«Чатыры колы далей ад цэнтра» — дакументальны партрэт мінскай мастачкі Марыны Капілавай. Гэта стужка пра свабоду ў свеце, які ты для сябе ствараеш сам.

Чацвёра, якія асабіста ведаюць Марыну, расказваюць гісторыі, звязаныя з жыццём жанчыны. Паралельна з гэтымі аповедамі сама мастачка паўстае ў кадры, і вельмі шчыра (нібы на споведзі) расказвае пра сябе і свой светапогляд. Фільм рэжысёркі Лены Ле дае магчымасць з аскепкаў меркаванняў сабраць сваё, цэлае. Паступова, з кожным новым кругам, успрыманне асобы гераіні становіцца больш насычаным і шчыльным.

З’яўляючыся ў кадры, Марына фехтуе, працуе над сваімі скульптурамі і нават вучыць хадзіць па столі, а паміж гэтым вельмі шмат разважае пра рознае: пра халодную зброю і высакароднасць, абарону іншых людзей, існаванне ў грамадстве, калі ты непадобны на іншых, пра каханне і жыццё ў адной прасторы.

У адным з такіх маналогаў гераіня закранае тэму, якая сёння асабліва актуальная: «Калісьці я кідалася абараняць сваіх сябровак, хаця вельмі баялася тых, ад каго я іх абараняю. Маленькія брыдкія хуліганы ці буйныя хуліганы, ці проста якія-небудзь. Я кагосьці праводзіла, а потым ішла дадому адна і мне было вельмі страшна: і праводзіць, і ісці дадому. Я дэманстравала гераічныя паводзіны, зусім не будучы героем».

Сіла гэтага фільма ў тым, што ён не толькі расказвае пра асобу Марыны, але і дазваляе разам з сабой проста падумаць пра жыццё ў розных яе праявах.

Для гледачоў з Беларусі доступ да фільма «Чатыры колы далей ад цэнтра» бясплатны. Для тых, хто знаходзіцца за мяжой, доступ на 30 дзён будзе каштаваць 5$.

Чытайце таксама:

У анлайн-кінатэатры Vodblisk з’явіліся новыя фільмы

У анлайн-кінатэатры Vodblisk пакажуць фільм яго стваральніцы Волі Чайкоўскай

Фільмы Мікіты Лаўрэцкага з'явіліся ў анлайн-кінатэатры Vodblisk

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0