эстэтыцы. Часам яны проста з’яўляюцца капіраваннем з узнагарод СССР.

Спробы ўвесці ў савецкі камплект узнагарод сапраўды беларускія ўзнагароды ў 1990-я гады скончыліся няўдала: напрыклад, ордэн Кастуся Каліноўскага ніколі не ўручаўся і быў скасаваны па волі Лукашэнкі.

«А ідэалагічна нейтральныя ўзнагароды, у тым ліку

медаль і ордэн Францыска Скарыны, за гады дыктатуры былі цалкам дыскрэдытаваныя, паколькі многія з тых, хто быў імі ўзнагароджаны, нічым не адзначыліся перад Беларуссю — а часам і наадварот з'яўляюцца адкрытымі ворагамі нашай краіны і нашага народу», —

адзначае суразмоўца.

Міністр замежных спраў Швецыі Тобіяс Більстрэм у парадным касцюме. Сярод узнагарод і беларускі Крыж Добрасуседства.

Міністр замежных спраў Швецыі Тобіяс Більстрэм у парадным касцюме. Сярод узнагарод і беларускі Крыж Добрасуседства.

Ён разважае, што новую сістэму ўзнагародаў разглядаюць як неабходны інструмент заахвочвання беларусаў у змаганні з дыктатурай у краіне і са знешнімі ворагамі Беларусі.

«Сёння ўжо існуе праект гэтай рэформы. Прапанаваная намі сістэма ўзнагародаў паволі запускаецца ў дзеянне. На дадзеным этапе яна мае характар грамадскай, але ў будучыні фактычна ў гатовым выглядзе зможа быць прынятая законнай дэмакратычнай уладай у Беларусі».

Медалі і крыжы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі

Медалі і крыжы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі

«Наша Ніва»: У чым сутнасць прапанаванай вамі сістэмы і як яна стваралася?

Туман: Працу над праектам аб’яднаная каманда распачала ў жніўні 2022 года. Сістэма ўключае напрацоўкі і шматгадовы досвед беларускіх геральдыстаў, фалерыстаў і гісторыкаў.

Створаны Геральдычнай радай праект нацыянальнай сістэмы ўзнагарод дае магчымасць адзначыць заслугі чалавека перад Беларуссю і беларускім грамадствам у найважнейшых сферах: як на вайне, так і ў цывільным жыцці, у тым ліку ў дзяржаўным будаўніцтве, у сферы навукі і культуры.

Медаль Сцяга з профілем архітэктара Клаўдзія Дуж-Душэўскага, аўтара бел-чырвона-белага сцяга. 

Медаль Сцяга з профілем архітэктара Клаўдзія Дуж-Душэўскага, аўтара бел-чырвона-белага сцяга. 

У праекце маюцца і спецыфічныя медалі, скіраваныя на беларускія рэаліі: напрыклад, медаль Няскораных імя Ларысы Геніюш для палітычных вязняў, медаль «Гонар і годнасць» — за значны ўнёсак у барацьбу за вызваленне Беларусі, і

нават адмысловы медаль для людзей, якія пацярпелі за абарону беларускага нацыянальнага бела-чырвона-белага сцягу.

Новая беларуская сістэма ўзнагарод складаецца з трох узроўняў ці ступеняў: ніжэйшы — медалі (іх 11), сярэдні — крыжы (шэсць) і найвышэйшы — ордэны (іх таксама шэсць).

Паводле прызначэння яны падзяляюцца на вайсковыя і цывільныя. Каб пазбегнуць неабмежаванай раздачы ўзнагарод, а таксама для матывацыі людзей, усе тры ступені завязаны ў адзін дакладна субардынаваны ланцужок: узнагароджаныя медалямі пры паўторных сваіх заслугах маюць права на намінацыю крыжамі, а далей — ордэнамі.

