Джэнсен Хуанг дэманструе навінку. Фота: Eric Risberg / AP

Джэнсен Хуанг дэманструе навінку. Фота: Eric Risberg / AP

Кампанія Nvidia прэзентавала новае пакаленне мікрачыпаў Blackwell, прызначаных у першую чаргу для распрацовак у сферы штучнага інтэлекту. Вытворца называе яго самым магутным чыпам у свеце, піша Бі-бі-сі.

«Нам патрэбныя больш магутныя графічныя працэсары. Таму я хачу прадставіць вам вельмі, вельмі магутны GPU», — сказаў генеральны дырэктар кампаніі Джэнсен Хуанг на канферэнцыі распрацоўшчыкаў у Каліфорніі, паказваючы новы чып.

У Nvidia адзначаюць, што платформа Blackwell, якая ўключае спадарожны софт, прызначана для звышхуткіх вылічэнняў, якія дапамогуць ажыццявіць прарывы ў апрацоўцы вялікіх аб'ёмаў дадзеных, інжынерным мадэляванні, аўтаматызацыі праектавання электронікі, распрацоўцы лекаў, квантавых вылічэннях і генератыўных ШІ.

Магутныя чыпы для графікі і праграмнае забеспячэнне Nvidia з'яўляюцца неад'емным кампанентам у распрацоўках мадэляў генератыўнага штучнага інтэлекту, які стварае новы кантэнт і ідэі.

Кампанія заявіла, што яе асноўныя кліенты, уключаючы Amazon, Google, Microsoft, Meta, Tesla і OpenAI, будуць выкарыстоўваць новы чып у сэрвісах хмарных вылічэнняў і для сваіх уласных распрацовак у сферы штучнага інтэлекту.

Nvidia, заснаваная ў Крамянёвай даліне ў 1993 годзе, першапачаткова была вядомая як вытворца мікрачыпаў для апрацоўкі графікі, перш за ўсё ў камп'ютарных гульнях, чым працягвае паспяхова займацца да гэтага часу.

Аднак Хуанг зрабіў стаўку на штучны інтэлект, інвеставаўшы ў дадатковыя функцыі для працэсараў Nvidia задоўга да таго, як гэтая тэхналогія стала шырока папулярнай.

За апошні год кошт акцый кампаніі ўзляцеў на 240%, а яе рынкавая капіталізацыя ў гэтым годзе перавысіла 2 трлн даляраў, што зрабіла яе трэцяй па кошце кампаніяй у ЗША пасля Microsoft і Apple.

Чытайце таксама:

Хутка праграмісты стануць непатрэбныя, іх заменіць штучны інтэлект — кіраўнік NVIDIA

Парламент ЕС прыняў першы закон аб штучным інтэлекце

Маск: Першы пацыент з імплантам Neuralink здольны кіраваць камп'ютарнай мышкай з дапамогай думак

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0