З 2400 зьняволеных — 107 палітычныя

Папраўчая калёнія № 2 разьмяшчаецца на ўскраіне Бабруйску. Пабудавалі яе 59 гадоў таму. З усіх папраўчых установаў Беларусі яна самая вялікая, там трымаюць каля 2400 зьняволеных. Гэта так званыя «першаходкі», людзі, асуджаныя па эканамічных артыкулах, шмат — па наркатычных. І 107 палітзьняволеных — «жаўтабірачнікаў».

У Бабруйскай ПК-2 раней сядзелі палітвязьні Андрэй Пратасеня, Сяргей Казакоў, Андрэй Кім, Эдуард Лобаў (за падзеі Плошчы 2010 году), праваабаронца Андрэй Бандарэнка, «чалавек-майка» Юры Рубцоў.

У 2012—2014 гадах у Бабруйскай калёніі адбываў пакараньне цяперашні Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі.

Апрача людзей, у калёніі «сядзяць» выявы баброў — сымбаль Бабруйску. Алесь Бяляцкі некалі налічыў тры фігуркі гэтых жывёл: адна ў карантыне ў турэмнай кепцы, другая каля штабу, трэцяя «сядзіць» на газоне ў прамысловай зоне.

Па ўсёй тэрыторыі разьвешаныя шыльды: «За кармленьне птушак — 10 сутак ШЫЗА».

Цяпер зь вядомых палітвязьняў у Бабруйску трымаюць кіраўніка незалежнага прафсаюзу Генадзя Фядыніча, блогераў Андрэя Казлова («Шэры кот») і Паўла Сьпірына, хірурга Андрэя Любецкага, журналіста Паўла Мажэйку, сына Віктара Бабарыкі, кіраўніка ягонага выбарчага штабу Эдуарда Бабарыку.

Будаўніцтва Бабруйску

У 1960-я менавіта зьняволеныя ўзводзілі Бабруйскі шынны камбінат, які быў абвешчаны Ўсесаюзнай камсамольскай будоўляй. Дарог з калёніі ў горад тады не было, штораніцы калёны па 200 чалавек выходзілі пешшу з брамы пад наглядам канвою і службовых сабак, а ўвечары вярталіся назад у зону. Хтосьці ехаў будаваць шынны камбінат па камсамольскай пуцёўцы, ну, а хтосьці — па пракурорскай.

«Першую масавую шыну выпусьцілі за калючым дротам. Прывезьлі ў калёнію станкі, навучылі зьняволеных — і наперад. Дэталі выпускалі на шынным, а зьбіралі шыны за кратамі аж да канца 1972 году. Зьняволеныя працавалі добра, шмат каму гэта нават дапамагло датэрмінова выйсьці на волю», — узгадваў першы гендырэктар «Белшыны» Анатоль Худзякоў.

Будавалі бабруйскія зьняволеныя і «Беларусьгуматэхніку», завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, «Бабруйскаграмаш», скуркамбінат, ЦЭЦ-2, палац культуры «Шыньнік», так званыя «чырвоныя інтэрнаты» на вуліцы 50 гадоў ВЛКСМ, 14-павярховыя дамы-піраміды на вуліцы Ўльянаўскай, некалькі дзевяціпавярховікаў.

«Чырвоная» зона

У бабруйскай «двойцы» — 25 атрадаў. Усе атрады і сэктары пад нумарамі, але некаторыя маюць яшчэ і мянушкі.

«Ёсьць «Тытанік», ёсьць «драконка». Так завецца сэктар каля сталовай. Але гэта не таму, што там жывуць цмокі, а таму, што іх найчасьцей «драконяць» (правяраюць)», — тлумачыць былы палітвязень Іван такую дзіўную назву.

Паводле суразмоўцы, калёнія ў Бабруйску — тыповая паказальная папраўчая ўстанова, куды часта едуць праверкі з МУС.