Партызанскі народны крыж Беларускай вызвольнай арміі

Партызанскі народны крыж Беларускай вызвольнай арміі

Напрыклад, вайсковец, узнагароджаны Медалём БНР за баявыя заслугі, ці Медалём за адвагу, ці Медалём партызана БНР у залежнасці ад патрабаванняў статутаў і абставінаў гераічнага ўчынку можа быць узнагароджаны крыжамі, напрыклад Крыжам Тадэвуша Касцюшкі, або Партызанскім народным крыжам, або Крыжам Эміліі Плятэр. Далей за гераічную вайсковую службу прадугледжаны Ордэн Усяслава Брачыславіча, Ордэн Кастуся Каліноўскага і, вядома, не толькі вайсковая, але і цывільная найвышэйшая ўзнагарода Беларусі — Ордэн Герояў.

Важна, што пад ордэнам у адпаведнасці з гістарычным вызначэннем, а не так, як прынята ў савецкай ці лукашэнкаўскай традыцыі, мы разумеем не проста знак, які вешаецца на грудзі, а арганізацыю — супольнасць заслужаных людзей Беларусі. Сябры гэтых супольнасцяў павінны актыўна дзейнічаць у грамадскім, палітычным і культурным жыцці дзяржавы і нацыі.

Можна сказаць, тытул кавалера ці дамы Ордэна — гэта не толькі пашана, але і пэўныя правы і абавязкі, апісаныя ў статутах. Прататыпам для нас былі рыцарскія і царкоўныя Ордэны, кшталту Мальтыйскага.

Ордэн мае быць не проста ўзнагародай, але інструментам для таго, каб аб’яднаць заслужаных людзей і накіраваць іхны патэнцыял на карысць Беларусі.

Кавалерскі (2-й ступені) і Камандорскі (1-й ступені) Крыж Ордэна Пагоні ад Рады БНР

Кавалерскі (2-й ступені) і Камандорскі (1-й ступені) Крыж Ордэна Пагоні ад Рады БНР

Камандорскі Крыж (1-й ступені) і Медаль (3-й ступені) Ордэна Пагоні ад Рады БНР

Камандорскі Крыж (1-й ступені) і Медаль (3-й ступені) Ордэна Пагоні ад Рады БНР

«НН»: Вядома, што кожнай краіне ўласціва свае стылёвае рашэнне ўзнагарод, нейкія нацыянальныя адметнасці, той жа дызайн, памеры і канструктыўныя моманты. Якая яна — беларуская ўзнагарода?

Туман: Адметнымі рысамі любой нацыянальнай сістэмы ўзнагарод з'яўляюцца форма калодак, суадносіны велічынь калодак і падвесак-медальёнаў, формы крыжоў і зорак, іх візуальныя нацыянальныя асаблівасці, канструкцыі, рэльефнасць, выкарыстанне эмаляў, каляровыя спалучэнні і падзелы стужак ды шмат іншага, зразумелага прафесіяналам-фалерыстам, вытворцам і калекцыянерам.

Мы распрацавалі ўласную беларускую нацыянальную сістэму, грунтуючыся на шматлікіх гістарычных — перадусім беларускіх — прыкладах, на агульнаеўрапейскім класічным падыходзе да ўзнагарод і адмовы ад расейска-савецкай спадчыны.

Гэта пэўны арсенал сродкаў для праектавання зорак, крыжоў, круглых і авальных медальёнаў, вертыкальных прамых альбо бантавых калодак, рознага прызначэння стужак, ланцужкоў ды іншага.

Новыя беларускія ўзнагароды распрацаваныя ў строгім еўрапейскім стылі, яны не перагружаны выяўленчымі элементамі, стракатымі эмалямі, складанымі пяцікутнымі формамі калодак і падзеламі стужак, а таксама іншымі дэталямі, характэрнымі для запазычаных з Расіі лукашэнкаўскіх узнагарод.

«НН»: Відавочна, што працэс стварэння самой сістэмы патрабаваў часу, але нельга было чакаць, пакуль «героя знойдзе ўзнагарода», таму адразу паўсталі вайсковыя медалі і крыжы, а потым з’явіліся цывільныя медалі. Як вы спалучалі тэорыю з неадкладнай практыкай?

Туман: Для нас неаспрэчнымі героямі з’яўляюцца нашы жаўнеры, якія цяпер змагаюцца за свабоду не толькі Украіны, але і Беларусі. З гэтай прычыны паўстала патрэба не чакаць лепшых часоў, а ўжо зараз аддзячыць беларускім вайскоўцам за смелыя і гераічныя ўчынкі.

