З нядаўніх часоў старонка ўраджэнца літоўскага Панявежыса ў фэйсбуку зноў ажыла: абнавілася аватарка, сталі зʼяўляцца запісы на сцяне. Няўжо Скіндэрыс выйшаў на волю?

Затрыманне літоўца па крымінальнай справе адбылося ў лютым 2022-га. Тады крыніцы «Трыбуны» паведамлялі, што ў сітуацыі замяшаныя наркотыкі. Як пазней удалося высветліць, Скіндэрыс збіраўся арганізаваць пастаўку наркатычных рэчываў у Беларусь, але яго хутка накрылі, так і не даўшы разгарнуцца.

У першай палове 2022-га над былым футбалістам прахадзіў суд, дзе ўсё магло скончыцца 12 гадамі пазбаўлення волі (мяркуючы па тэрміне, абвінавачвалі Скіндэрыса па ч. 3 артыкула 328-1 КК «Незаконнае перамяшчэнне праз мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза і (або) Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў»).

У выніку далі сем гадоў калоніі. На волі ў яго засталіся жонка і дачка.

Доўгі час пра Скіндэрыса нічога не было чуваць. Натуральна, маўчалі і яго сацсеткі. Апошні пост быў датаваны 22 снежня 2021 года — фатаграфія з навагодняга ранішніка дачкі. Далей — запісы іншых карыстальнікаў, віншаванні з днём нараджэння.

Аднак 3 лютага 2024 года старонка ў фэйсбуку нечакана ажыла: карыстальнік змяніў фота профіля. Праз тыдзень здымак зноў памяняўся. А далей на сцяне сталі зʼяўляцца новыя запісы: відэа таго, як дачка купаецца ў басейне, фатаграфія дачкі ў кавярні, карцінкі з філасофскімі фразамі («Сысці своечасова — гэта такая ж прыкмета добрага тону, як не спазніцца да пачатку», «Ніколі не перабольшвайце глупства ворагаў і вернасць сяброў»).

У канцы мінулага тыдня зʼявілася фатаграфія, дзе Скіндэрыс хваліцца тым, што скінуў 25 кг. Пры гэтым для нагляднасці выстаўленыя дзве фатаграфіі. Мяркуючы па ўсім, ранейшая і актуальная. На апошняй ён стаіць побач з карцінай і выглядае сапраўды добра схуднелым.

Па такой актыўнасці можна было падумаць, што экс-футбаліст ужо вызваліўся. «Трыбуна» паспрабавала з ім звязацца ў сацсетцы, аднак той не прачытаў паведамленняў. У выніку праз свае крыніцы журналістам удалося даведацца, што хоць літовец і стаў бліжэй да свабоды, але па-ранейшаму знаходзіцца ў зняволенні.

У 2023-м Скіндэрыс здолеў дамагчыся пераводу ў адну з папраўчых устаноў Літвы. Цяпер экс-брамнік працягвае адбываць пакаранне ў Правенішскай калоніі. Гэта папраўчая калонія адкрытага тыпу (калонія-паселішча) недалёка ад Коўна. Створаная яна была яшчэ да Першай сусветнай вайны, насіла статус папраўча-працоўнага лагера, там адбывалі пакаранне асуджаныя па адміністрацыйных артыкулах. Зняволеныя здабывалі торф на торфараспрацоўках, што належалі Ковенскай турме.

У гады акупацыі Літвы нацысцкай Германіяй дзейнічаў Правенішскі канцэнтрацыйны лагер, дзе ў пачатку 1941 года знаходзілася больш за 600 чалавек. Пасля вызвалення Літвы ў 1944-м лагер увайшоў у сістэму ГУЛАГ, была створаная Правенішская калонія на 1000 чалавек. З часам побач са станцыяй Правенішкі зʼявіліся калоніі № 1, № 2, № 3, а ў лютым 2011-га ўстановы былі абʼяднаныя ў адну калонію.

