Як піша The Financial Times, Брусель доўгі час супраціўляўся ціску з боку Польшчы і краін Балтыі, якія патрабуюць абмежаваць расійскі і беларускі імпарт. Кіраўніцтва ЕС сцвярджала, што такі крок можа парушыць функцыянаванне сусветных харчовых рынкаў і нанесці шкоду краінам, якія развіваюцца.

Выданне адзначае, што імпарт з Расіі ў ЕС згаданых прадуктаў — збожжавых, насення алейных культур і іх вытворных — дасягнуў рэкорднай адзнакі 4 мільёны тон у 2023 годзе, што складае 1% ад агульнага спажывання Еўрасаюза.

Камісар ЕС па сельскай гаспадарцы Януш Вайцяхоўскі, які раней называў расійскі экспарт збожжа ў Польшчу «нязначным», змяніў сваю пазіцыю падчас візіту на мінулым тыдні ў родную Польшчу. «Калі Расія выкарыстоўвае харчаванне ў якасці зброі, мы павінны рэагаваць», — цытуе выданне словы еўракамісара.

Раней прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што Польшча можа пайсці ўслед за Латвіяй і ўвесці ўласную забарону на экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі з Расіі і Беларусі. Аднак Туск падкрэсліў, што аддае перавагу таму, каб было прынята агульнае рашэнне ЕС.

Як мяркуюць аналітыкі, ЕС хутчэй за ўсё ўвядзе гандлёвыя пошліны, а не санкцыі, паколькі гэта не запатрабуе аднагалоснай ухвалы еўрапейскіх сталіц, як у выпадку з санкцыямі. Гэтая мера дазволіць прадукцыі праходзіць праз ЕС па дарозе ў Афрыку і Азію.

Паводле словаў знаёмых з планамі людзей, чакаецца, што ў бліжэйшыя дні Еўрапейская камісія ўвядзе пошліну ў памеры 95 еўра за тону на збожжа з Расіі і Беларусі. Па словах суразмоўцаў, гэта прывядзе да росту коштаў як мінімум на 50% і знішчыць попыт. Пошліны ў памеры 50% таксама будуць уведзены на насенне алейных культур і прадукты іх перапрацоўкі.

Афіцыйны прадстаўнік ЕС адзначыў, што цэны на збожжа знаходзяцца на чатырохгадовых мінімумах, а Расія «вельмі канкурэнтаздольная на рынках збожжа і аказвае значны ціск». Паводле слоў субяседніка, пошліна будзе ўстаноўлена на ўзроўні, максімальна дапушчальным па правілах Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Расія можа прыняць меры ў адказ, але яна ўжо забараніла імпарт большасці прадуктаў харчавання з ЕС, а многія еўрапейскія кампаніі, якія працуюць у гэтым сектары, у апошнія гады сышлі з краіны.

Паказчыкі экспарту беларускай сельгаспрадукцыі ў ЕС не такія вялікія, каб гаварыць аб істотным уплыве плануемых пошлін на эканоміку краіны.

Як адзначае «Белсат», у 2023 годзе Беларусь экспартавала ў Польшчу збожжа на 201 тысячу еўра (у асноўным грэчку), што на палову больш, чым у 2022 годзе. У натуральным выражэнні экспарт збожжа ў 2023-м у параўнанні з 2022 павялічыўся ў 2,6 раза (с 181,4 да 480,9 тон). Аднак гэта нашмат менш за паказчык 2021 года — тады было 2497,5 тон.

Па інфармацыі ўкраінскай «Эканамічнай праўды», летась Польшча заплаціла Беларусі за набытую сельгаспрадукцыю агулам $55 мільёнаў. Для параўнання, Украіна атрымала ў 24 разы больш — $1,3 мільярда.

Аднак немалаважным зʼяўляецца той факт, што сярод імпарту з Беларусі быў рапсавы шрот (рэшткі перапрацоўкі рапсу, якія ідуць на корм хатняй жывёле), імпарт якога з Украіны Польшча пад ціскам пратэстоўцаў забараніла з верасня 2023 году. Больш за тое, пасля ўвядзення эмбарга абʼёмы павялічыліся: у кастрычніку-снежні палякі закупілі ў Беларусі рапсавага шроту на $7,7 мільёна.

Чытайце яшчэ:

Літва пастрожыла кантроль за збожжам з Беларусі і Расіі

Польшча можа ўвесці эмбарга на сельскагаспадарчую прадукцыю з Беларусі і Расіі

Чаго хочуць еўрапейскія фермеры?

Латвія забараніла ўвоз сельгаспрадукцыі з Беларусі і Расіі

Клас
9
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?