Медаль за баявыя заслугі ад Рады БНР

Медаль за баявыя заслугі ад Рады БНР

Многія з іх мелі ўкраінскія баявыя ўзнагароды, але не мелі беларускіх. У сакавіку 2023 года Рада БНР уручыла ў Кіеве ваярам-каліноўцам першыя Медалі за баявыя заслугі, якія былі распрацаваныя Геральдычнай радай у супрацы з Радай БНР і

адлітыя з металу падбітых расейскіх танкаў.

Гэта была, верагодна, першая ў гісторыі (ці прынамсі першая з часоў Рэчы Паспалітай альбо Вялікага Княства Літоўскага) задакументаваная цырымонія ўзнагароджання беларускімі баявымі ўзнагародамі беларускіх ваяроў, якія пралілі кроў на справядлівай вайне супраць ворага.

І гэта, безумоўна, гістарычная падзея.

Крыж Ордэна Жалезнага рыцара БНР

Крыж Ордэна Жалезнага рыцара БНР

«НН»: Каму належаць паўнамоцтвы ўзнагароджання нацыянальнымі ўзнагародамі? Вы распрацоўваеце медалі асобна для Аб’яднанага пераходнага кабінета і для Рады БНР, ці няма пры гэтым пэўнага дублявання ўзнагарод? Абедзвюм структурам, відавочна, хочацца ўзнагароджваць прыкладна за адны і тыя ж заслугі.

Туман: Сістэма ўзнагарод Рады БНР амаль цалкам сфармавалася яшчэ ў 1950-я гады. Мы распрацавалі для Рады БНР толькі Медаль за баявыя заслугі, дапрацавалі дэталі дызайну Медаля Ордэна Пагоні, а таксама адаптавалі і выканалі эталонныя выявы раней створаных узнагарод БНР, напрыклад, знак Ордэна Жалезнага рыцара і Медаля партызана.

Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла прэзідэнтку Еўрапарламента Раберту Метсолу Крыжам Добрасуседства. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла прэзідэнтку Еўрапарламента Раберту Метсолу Крыжам Добрасуседства. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Узнагароды, якія ўручае Аб'яднаны пераходны кабінет, мы не разглядаем як уласна «узнагароды АПК». Гэта беларускія нацыянальныя ўзнагароды, якія Кабінет мае права ўручаць, абапіраючыся на легітымнасць Святланы Ціханоўскай як дэмакратычнага лідара Беларусі і абранага прэзідэнта Беларусі.

Мы зыходзім з таго, што гэтыя ўзнагароды будуць існаваць даўжэй за Аб’яднаны пераходны кабінет, і вернуцца ў Беларусь у якасці дзяржаўных.

Мы не бачым праблемы ў тым, калі АПК і Рада БНР будуць узнагароджваць адных і тых жа людзей (што ўжо мае месца) і, магчыма, за тыя ж самыя ўчынкі. Гэтыя органы дзейнічаюць незалежна адзін ад аднаго і не каардынуюць свае ўзнагароджанні. Магчыма, было б мэтазгодным, каб яны супрацоўнічалі ў гэтай справе, наколькі ім дазваляюць статутныя дакументы. У любым выпадку атрымаць узнагароду і ад Рады БНР, і ад АПК — гэта дадатковая пашана для сапраўды заслужаных людзей.

Медаль Беларускай вызвольнай арміі «За дапамогу беларускаму войску».

Медаль Беларускай вызвольнай арміі «За дапамогу беларускаму войску».

Ёсць яшчэ адзін суб’ект, які ў цяперашніх умовах будзе ўручаць некаторыя беларускія нацыянальныя ўзнагароды: камандаванне Беларускай вызвольнай арміі (БВА), якая цяпер інтэнсіўна фармуецца і пашыраецца як нацыянальны супраціў, пра гэта не заяўляючы.

