Анжаліка Калатазішвілі. Фота: сацыяльныя сеткі
«Змагаюся за жыццё, пакуль няма чым пахваліцца. Папала на гемадыяліз. 10 дзён комы. Не ведаю, ці ачуняю. Перажываю за сваіх катоў і сабак», — напісала Анжаліка Калатазішвілі за месяц да смерці.
А потым перастала апавядаць пра сябе ў сацыяльных сетках, а сёння стала вядома, што яна памерла 23 лютага. Ёй было 53 гады.
Анжаліка Калатазішвілі са Слаўгарада. З 27 гадоў працоўнага стажу трынаццаць яна адрабіла ў мясцінах, забруджаных з-за Чарнобыльскай катастрофы радыяцыяй. Гэта адбілася на здароўі. Праявіліся праблемы з шчытавіцай, пачалі разбурацца косткі.
Анжаліка казала, што ў 2011 годзе лекары дыягнаставалі ў яе рак: саркому маткі, якую выдалілі разам з яечнікамі.
Пасля аперацыі гісталагічны аналіз паказаў, што анкалогіі ў пацыенткі не было. Дадатковае абследаванне пацвердзіла захворванне шчытападобнай залозы, з-за якога ў касцях не трымаўся кальцый.
Анжаліка дамагалася пакарання вінаватых. Пісала ў пракуратуру і ў Адміністрацыю Лукашэнкі. Адусюль прыходзілі адпіскі.
Жанчына спадзявалася, што яе змаганне зменіць падыходы ў дыягнаставанні хваробаў і людзям не давядзецца прайсці тое, што яна.
У 2013 годзе пасля чатырох аперацый Анжаліцы далі інваліднасць першай групы. Выдалі вазок. За тры гады лячэння ў яе атрафіраваліся цягліцы. Але жанчына здолела паставіць сябе на ногі. Самастойна выходзіла на вуліцу, праўда, трымаючыся за вазок.
Па яе словах, калі з'явілася без яго на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію, то чыноўнікаў гэта шакавала. Яны не спадзяваліся, што жанчына наогул выжыве.
Анжаліка Калатазішвілі ля магілёўскай турмы галадае, каб далі спатканне са зняволеным мужам. Фота: svaboda.org
У 2014 годзе Анжаліка выйшла замуж за грамадзяніна Грузіі Кахабера Калатазішвілі, з якім пазнаёмілася ў сацыяльнай сетцы. У 2018-м яго затрымалі па абвінавачанні ў распаўсюдзе наркатычных рэчываў.
Калі ён быў пад следствам, Анжаліцы не давалі спаткання з ім. Тады яна абвясціла галадоўку. Трывала яе пад магілёўскай турмой. Гэта падзейнічала.
Кахабера Калатазішвілі асудзілі на два гады і дэпартавалі на радзіму. Анжаліка дамагалася, каб яму дазволілі вярнуцца, але марна. Пазней яна даведалася, што ён жыве з іншай жанчынай.
Анжаліка лічыла, што мужа зняволілі з-за яе ўпартасці ў абароне сваіх правоў.
Яна сама трапіла пад пераслед за падпіскі на «экстрэмісцкія каналы».
Апошнія гады Анжаліка прысвяціла клопату аб бадзяжных жывёлах. У яе дома пастаянна перабывалі каты і сабакі. Некаторых яна сабе знаходзіла на вуліцах, а іншых падкідвалі.
Сваю невялікую пенсію жанчына траціла на гадаванцаў. Звярталася да людзей аб дапамозе ў набыванні корму для іх.
Яшчэ яна шыла лялек.
Пахавалі Анжаліку Калатазішвілі ў яе родным Слаўгарадзе, вуліцамі якога яна любіла прагульвацца. Часта прыходзіла на мясцовае замчышча, каб паглядзець на Сож і яго наваколле.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»Глядзіце таксама:
«Боль ніколі не знікае». Кацярына Ваданосава — пра жыццё пасля раку і змены, якія цяжка прыняць
Мігрантка з Эфіопіі цяжарнай ляцела ў Еўрасаюз, а нарадзіла ў Магілёве
93-гадовы ветэран: Які парад, навошта?! Хіба Лукашэнку карціць паказацца ў маршальскім мундзіры