«Гэта так званая «чырвоная» калёнія, у якой парадкі выключна міліцэйскія, а крымінальнікі тут ня маюць ніякага ўплыву. Ёсьць у калёніі акцыі, паказальныя для сваякоў, кшталту «Дня адчыненых дзьвярэй». Вядома, гэта паказуха, але зьняволеным усё ж падабаецца, што да іх нехта прыяжджае. Гасьцям паказваюць памяшканьні, якія загадзя адрамантавалі. Маўляў, грошы на рамонт, што зьбіралі з бацькоў «наркаманаў» і ад «эканамічных», не раскрадзеныя. Праўда, у абодвух атрадах, дзе я сядзеў, у прыбіральнях нармальных унітазаў так і не паставілі, працягваюць карыстацца старымі дзіркамі ў падлозе. А на час наведваньня вязьняў пераводзяць у клюб, каб не траплялі на вочы наведнікам, бо мала што», — кажа Іван.

Палітычных у зоне — больш за 100 чалавек. Як і ў іншых калёніях, іх вельмі часта зьмяшчаюць у ШЫЗА, ПКТ, пазбаўляюць спатканьняў са сваякамі, тэлефанаваньняў і перадач.

Скрыні для зброі, гумовыя дручкі

На тэрыторыі калёніі асуджаныя працуюць на дрэваапрацоўцы, «гуме», швейнай вытворчасьці. Вырабляюць скрыні для выбуховых прыстасаваньняў, рацый і прыбораў начнога бачаньня, а таксама мэблю для Міністэрства ўнутраных спраў і беларускіх санаторыяў.

Але ў асноўным зьбіваюць паддоны. У кнізе «Свабода ў турмах» чытаем успаміны былога вязьня:

«Умоваў для працы там не было ніякіх. Стаялі дзьве піларамы 1818 году (сьмяецца). Гэта быў не варштат, а жах. Пяць чалавек было на бярвёнах. Яны скочвалі, падавалі. Трое чалавек абслугоўвалі той стары варштат. Укладаньняў ніякіх, а аддачы ад нашай працы — па тры-чатыры фуры ад’яжджалі, нагружаныя паддонамі. Заробак асуджанага за месяц — на паўблёка цыгарэт. Для таго каб зарабіць на тыя самыя цыгарэты, людзі падпрацоўвалі. Выконвалі працу за кагосьці яшчэ. Замест пятнаццаці паддонаў рабілі трыццаць. Гэта дазвалялася. Як яшчэ можна было зарабіць?»

Таксама шыюць у калёніі і спэцвопратку (целагрэйкі, рукавіцы), бронекамізэлькі, пагоны, шаўроны, вымпелы, нашыўкі для сілавых структур. Дарэчы, менавіта на шыцьці рукавіц працаваў некалі будучы нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі.

«У асноўным выварочваем і пакуем працоўныя рукавіцы, але часам і працоўныя робы, халаты, бэрэты і нават міліцэйскія пагоны. Праца фізычна няцяжкая, але «нятворчая»…» — пісаў Алесь пра ўмовы ў калёніі.

Ёсьць яшчэ праца на так званай «гуме». Раней выраблялі гумовыя пласьціны для Ўкраіны, дручкі для супрацоўнікаў калёніі. Як расказвалі вязьні, усярэдзіну дручкоў заганялі эбанітавы стрыжань.

З шыннага камбінату ў калёнію прывозяць старыя пакрышкі, бракаваныя шыны, зь якіх трэба выдзіраць «корд» (мэталічны дрот), каб гуму пусьціць у перапрацоўку.

Па словах былога вязьня Алега Кулешы, які адбываў пакараньне ў 2022 годзе, людзі працуюць у памяшканьні, у якім каля 200 чалавек, у паветры ўвесь час вісіць чорны пыл. За невыкананьне пляну адміністрацыя карае зьняволеных.

