Владимир Путин проводит заседание Совета безопасности Уладзімір Пуцін вядзе пасяджэнне Савета бяспекі Vladimir Putin chairs the Security Council meeting

Уладзімір Пуцін праводзіць пасяджэнне Рады бяспекі Расіі. 13 лютага 2024 года. Фота: Alexander Kazakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Супрацоўнікі заходняй разведкі і аналітыкі, з якімі ўдалося пагаварыць журналістам The Financial Times, адзначаюць відавочную актывізацыю разведвальных аперацый пад кіраўніцтвам Крамля. Гэта сведчыць пра адраджэнне ўпэўненасці расійскіх шпіёнаў пасля зневажальных няўдач, з якімі яны сутыкнуліся ў пачатку 2022 года.

«Гульня ў кошкі-мышкі аднавілася», — цытуе The Financial Times аднаго з супрацоўнікаў заходняй разведкі. «Актыўнасць Расіі такая ж высокая ці нават вышэйшая, чым у часы халоднай вайны», — спасылаецца выданне на словы іншага.

Расійскія спецслужбы — ГРУ, ФСБ і СЗР — перагрупаваліся і перабудавалі сваю шпіёнскую працу. Прыярытэты засталіся тымі ж, што і да канфлікту ва Украіне — выкрасці заходнія сакрэты, узмацніць рознагалоссі ўнутры НАТА і падарваць падтрымку Украіны. Аднак метады сталі больш вынаходлівымі, каб кампенсаваць разбураную шпіёнскую сетку ў Еўропе і абысці абмежаванні на працу расіян на кантыненце.

Змяненні ў працы разведкі

Адной з самых значных змен у дзейнасці Крамля стала больш актыўнае выкарыстанне такіх суб'ектаў разведвальнай дзейнасці, як пасярэднікі (у артыкуле яны названыя «проксі» — НН). Да вайны заходнія агенцтвы ў асноўным мелі справу з расійскімі аперацыямі, якія праводзіліся расійскімі грамадзянамі па ўсёй Еўропе. Сёння гэта, магчыма, ужо не так.

У расійскіх таемных аперацыях зараз задзейнічаны шэраг замежных грамадзян са сферы палітыкі, бізнэсу і арганізаванай злачыннасці.

«[Пасярэднікі] могуць не ведаць, што працуюць на рускіх, яны могуць быць злачынцамі ці проста людзьмі, якім плацяць», — цытуе выданне словы аднаго з супрацоўнікаў заходняй разведкі.

Крэмль аказвае ціск на расійскіх эмігрантаў, каб прыцягнуць іх на свой бок. Гэта тычыцца як палітычных апанентаў, так і іншых асоб, якія пакінулі Расію пасля лютага 2022 года. Крэмль імкнецца кааптаваць іх, каб выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах.

На думку аналітыкаў разведкі і дзевяці чыноўнікаў, апытаных журналістамі, для расійскіх шпіёнскіх службаў правядзенне аперацый на адлегласці з выкарыстаннем пасярэднікаў і свежазавербаваных давераных асоб мае свае плюсы і мінусы.

З аднаго боку, зʼяўляецца больш магчымасцяў для адмаўлення віны. Пасярэднікі таксама могуць быць эфектыўныя для такіх аперацый, як крадзеж гандлёвых сакрэтаў, стварэнне экспартных схем, якія абыходзяць санкцыі, або пранікненне ў кампʼютарныя сеткі.

Напрыклад, USB-назапашвальнік, падлучаны да кампʼютара прыбіральшчыкам офісу, можа даставіць не менш каштоўныя звесткі за тыя, што атрыманы ад чалавека, якога гадамі культываваў «нелегальны» куратар.

Аднаўленне агентурнай сеткі

Але аператыўная бяспека можа быць недастаткова арганізаванай, а пасярэднікаў цяжка кантраляваць без агента на месцы, які б імі кіраваў.

Для вырашэння гэтай праблемы ГРУ пачала вербаваць агентаў без вайсковай адукацыі, каб яны незаўважанымі пранікалі ў мэтавыя краіны і ўстанаўлівалі асабістыя кантакты, гаворыцца ў нядаўнім дакладзе лонданскага аналітычнага цэнтру Royal United Services Institute.

Аўтары артыкула адзначаюць, што ў нейкай ступені старая мадэль «легальных» расійскіх шпіёнаў, якія працуюць праз пасольствы, усё яшчэ захоўваецца ў традыцыйна нейтральных краінах, такіх як Аўстрыя і Швейцарыя.

Прадстаўнікі службаў бяспекі абедзвюх краін заявілі, што каля 150 вядомых расійскіх агентаў усё яшчэ працуюць там пад дыпламатычным прыкрыццём. Паводле ацэнкі іншага супрацоўніка разведкі з іншай краіны, амаль трэць расійскіх разведвальных аперацый на кантыненце ў цяперашні час ажыццяўляецца з «бяспечных цэнтраў» Вены і Жэневы.

Акрамя таго, расійскія шпіёны ўзмацнілі свае базы за межамі Шэнгенскай зоны. Турцыя і Абʼяднаныя Арабскія Эміраты сталі важнымі плацдармамі для расійскіх разведвальных аперацый у Еўропе. Некалькі высланых расійскіх агентаў таксама пераехалі ў сталіцу Сербіі Бялград, бо сербы падтрымліваюць добрыя адносіны з Масквой.

Выданне адзначае, што немагчыма прадбачыць, наколькі эфектыўнымі будуць абноўленыя расійскія метады шпіянажу.

З аднаго боку, рост аўтарытарызму Пуціна стварыў «схаваную хвалю незадаволенасці» ў расійскіх службах бяспекі і «стварыў магчымасць вярбоўкі, якая выпадае раз у пакаленне», — цытуюць аўтары слова кіраўніка ЦРУ Уільяма Бэрнса.

З іншага боку, высылка расійскіх дыпламатаў магла ўскладніць працу контрразведкі, паколькі заходнія агенцтвы раней ведалі, хто з дыпламатаў зʼяўляецца шпіёнам, і маглі адсочваць, з кім яны сустракаюцца, і патэнцыйна вербаваць іх.

Пасля лютага 2022 года заходнія агенцтвы актывізавалі супрацоўніцтва, стварыўшы сетку баз даных і сувязяў для выяўлення расійскіх аператыўнікаў. Тым не менш, часам расійская разведвальная машына дабіваецца ўражлівых поспехаў. Свежы прыклад — уцечка размовы высокапастаўленых афіцэраў ВПС Германіі.

Чытайце яшчэ:

ФСБ завербавала дэпутатку Еўрапарламента ад Латвіі

Як расійская разведка змагла перахапіць размову нямецкіх афіцэраў?

У Польшчы за 14 месяцаў затрыманыя 22 шпіёны з Беларусі і Расіі

Клас
8
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
27

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?