Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Папрацаваў 4 гады і выгараў»

— Я скончыў ФКСіС БДУІР у 2020 годзе. Калі завяршылася размеркаванне, у мяне ўжо было 4 гады досведу на фул-тайме. Я выгараў. Але быў запас грошай, таму я вырашыў звольніцца і пашукаць, дзе яшчэ можна зарабіць.

Часам глядзеў прапановы аб продажы бізнэсаў — дзеля цікавасці. Убачыў тое самае. Схадзіў паглядзеў. Праз тыдзень ужо аформілі ўгоду. 

У мяне быў заробак $2000 — за такую ж суму я купіў кавярню ў спальным раёне. Папярэдні ўладальнік прадаваў так танна, бо бізнэс быў стратным. Але калі б я захацеў адкрыць побач такую ж установу [з нуля] — аддаў бы ўсе 10-15 тысяч. У мяне быў шанец паспрабаваць са значна меншымі ўкладаннямі. 

«Наступныя паўгода я ўкладваў і ўкладваў»

Бізнэс, асабліва на пачатку, — падступная штука. Ты ўкладваеш яшчэ і яшчэ. Напрыклад, патрэбная каса — гэта 300 рублёў, а да яе трэба СКПО (сродак кантролю падатковых органаў) — 50 рублёў. СКПО трэба прышыць, а затым перапраграмаваць касу — яшчэ 200 рублёў. Варта дадаць абслугоўванне касы — 30 рублёў штомесяц, праграма ўліку — 100 рублёў. 

Мала хто з пачаткоўцаў у прынцыпе здольны ўлічыць такія выдаткі. Я купіў кавярню — і пасля гэтага пачаў «разграбаць». За першыя 2 месяцы ў мяне сышло яшчэ пару тысяч долараў. Агулам: купіў за 2 + 2 = 4 тысячы пачатковых укладанняў. 

Наступныя паўгода я ўкладваў і ўкладваў: у сэрвіс, у стварэнне выгоды (то-бок у сцены), у прадукт — меню, напоі, абсталяванне… Я пераспрабаваў усе віды маркетынгу: ад аб’яў на пад’ездах, флаераў і шыльдаў да таргету і карт, прайшоў экспрэс-курс для маркетолагаў, а каб разбірацца ў прадукце — і курсы барысты. 

На працягу паўгода я эксперыментаваў, як толькі мог: памяняў інтэр’ер, змяніў работнікаў (на жаль, стаўшы працадаўцам, я пачаў расчароўвацца ў людзях, — напрыклад, заўважыў, што абодва мае супрацоўнікі кралі), мяняў сэрвіс, меню, назву, сацсеткі — усё гэта каштавала часу і грошай. Вынік: за гэтыя паўгода актыўных змен выдаткаваў яшчэ каля 5 тысяч долараў. Калі вам здаецца, што гэта шмат, то адкажу, што толькі адна шыльда можа абысціся ў некалькі тысяч. 

З улікам таго, што бізнэс быў стратным 4-5 месяцаў, варта адабраць яшчэ 1-1, 5 тысячы долараў, — на заробак супрацоўнікам і іншыя выдаткі.

Узамен я атрымаў веды ў бухгалтэрыі, маркетынгу, эканоміцы, ды і ў прынцыпе ў зносінах з людзьмі — гэта бясцэнны досвед. Раней у мяне нават знаёмых у гэтым бізнэсе не было. А цяпер, ідучы па горадзе, я ўжо сам магу даваць ацэнку кавярням — бо знаю гэты бізнэс знутры.

Знай я тое, што знаю цяпер, з верагоднасцю 99% вырашыў бы: «не лезь». 

«Ахвотных паспрабаваць сябе ў гэтым бізнэсе шмат (і ўсе ў ружовых акулярах)»

Рашэнне прадаць кавярню я прыняў, калі вывеў бізнэс у плюс. Разумеў, што выціснуў з яго максімум. 

У бізнэсе ж усё проста: калі ён стратны, трэба нешта мяняць, каб зрабіць яго прыбытковым. А гэта каштуе грошай. Я памяняў, але трэба было трымаць планку і далей — інакш зноў пойдзеш у нуль ці нават у мінус скоцішся. Але старацца даводзілася дзеля $100-200 на месяц.