«Прыяжджае МАЗ і прывозіць 20 тон шын, вязьні павінны здаваць па адным кіляграме чыстай сырой гумы за зьмену. Але да «палітычных» — асаблівыя патрабаваньні: каб не апынуцца ў штрафным ізалятары, трэба здаць на 300 грамаў больш. Праўда, у ШЫЗА адпраўляюць і тых, хто выканаў плян. Да працы «на гуме» прыцягваюць і тых зьняволеных, у якіх ёсьць праблемы са здароўем. Калі ў чалавека шунт у сэрцы, ці рак, ці хвароба нырак, яго ўсё адно накіроўваюць на гуму выдзіраць дрот з шын», — кажа яшчэ адзін былы вязень.

«Каго адправіць на працу, залежыць ад начальніцы санчасткі Дар’і Ласкаўневай. Хворых палітвязьняў яна з задавальненьнем адпраўляе на працу», — распавядае Алег Кулеша.

Ёсьць у калёніі і мастацкая майстэрня — звычайна з зоны выбіралі па 10—15 чалавек, якія займаліся разьбой па дрэве, малявалі карціны.

«Зека сбежала! Зека сбежала!»

Вядома пра некалькі спробаў уцёкаў з Бабруйскай ПК-2. Вэтэран крымінальна-папраўчай сыстэмы Іван Міцуля, які служыў там з дня заснаваньня калёніі, узгадвае два выпадкі ўцёкаў. Пра іх ён расказваў бабруйскаму «Коммерческому курьеру» ў 2015 годзе, калі адзначалі 50-гадовы юбілей ПК.

Адна спроба была яшчэ пры будаўніцтве шыннага камбінату ў канцы 1960-х, калі зьняволеных з калёніі вадзілі на будоўлю. Ахоўнік, прызваны на службу зь Сярэдняй Азіі, гаварыць па-расейску толкам не ўмеў. Як заведзены, паўтараў: «Зека сбежала! Зека сбежала!» Высьветлілася, што адзін са зьняволеных адцягнуў увагу аховы, а другі скарыстаўся гэтым і ўцёк у лес. Агароджы ж не было, тэрыторыя шыннага нават тады была вялізная.

Па трывозе тут жа паднялі ўсе службы, узмацнілі ўсе міліцэйскія пасты. Каля вёскі Сычкова міліцыянты ўбачылі дзіўнага чалавека, які галасуе на дарозе. Спыніліся. Той папрасіў «падкінуць» да Менску. Яго затрымалі.

У 2006 годзе з ПК-2 уцёк асуджаны на вялікі тэрмін за забойства жыхар Менску. Той жа вэтэран Іван Міцуля кажа, што ўцёкі нагадвалі фільм «Джэнтэльмэны ўдачы».

«Толькі замест смуроднай субстанцыі наш уцякач выкарыстоўваў адкіды вытворчасьці драўніны. На волі ён гуляў нядоўга. Разасланыя па ўсіх аддзяленьнях міліцыі арыенціроўкі, узмоцнены рэжым нясеньня службы і падвышаная пільнасьць зрабілі сваю справу: праз суткі ўцякач быў затрыманы ў Менску, у кватэры сваёй знаёмай», — расказваў былы супрацоўнік калёніі.

У СМІ пісалі пра спробу ўцёкаў летам 2022 году. Нібыта палітвязень, які толькі што адбыў карантын, зрабіў нейкі спэцыяльны інструмэнт, узяў вяроўку і паўтара бохана хлеба і ўзьлез на дах сталовай. Там ён «лёг і стаў чакаць верталёт», расказаў вязень, які сядзеў у той час у Бабруйску. «Уцекача» хуценька зьнялі з даху, а на наступны дзень адміністрацыя заварыла лаз, празь які вязень вылез на дах. Зьняволенаму павялічылі тэрмін пакараньня, павесілі чырвоную бірку (яна адзначае «схільны да ўцёкаў») — на прамзону яго ня водзяць.

«Гэты чалавек пасьля вельмі часта быў у ШЫЗА і ПКТ. Дзіўная спроба, бо ўцякаць з гэтага даху не было куды, сталоўка знаходзіцца пасярод калёніі», — кажа палітвязень, які адбываў пакараньне ў Бабруйску ў той час.