Напрыклад, у межах нацыянальнай сістэмы ўзнагародаў намі распрацаваны і выраблены Медаль за дапамогу Беларускаму войску, якім будуць узнагароджвацца, напрыклад, валанцёры, якія дапамагаюць фармаванню БВА. Таксама ён будзе ўручацца за асабістую службу ў аддзелах БВА, партызанскую і падпольную дзейнасць.

Нагрудны знак «За ўдзел у баявых дзеяннях і абароне Украіны» для ваяроў палка Каліноўскага

Нагрудны знак «За ўдзел у баявых дзеяннях і абароне Украіны» для ваяроў палка Каліноўскага

«НН»: Рада БНР раней стварыла цэлы шэраг медалёў, пра ўзнагароджанне якімі амаль нічога невядома. Ці азіраліся на іх пры распрацоўцы новых медалёў?

Туман: Рада БНР вядзе адносна актыўную працу па ўзнагароджанні, пачынаючы з 2018 года, калі 180 чалавек атрымалі Медаль да стагоддзя БНР, і ўзнавіла яе нядаўна, пачаўшы ўручаць Медаль Ордэна Пагоні і Медаль БНР за баявыя заслугі.

Таксама ёсць узнагароджаны Ордэнам Жалезнага Рыцара грамадска-палітычны дзеяч, кнігавыдавец і выбітны ваяр Міраслаў Лазоўскі (пазыўны «Мыш»), адзін з камандзіраў палка Каліноўскага, на жаль — пасмяротна. Перад гэтым былі ўзнагароджанні ў 1950-я гады, але да 2018 года іх, хутчэй за ўсё, не было.

Безумоўна, мы ўлічвалі існыя ўзнагароды БНР пры распрацоўцы новых. Гэта таксама частка агульнай беларускай спадчыны, гэта праца нашых папярэднікаў, і вельмі важна забяспечыць гістарычную пераемнасць, каб у сістэме адлюстроўваўся багаты беларускі гістарычны вопыт.

Больш за тое, узнагароды БНР — напрыклад, Ордэн Пагоні — недвухсэнсоўна спасылаюцца на традыцыі дзяржаўных узнагародаў часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Гэтую старажытную спадчыну, якая яднае беларусаў з нашымі суседзямі і гістарычнымі хаўруснікамі (палякамі і літоўцамі), мы таксама ўлічваем у нашай працы. Напрыклад, Медаль за баявыя заслугі, распрацаваны для Рады БНР, у сваім дызайне адсылае да ранняй версіі медаля ордэна Virtuti Militari, заснаванага 22 чэрвеня 1792 года Станіславам Аўгустам Панятоўскім.

Вырабленыя Медалі за баявыя заслугі розных ступеняў чакаюць сваіх герояў

Вырабленыя Медалі за баявыя заслугі розных ступеняў чакаюць сваіх герояў

«НН»: Узнагароды АПК і Рады БНР — гэта дзве незалежныя сістэмы ці яны ўсё ж пераплецены паміж сабой?

Туман: Як мы ўжо адзначалі, сістэма ўзнагарод Рады БНР сфармавалася яшчэ ў 1950-я гады, а новая сістэма распрацавана цяпер.

Наша мэта ў тым, каб у будучай дэмакратычнай Беларусі ўзнагароды БНР арганічна ўвайшлі ў абноўленую нацыянальную сістэму ўзнагародаў.

Рада БНР, наколькі мы разумеем, таксама бачыць, што разам з перадачай свайго мандату ўладам дэмакратычнай Беларусі ў склад беларускай дзяржаўнай сістэмы ўзнагародаў будуць перададзены і ейныя ўзнагароды. Таму мы спрабавалі праектаваць новую сістэму такім чынам, каб гэтыя ўзнагароды там мелі месца і арганічна дапаўнялі і ўзбагачалі гэту сістэму.

«НН»: АПК і Рада БНР вылучаюць нейкія патрабаванні да ўзнагарод? Ці даводзілася перапрацоўваць дызайн і статуты пад іхныя пажаданні?