Яшчэ адна прычына — пастаянныя рызыкі: 70-80% устаноў у грамадскім харчаванні рызыкуюць — часам не дабіваюць чэкаў, часам не афармляюць як мае быць супрацоўнікаў і інш.

Ахвотных паспрабаваць сябе ў гэтым бізнэсе шмат (і ўсе ў ружовых акулярах, як і я калісьці) — таму прадаць нядорага было проста. Я выклаў аб’яву пра продаж бізнэсу — знайшлося чалавек 10-15 патэнцыйных пакупнікоў. Некаторыя ўгоды зрываліся ледзь не ў дзень заключэння, але ў выніку я прадаў кавярню за 2-3 месяцы.

Усе ўкладанні адбіць не атрымалася — мой досвед абышоўся мне ў 7-8 тысяч долараў.

Чаму ўсё так складана з гастра-бізнэсам у Мінску — меркаванне суразмоўцы

«Раней думаў: дрэнны дзядзька — плаціць $800 замест $1000, а цяпер разумею яго ўзровень адказнасці»

Атрымаўшы гэты досвед, я стаў па-іншаму глядзець на эканоміку ў цэлым. Цяпер я ведаю / магу падлічыць, колькі каштуе той ці іншы тавар або паслуга. Я стаў больш паважаць мясцовы дробны бізнэс і купляць паслугі і тавары менавіта ў такіх прадпрымальнікаў, разумеючы, што за гэтым стаяць звычайныя людзі. 

Цяпер паралельна з працай я вяду яшчэ некалькі сваіх праектаў (яны пакуль на сацыяльнай стадыі, але ёсць магчымасць манетызаваць іх у будучыні), лягчэй бяруся за рэалізацыю сваіх ідэй — бо няма страху. Дый досвед вядзення спраў у грамадскім харчаванні дае ўсёабдымныя веды аб прадпрымальніцтве.

Я стаў аб’ектыўна ставіцца і да працы на сябе, і да працы ў найманні. Калі раней я думаў: дрэнны дзядзька — плаціць мне $800 замест $1000, то цяпер разумею, які ўзровень адказнасці ў гэтага дзядзькі і перад людзьмі, і перад дзяржавай. Дый наогул у нашай краіне бізнэс залежыць ад усіх і вінен кожнаму. Нават у бамжа, які прыходзіць у кавярню і патрабуе падаць яму бясплатную каву, — больш правоў у нашай краіне.

А яшчэ я зноў у ІТ і радуюся таму, што дзядзька плаціць мне зарплату, вырашае за мяне юрыдычныя і іншыя пытанні. І я радуюся, што ІТ у Беларусі яшчэ не памерла.

Яшчэ важнае адрозненне свайго бізнэсу ад ІТ. Як прадпрымальнік ты працуеш 24/7, нават калі з боку здаецца, што нічым не заняты, — гэта пастаянная эмацыйная нагрузка. А ў ІТ ты адпрацаваў, даў справаздачу за дзень/тыдзень, выйшаў з-за кампа, а 17:00 вечара — і вольны, як птушка. Я пра гэта раней не задумваўся. 

У тую кавярню заходжу часам, размаўляю з новымі ўладальнікамі. Цяпер яе купіў ужо трэці чалавек пасля мяне. 

«Цуд, што я наогул вярнуўся ў ІТ. На рынку поўна спецыялістаў, у якіх перапынкаў не было»

— Прадаўшы кавярню, я рэфлексаваў месяцы 2-3, прааналізаваў пройдзены шлях. А потым стаў прымушаць сябе сесці за тэхнічную літаратуру. Ну хоць бы па старонцы на дзень чытаць. 

Было цяжка вяртацца да гэтага праз год перапынку, я быццам бы адкаціўся назад. Але паціху прывучыў сябе спачатку чытаць, потым стаў пісаць код. Два месяцы я рыхтаваўся, потым пачаў хадзіць на сумоўі. 