Бунт у жніўні 2020-га

У ноч на 13 жніўня 2020 году на адным зь лякальных участкаў калёніі адбыўся мітынг — больш за 500 зьняволеных выйшлі ва ўнутраны двор выказаць свой пратэст. Мітынг працягваўся ўсю ноч — людзі стаялі, выкрыквалі лёзунгі.

«Гэта было стыхійна, ніякага агульнага пляну не было, адбыўся эфэкт натоўпу, — успамінае адзін з былых крымінальнікаў Ігар, які адбываў пакараньне па эканамічным артыкуле ў той час.

Бунт быў вельмі моцны. Людзі крычалі «Жыве Беларусь!», вывешвалі самаробныя бел-чырвона-белыя сьцягі ў акенцах. Ніхто ня спаў пасьля адбою, ложкі выносілі на вуліцы.

Але праз пэўны час людзі з калёніі пачалі зьнікаць. Ведаю, што шэсьць чалавек, якія нібыта ўзначальвалі гэты пратэст, былі пераведзеныя на «крытку» да канца тэрміну. Раней на тэрыторыі не было платоў, вязьні хадзілі як хацелі. А пасьля бунту паставілі паміж лякацыямі платы з калючым дротам, электронныя замкі і камэры відэаназіраньня», — узгадвае былы вязень.

Адным з удзельнікаў пратэсту ў ПК № 2 быў Уладзіслаў Вакульчык. У красавіку 2019 году яго асудзілі на 9 гадоў паводле 328 артыкула КК — за дзікарослыя каноплі на дачным участку. Пасьля тэрмін зьнізілі да 7 гадоў.

Вакульчык склаў маніфэст, зь іншымі зьняволенымі яны ад рукі напісалі ўлёткі і распаўсюдзілі па ўсёй зоне. Заклікаў да гвалту ў улётках не было.

«Гэта не турэмны бунт. Гэта грамадзкі пратэст. Акт мірнага грамадзянскага непадпарадкаваньня. Не — гвалту! Не — дэструкцыі. Патрабаваньне: Лукашэнка пакідае пост прэзыдэнта. Мэта — грамадзкі рэзананс. Адміністрацыя лягера — НЯ вораг. НЕ паддавацца правакацыі», — было напісана ва ўлётках, якія распаўсюджваліся сярод зьняволеных. Цягам чатырох дзён — з 13 па 16 жніўня — у калёніі працягваліся хваляваньні. Адміністрацыя спачатку разгубіліся і ня ведала, што рабіць.

«Побач ужо стаялі вайскоўцы са зброяй, гатовыя на загад уварвацца і пачаць страляніну. І тады ўжо б не разьбіралі, хто вінаваты, а хто ні пры чым. Хаця прыежджалі прадстаўнікі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, зьбіралі людзей і запалохвалі іх. Але начальнік калёніі Бубіч сказаў не баяцца. І ў выніку неяк «спусьцілі на тармазах». Паколькі бунту ў чыстым выглядзе не было, таму і ўнутраных войскаў ня ўводзілі», — узгадвае вязень Андрэй, які сядзеў у той час па эканамічным артыкуле.

Як расказвала жонка Ўладзіслава Вакульчыка Вольга са слоў свайго мужа, менавіта начальнік калёніі Бубіч не пусьціў у калёнію вайскоўцаў, якія ўжо стаялі пад плотам і гатовыя былі задушыць «паўстаньне». А вось начальства зь Менску аказалася не такім ляяльным. Вакульчыка яшчэ зь некалькімі зьняволенымі 14 жніўня ізалявалі ад усіх астатніх.

