Дакумент, атрыманы «Нашай Нівай» з дапамогай «Белпол», падпісаны намеснікам міністра адукацыі Аляксандрам Кадлубаем. 

Ён інфармуе Адміністрацыю Лукашэнкі аб тым, што больш за 180 чалавек — «прадстаўнікоў універсітэтаў, органаў па справах моладзі, дзіцячых і моладзевых аб'яднанняў» — у ліпені 2023 года думалі, як абстаіць пытанне з моладзевай палітыкай у гэтай званай «саюзнай дзяржаве». І прыйшлі да наступных высноваў:

1) Работа ў сферы моладзевай палітыкі павінна адказваць на сучасныя выклікі і пагрозы, з якімі сутыкаецца г.зв. «саюзная дзяржава», базавацца на каштоўнасным і светапоглядным адзінстве народаў Беларусі і Расіі […]

2) Прыярытэтнымі накірункамі моладзевай палітыкі з'яўляюцца духоўна-маральнае, патрыятычнае, працоўнае, прафесійнае выхаванне маладога пакалення.

3) Дзейнасць у сферы моладзевай палітыкі на саюзным узроўні ажыццяўляецца на пляцоўцы «саюзнай дзяржавы», а таксама на ўзроўнях профільных міністэрстваў […]

Дакумент багаты бюракратычнымі перламі з разраду «прапрацаваць распрацоўку», але вось ягоныя асноўныя пункты, якія прапануецца ажыццявіць — вынік інтэлектуальнай дзейнасці 180 чалавек.

— Распрацаваць парадак удзелу прадстаўнікоў моладзевых дэлегацый у сумесных праектах […]. 

— Аказваць на сістэмнай аснове інфармацыйную падтрымку сумесным ініцыятывам […]. Весці сярод моладзі тлумачальную работу аб ролі і значэнні саюзнай дзяржавы для Беларусі і Расіі прапануецца на платформе «Молодежь.бел». 

«Молодежь.бел» — гэта рэсурс, які нават не індэксуецца сістэмамі ацэнкі наведвальнасці сайтаў, настолькі ён малапапулярны.

— Прапануецца пабудаваць «патрыятычны цэнтр» на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці сіламі расійскіх студэнцкіх атрадаў і за кошт «саюзнага бюджэту».

— Прапануецца «забяспечваць адбор, узгадненне і падтрымку моладзевых ініцыятыў, накіраваных на захаванне гістарычнай памяці і супрацьдзеянне фальсіфікацыі гісторыі», а таксама «распрацаваць пытанне сумеснай рэалізацыі мерапрыемстваў па тэматыцы патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі». 

Сярод іншых небанальных ідэй: правесці студэнцкі злёт, арганізоўваць сумесныя пошукавыя экспедыцыі, «сфарміраваць сярэднетэрміновы план правядзення спартовых спаборніцтваў па алімпійскіх відах спорту», «выбудоўваць узаемадзеянне па развіцці відаў спорту, звязаных з высокімі тэхналогіямі (камп'ютарны спорт, спартовае праграмаванне, лазерны бой) сярод вучняў ПТВ і ВНУ». 

Канечне, складальнікі дакумента не забылі пра сябе: «Ажыццяўляць абменныя праграмы для спецыялістаў моладзевых аб'яднанняў і рэгіянальных органаў па справах моладзі для вывучэння вопыту работы з моладдзю на месцах». 

Клас
1
Панылы сорам
11
Ха-ха
16
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0