Туман: Мы вялі дастаткова шчыльную супрацу з Камісіяй па ўзнагароджаннях пры Радзе БНР пры выкананні дызайну Медаля за баявыя заслугі і дапрацаванага дызайну Медаля Ордэна Пагоні, які быў распрацаваны Радай БНР. У радных БНР назапасіўся пэўны вопыт у гэтай сферы, і супраца была вельмі прадуктыўнай.

Іншыя ўзнагароды мы распрацоўвалі самастойна, абапіраючыся на ўласны досвед, на створаную сістэму і не разглядалі ніякія палітычныя цэнтры ў якасці замоўцаў.

Медаль «За плённую працу на карысць Беларусі». На рэверсе надпіс «Пільнасцю і працай»

Медаль «За плённую працу на карысць Беларусі». На рэверсе надпіс «Пільнасцю і працай»

«НН»: Зразумела, што спецыфіка эміграцыі накладае свае адбіткі на распланаванасць працы, таму звычайны падыход, калі раней зацвярджаўся медаль, а пасля ім узнагароджвалі, часам не спрацоўвае. Не першы раз здараецца, што кагосьці ўзнагароджваюць, але статут так нідзе і не з’яўляецца. Ці не бачыце вы ў гэтым праблемы рэпрэзентацыі?

Туман: Шчыра кажучы, у гісторыі дастаткова прыкладаў, асабліва ў ваенны час, калі спачатку ствараюць і ўручаюць узнагароду, а потым дапрацоўваюць статутныя дакументы.

У мірны час, пры наяўнасці адпаведнай структуры так і павінна быць: кожная ўзнагарода мае статут і сфармуляваныя крытэрыі, па якіх яна ўручаецца.

Але вы маеце рацыю ў тым, што ёсць недахопы ў рэпрэзентацыі і камунікацыі — мы спадзяемся, што статуты ўзнагародаў, якія ўручае АПК, у хуткім часе будуць апублікаваныя па аналогіі з тым, як статуты ўзнагародаў Рады БНР апублікаваны на сайце Рады БНР.

Медаль імя Ларысы Геніюш. На рэверсе надпіс «Жыць для Беларусі»

Медаль імя Ларысы Геніюш. На рэверсе надпіс «Жыць для Беларусі»

«НН»: Чаму былі выбраныя асобы Ларысы Геніюш і братоў Луцкевічаў для ўзнагарод? Ці не было годных асоб з больш блізкай мінуўшчыны?

Туман: Ларыса Геніюш і браты Луцкевічы — гэта даволі блізкая мінуўшчына. Ларыса Геніюш — практычна нашая з вамі сучасніца. Мы спрабавалі адлюстраваць у сістэме ўзнагарод розныя лёсавызначальныя этапы гісторыі Беларусі: і Рэспубліку Беларусь, і Беларускую Народную Рэспубліку, і Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, і Полацкае княства.

Згодны, што постаці нашых сучасных герояў таксама вартыя ўвасаблення ў «наградны метал», магчыма, у ведамасныя ўзнагароды, памятныя настольныя медалі, нагрудныя знакі, спецыяльныя адзнакі на пагон вайскоўца, калі полк будзе насіць імя сучаснага героя, а, магчыма, будзе створана яшчэ адна дзяржаўная ўзнагарода. Час пакажа, а мы — гатовыя да працы.

Новы медаль Францыска Скарыны

Новы медаль Францыска Скарыны

«НН»: Медаль Францыска Скарыны ўжо існуе ў Беларусі, маецца таксама ордэн Францыска Скарыны. Чым сутнасна новы медаль адрозніваецца ад іх?

Туман: Медаль і ордэн Францыска Скарыны ў час прэзідэнцтва Лукашэнкі былі істотна дыскрэдытаваныя. У парушэнне статутных дакументаў імі былі ўзнагароджаныя людзі, якія адкрыта варожа ставяцца да Беларусі і беларускай культуры, а таксама нават некаторыя вульгарныя расейскія эстрадныя спевакі, што выглядае як абраза і здзек з Беларусі.

Таму Святлана Ціханоўская, карыстаючыся паўнамоцтвамі, якія ёй надаў беларускі народ, падпісала пастанову пра заснаванне новай узнагароды, якую будуць атрымоўваць сапраўды заслужаныя людзі.