Супрацоўнікі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў тэлефанавалі бацькам вязьняў і прасілі іх прыехаць у Бабруйск і суцішыць дзяцей. Абяцалі, што са зьняволенымі ўсё будзе добра. Бацькі прыехалі, пагутарылі зь дзецьмі — маўляў, нікога караць ня будуць, расказаў былы вязень. Аднак потым «разбор палётаў» усё роўна правялі. У калёніі пачаўся ціск: адміністрацыя зьбірала паказаньні, масава выклікала асуджаных на допыты. У выніку шмат удзельнікаў хваляваньняў асудзілі па артыкулах 410 (дзеяньні, якія дэзарганізуюць працу папраўчай установы) і 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі) і дадалі па некалькі гадоў зьняволеньня.

У канцы траўня 2021 году завадатару пратэстаў Уладзіславу Вакульчыку дадалі яшчэ паўтара года і перавялі спачатку ў Наваполацкую, а пазьней у Горацкую калёнію. Астатнім актыўным удзельнікам бунту таксама падоўжылі тэрміны.

Сьмерці, самагубствы і хваробы

20 лютага 2024 году ў Менскай раённай лякарні памёр 63-гадовы палітвязень Ігар Леднік, які адбываў пакараньне ў Бабруйскай калёніі № 2. Леднік меў 2-ю групу інваліднасьці праз хваробу сэрца, іншыя хранічныя захворваньні, нядаўна перанёс складаную апэрацыю на кішэчніку, фізычна адчуваў сябе дрэнна. Вельмі павольна хадзіў, была задышка.

Былы палітвязень Аляксей Галоўкін, які ўвосень 2023 году вызваліўся з Бабруйску, сьцьвярджае, што толькі пры ім было больш за дзесяць сьмерцяў вязьняў.

«Сардэчныя прыступы, рак, запаленьне лёгкіх. Чалавек пастаянна скардзіўся на сэрца, яго вадзілі ў санчастку, давалі таблеткі. Потым паклалі туды. Трохі лепш стала — выпісалі. Выходзіць з санчасткі і падае, проста на парозе. Памёр. Пажылы вязень схадзіў у краму, вяртаецца з торбай і падае пад акном. Памёр. У другога пачаліся праблемы з нагамі. Адну адрэзалі, другую. Пасьля другой ампутацыі памёр у санчастцы. Яшчэ адзін быў у атрадзе, ноччу ёрзаў і стагнаў. Раніцай ужо ня дыхаў. Яшчэ аднаго адпусьцілі дахаты на апошняй стадыі анкалёгіі. Праз пару дзён памёр, дома», — пералічыў выпадкі сьмерці былы вязень.

Аляксей расказаў, што ў калёніі ёсьць адмысловы 16-ы атрад для інвалідаў, дзе трымаюць каля 100 чалавек.

«Палітычных у гэтым атрадзе было ў розны час ад 5 да 10 чалавек. Там сядзіць Уладзімер Гундар, асуджаны па «справе Аўтуховіча», у якога няма нагі. У старшыні незалежнага прафсаюзу Генадзя Фядыніча праблемы з сэрцам, задышка, ён вельмі дрэнна ходзіць. 67-гадовага хворага чалавека прымушаюць увесь час хадзіць зь мятлой і падмятаць тэрыторыю. Такой працай усе без выключэньня палітвязьні займаюцца. Палітвязень Аляксандар Сакалоўскі там сядзіць, дык у яго інфаркт быў падчас зьняволеньня», — расказвае Аляксей.

У ліпені 2023 году Зьміцер Арлоў, асуджаны паводле часткі 4 артыкула 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў) на 13 гадоў пазбаўленьня волі, скончыў жыцьцё самагубствам: выкінуўся ўніз галавой з акна чацьвёртага паверху самага высокага корпусу ВК-2 (так званага «Тытаніка», дзе разьмяшчаецца 6 атрад). У яго засталіся трое дзяцей. Сам ён рос сіратой.

Хто кіруе ПК-2

Начальнік Бабруйскай калёніі № 2 — палкоўнік унутранай службы Яўген Бубіч. Нарадзіўся 3 чэрвеня 1989 году, скончыў Магілёўскую акадэмію МУС.