У Беларусі выбіраць няма з чаго было — 1-2 адпаведныя вакансіі на тыдзень у найлепшым выпадку (мая спецыялізацыя.NET, узровень — middle+). Таму я стаў шукаць у Польшчы, куды пераехала шмат знаёмых:

  1. змяніў лакацыю ў профілі на LinkedIn — паказаў Варшаву (некалькі рэкруцёраў напісала мне, але ўсе адмовілі праз тое, што ў на той момант я быў не ў Польшчы);
  2. пачаў рыхтаваць дакументы на PBH — у выніку проста не дачакаўся запісу;
  3. паглядзеў, якія ў Польшчы адкрыліся кампаніі з беларускімі каранямі, — таксама міма, бо амаль усе яны скасавалі рэлакейт-праграмы.

Так я зразумеў, што прыйдзецца здавольвацца тым, што ёсць у Беларусі.

Адмоў было нямала — у асноўным праз перапынак у працы. Нікому не быў цікавы мой досвед па-за ІТ. Некаторыя рэкруцёры прама казалі: «А ты ўпэўнены, што ІТ — наогул тваё? Можа, піўнуху пад домам адкрыеш?»

Праз пару тыдняў пошукаў я перастаў расказваць пра досвед у іншай сферы. Казаў, што зрабіў перапынак у найманні, але не сыходзіў з ІТ. 

Мой вынік: 200 водгукаў, 10 сумоўяў на працягу 2,5 месяцаў і офер — ужо 3 месяцы працую ў адной расійскай кампаніі. Некаторыя оферы зрываліся на пустым месцы. Рэкруцёры паведамлялі: «вы — вялікі малайчына, але заказчык прыняў рашэнне пакуль не пашырацца». 

У цэлым, з такім перапынкам як у мяне — год плюс паўгода на бэнчы на мінулай працы — цуд, што я наогул вярнуўся. На рынку поўна спецыялістаў, у якіх перапынкаў не было. Трэба было вельмі пастарацца, каб паднесці сябе на прэскрыне/скрыне так, каб не выпусціць адзінага сумоўя на тыдзень/месяц. 

Я вярнуўся на такую ж зарплату, як была ў мяне год таму. Але калі шчыра, ужо гатовы быў працаваць за суму ў 2 разы меншую.

«Я зразумеў, што заробак $1000 у 18-20 гадоў — заслуга людзей, якія стаялі ля вытокаў ІТ у Беларусі»

Свой бізнэс выбіў мяне з зоны камфорту, але дзякуючы гэтаму я змог убачыць больш.

Я зразумеў, што заробак $1000 у 18-20 гадоў — гэта хутчэй заслуга людзей, якія стаялі ля вытокаў ІТ у Беларусі, а таксама тых, хто стварыў экасістэму тут. Сярэднестатыстычны айцішнік не разумнейшы за сярэднестатыстычнага доктара, прадпрымальніка, дый прадстаўнікоў іншых прафесій. Проста так склалася, што праца ў ІТ дазваляла маладым людзям за год-два падымацца да такога ўзроўню даходу, да якога прадстаўнікі іншых прафесій пры ўсім жаданні не дацягнуцца і за 5-10 гадоў (а то і наогул ніколі). 

Мой погляд на свет быў вельмі вузкім. Я думаў: «Ха, чаго я ў гэтым жыцці не пабачыў — у ім усё проста!» І толькі перапынак у ІТ паказаў: жыццё на $2000, калі любое пытанне вырашаецца грашыма, і на 500 рублёў — гэта два розныя жыцці. Думаю, я атрымаў бясцэнны досвед і моцна пасталеў за год па-за ідэальнай капсулай. Цяпер нават гляджу трохі пагардліва на калег, якія акрамя ІТ нічога не спрабавалі — як быццам я разумею больш за іх (смяецца). 

Чытайце таксама:

Айцішнік купіў кватэру ў бабулі, але засяліцца адразу не змог. Яна прадала яе тэлефонным аферыстам

«Вось і вісіць кватэра баластам: крэдыт — 1800 рублёў на месяц». Айцішнікі расказалі пра кінутыя ў Беларусі кватэры

Любіце гульні і беларускую мову? Глядзіце, які «Праграмісцкі кут» стварыў айцішнік

Больш за 200 тысяч чалавек. Столькі з'ехала з Беларусі за два гады па афіцыйных звестках

Клас
41
Панылы сорам
3
Ха-ха
9
Ого
4
Сумна
5
Абуральна
10