Пры гэтым захоўваюць сваю сілу ўзнагароды, нададзеныя беларусам да лістапада 1996 года — часу ўзурпацыі Аляксандрам Лукашэнкам непадзеленай дзяржаўнай улады ў Беларусі.

Тыя, хто атрымаў медаль і ордэн Скарыны пасля лістапада 1996 года пасля верыфікацыі павінны будуць або страціць гэтыя ўзнагароды, або атрымаць узнагароды новага ўзору.

Увогуле, пазнейшы лёс узнагарод, уручаных дыктатарамі, вядомы па гістарычных прыкладах. Часовы ўрад Расіі скасаваў царскія ўзнагароды, тытулы і рангі ў 1917 годзе, у 1945 годзе былі скасаваны ўзнагароды нацысцкай Нямеччыны, ужо цяпер ад раней уручаных дыктатарам узнагарод адмовіліся беларусы, якія змагаюцца за свабоду Бацькаўшчыны.

Паводле гістарычных прыкладаў таксама вядома, што дыктатарскія медалі не будуць насіць ад страху і агіды, на гэты раз здрадзіўшы ўжо свайму куміру.

Вырабленыя медалі «Гонар і годнасць»

Вырабленыя медалі «Гонар і годнасць»

«НН»: Што да асобы самога Скарыны. Апошнія даследаванні навукоўцаў паказваюць, што першадрукар не меў вусоў, як лічылася раней, але на медалі ён выяўлены намаляваны з імі. Чаму?

Туман: Узор медаля Францыска Скарыны такі, бо ён абапіраецца на дызайн старога медаля.

Таксама хацелі б адказаць крытыкам сіняга і жоўтага колераў стужкі медаля Скарыны: такія колеры меў герб Францыска Скарыны, размешчаны на рэверсе.

«НН»: Якія яшчэ ўзнагароды застаюцца ў планах? Можа, ад якіх-небудзь ужо давялося адмовіцца?

Туман: Праект сістэмы ўзнагарод на дадзены момант цалкам сфармаваны, распрацаваны іхны дызайн. Зараз ідзе праца над статутамі. Большасць медалёў ужо вырабленыя фізічна, па некаторых праца працягваецца. Адмаўляцца ад узнагародаў нам не даводзілася.

Мы адкрытыя да абгрунтаванай і канструктыўнай крытыкі, але пакуль нашу працу больш зацанілі нашы апаненты ў Беларусі і яўныя ворагі за межамі Айчыны. Гэта паказвае, што мы на правільным шляху.

Крыж Адраджэння Беларусі ад Аб'яднанага пераходнага кабінета. На аверсе профілі братоў Івана і Антона Луцкевічаў, на рэверсе надпіс «Няхай жыве незалежная вольная Беларусь»

Крыж Адраджэння Беларусі ад Аб'яднанага пераходнага кабінета. На аверсе профілі братоў Івана і Антона Луцкевічаў, на рэверсе надпіс «Няхай жыве незалежная вольная Беларусь»

«НН»: Якія з узнагарод ужо выраблены і ўручаюцца?

Туман: Фактычна ўручаюцца ўзнагароды Рады БНР, у тым ліку Медаль БНР за баявыя заслугі, медаль «Гонар і годнасць», Крыж добрасуседства, Медаль Францыска Скарыны новага ўзору. Спадзяемся, што ў хуткім часе АПК пачне ўзнагароджваць ганаровых беларусаў Крыжам Адраджэння Беларусі, Медалём імя Ларысы Геніюш і Медалём за плённую працу на карысць Беларусі, а камандаванне БВА пачне ўручаць Медаль за дапамогу Беларускаму войску.

Чытайце таксама:

Як магла б выглядаць форма і сімволіка беларускіх вайскоўцаў

У альтэрнатыўным беларускім пашпарце хочуць пакінуць класічны правапіс, а ад Шагала адмовіліся

Ад захаплення дызайнам да абурэння правапісам — у сеціве спрачаюцца пра альтэрнатыўны нацыянальны пашпарт

Клас
47
Панылы сорам
5
Ха-ха
5
Ого
5
Сумна
4
Абуральна
8

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?