Паводле інфармацыі Belpol, Бубіч пачынаў шараговым апэратыўнікам і паступова даслужыўся да начальніка апэратыўнага аддзелу. У 2019 годзе быў прызначаны начальнікам калёніі. 13 лютага 2020 году паводле ўказу Лукашэнкі ён атрымаў званьне палкоўніка міліцыі, пагоны яму ўручаў тагачасны міністар МУС Юры Караеў. Бубіч тады выступіў з прамовай:

«Спраўляцца зь нялёгкімі задачамі дапамагаюць калегі-прафэсіяналы, на іх ва ўсім можна спадзявацца. Імкнуся прыслухоўвацца да думкі падначаленых. Не застаюся абыякавым да праблем асуджаных і іх сваякоў».

За час службы Бубіч атрымаў шэсьць спагнаньняў ад начальства: за нізкую выканаўчую дысцыпліну; за непрыняцьце мер і адсутнасьць усебаковага высьвятленьня абставінаў, у якіх зьняволены атрымаў траўму; за павярхоўную працу па апэратыўна-вышуковай прафіляктыцы (зьняволены зьдзейсьніў злачынства — нанёс цяжкія цялесныя пашкоджаньні іншаму вязьню); за нізкія паказчыкі ў апэратыўна-службовай дзейнасьці; за слабую апэратыўную дасьведчанасьць аб працэсах, што адбываюцца ў асяродзьдзі зьняволеных; за непрыняцьце мер па здабычы інфармацыі.

У верасьні 2020 году Яўгену Бубічу Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў Магілёўскай вобласьці вынес вымову «за неналежнае выкананьне службовай інструкцыі, недастатковы кантроль». Верагодна, за спробу бунту вязьняў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Мэдычную частку калёніі ўзначальвае маёр унутранай службы 42-гадовая Дар’я Ласкаўнева. Яна ўраджэнка гораду Нікель Мурманскай вобласьці. Грамадзянства Беларусі атрымала ў 2009 годзе. Муж начмэда таксама працуе ў пэнітэнцыярнай сыстэме, паведамляе BelPol.

Ласкаўнева паступіла на службу ў 2010 годзе на пасаду ўрача-тэрапэўта. За 7 гадоў яна зь лейтэнанта даслужылася да маёра ўнутранай службы, што бывае вельмі рэдка. Менавіта яна адмаўляе ў абсьледаваньнях стану здароўя палітычным зьняволеным, дазваляе прыцягваць хворых палітвязьняў да цяжкай фізычнай працы, а таксама зьмяшчаць іх у ШЫЗА і ПКТ. Былы палітзьняволены Алег Кулеша так ахарактарызаваў начмэда: «Гэтая жанчына — вялікая прыхільніца Лукашэнкі і выключная садыстка».

На пачатку лютага з калёніі звольнілі начальніка прамысловай вытворчасьці палкоўніка ўнутранай службы Сяргея Назарава. Паводле афіцыйнага паведамленьня, ён дапусьціў шэраг «парушэньняў заканадаўства ў частцы выкарыстаньня маёмасьці і сродкаў прадпрыемства», што пацягнула за сабой прычыненьне шкоды ў памеры 74 500 рублёў. Добраахвотна пакрыць шкоду Назараў адмовіўся, яго чакае суд, піша BelPol.

Чытайце таксама:

Самая брудная і самая жорсткая. Што вядома пра калонію, дзе трымаюць Аляксандрава, Бабарыку, Кузнечыка, Лосіка, Пачобута

Як элітная калонія для былых чыноўнікаў і сілавікоў ператвараецца ў палітычную турму. Гісторыя «Віцьбы-3»

Вошы, блохі, прусакі, пацукі. Хто жыве ў беларускіх турмах разам з вязнямі

Пад'ём а 5-й раніцы, шмон, прамзона, зноў шмон. Адзін дзень з жыцця зняволенага нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
18