І вось туды ў 2023-м перавялі Скіндэрыса. Як гавораць крыніцы «Трыбуны», гэта стала магчымым дзякуючы таму, што былы спартсмен заставаўся грамадзянінам Літвы, хоць і меў дазвол на жыхарства ў Беларусі.

Як патлумачылі «Трыбуне» ў юрыдычнай службе праваабарончага цэнтра «Вясна», такая працэдура называецца экстрадыцыяй. Яе прававая падстава — міжнародныя дамовы паміж краінамі. У адкрытым доступе гэтых пагадненняў няма, але вядома, што паміж Літвой і Беларуссю такое пагадненне дзейнічае.

Для перадачы зняволенага краіна, куды плануецца перавод, робіць запыт ці праз МЗС, ці праз праваахоўныя структуры ў дзяржаву, дзе адбывае пакаранне чалавек. Але да пачатку працэдуры сам зняволены мусіць падаць хадайніцтва ў адпаведныя органы (у гэтым выпадку Літвы) з просьбай пачаць працэдуру экстрадыцыі.

Што да ўмоваў утрымання Скіндэрыса ў Правенішскай калоніі, то, паводле слоў крыніц «Трыбуны», яны істотна адрозніваюцца ад тых, што былі ў Беларусі. Літовец вельмі задаволены новым рэжымам адбыцця пакарання. Там зняволеным дазволеныя не толькі зносіны са сваякамі па відэасувязі, але і доступ да сацсетак. Уласна, гэтым і тлумачацца абнаўленні ў фэйсбуку Скіндэрыса.

Наколькі вядома, былы футбаліст зусім хутка можа выйсці на волю. Ці адбудзецца гэта, вырашыцца на пасяджэнні камісіі па ўмоўна-датэрміновым вызваленні, якое павінна адбыцца праз дзевяць месяцаў. Пры ідэальным раскладзе ўжо сёлета Скіндэрыс можа апынуцца дома.

Пры гэтым, паводле звестак «Трыбуны», нават у выпадку вызвалення і зняцця ўсіх абмежаванняў па перамяшчэнні вяртацца ў Беларусі экс-брамнік не мае намеру, хоць ягоныя жонка і дачка па-ранейшаму застаюцца ў Мінску.

Пры гэтым у пачатку 2021 года, расхвальваючы рэжым Лукашэнкі, Скіндэрыс бадзёра крытыкаваў стан спраў у Літве. Яму падабалася, як у Беларусі змагаліся з каранавірусам і дапамагалі тым, хто ім захварэў (нібыта на яго радзіме ўсё было зусім не так). Наогул, у Мінску ён нібыта адчуваў сябе лепш і больш бяспечна, чым у Літве, і гэта нягледзячы на рэпрэсіі. Асобна ад яго дасталося экс-прэзідэнтцы Літвы Далі Грыбаўскайце — вельмі падобна, што праз яе пол: «А калі пачала жанчына кіраваць у кірунку ўсіх гэтых меншасцяў, пачалася катастрофа. Угробяць Літву. Ды і паглядзіце, якія там цэны, што там робіцца».

Магчыма, знаёмства з месцамі пазбаўлення волі ў Беларусі прымусіла Скіндэрыса па-новаму зірнуць на Радзіму.

Чытайце таксама:

«Можна сказаць, адскочыў». Былому літоўскаму футбалісту, які хваліў Лукашэнку і казаў, што ў беларусаў «калгасны менталітэт», далі 7 гадоў турмы

Футбаліст-літовец, які лічыць менталітэт беларусаў калгасным і фанацее ад Лукашэнкі, можа сесці ў турму. Не за палітыку, а за наркотыкі

Кіраўнік «Трыбуны» пра «пакаянні» футбалістаў: Адна рэч, калі супраць цябе крыміналка, іншая — калі ты запісваешся, каб зарабіць на міску пахлёбкі

Клас
2
Панылы сорам
3
Ха-ха
36
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
5