Фота: youtube.com

Фота: youtube.com

«Рэжым» (The Regime), 3 сакавіка

Адкрываем вясну з шасцісерыйнай палітычнай сатырай ад студыі Max. «Рэжым» прадстаўляе Кейт Уінслет у татальна нечаканым амплуа аўтарытарнай лідаркі.

Гераіня Уінслет — кіраўніца краіны ў цэнтральнай Еўропе. Нейкі час яна не пакідае свой палац і ў выніку паводзіць сябе паранаідальна і нестабільна. Яна знаходзіць падтрымку ў асобе салдата, але ўсе яе паводзіны толькі шкодзяць ёй і яе ўладзе.

«Паляванне на забойцу» (Manhunt), 15 сакавіка

Зорка «Чужынкі», брытанец Тобіас Мензіс, зноў упісаўся ў гістарычны серыял. На гэты раз гаворка не пра мяцежную Шатландыю, а пра ЗША сярэдзіны 19 стагоддзя. Студыя Apple TV+ узялася за вельмі вядомае злачынства, у якім багата белых плямаў — за гісторыю забойства Авраама Лінкальна.

Гэта расказ пра напад на амерыканскага прэзідэнта і пошук яго забойцы Джона Уілкса Бута. Слоган серыяла — «Замах быў толькі пачаткам.

«Палм-Раяль» (Palm Royale), 20 сакавіка

Пасля складанага трылера пераключыцеся на стыльную камедыю. «Палм-Раяль» — гісторыя пра амерыканку Максім Сіманс, якая ў 1969-м спрабуе замацавацца ў вышэйшым свеце курорта Палм-Біч.

Разынка гэтай гісторыі — поп-ідал 90-х Рыкі Марцін, які грае тут адну з галоўных роляў. Будзе шмат прыгожых жанчын і мужчын, сонца і яркіх касцюмаў — асалода для вачэй!

«Задача трох цел» (3 Body Problem), 21 сакавіка

Пра гэты серыял мы пісалі некалькі месяцаў таму, калі стала вядома, што ролю ў ім атрымаў беларускі акцёр Міця Савельеў. У «Задачы трох цел» выдатная першааснова — кніга знакамітага кітайскага фантаста Лю Цысіня.

Серыял складаецца з некалькіх гісторый, аб'яднаных адной пагрозай: паводле яго, хутка чалавецтва сустрэнецца з іншапланецянамі. Чалавецтва мусіць зразумець, якім будзе гэты першы кантакт, і падрыхтавацца да яго. Ад серыяла шмат чаго чакаюць, бо яго шоуранэры — стваральнікі «Гульні тронаў» Дэн Уайс і Дэвід Беніаф.

«Выраканка Нэл» (Renegade Nell), 29 сакавіка

У англійскіх казках ёсць дух Білі Блінд, які вельмі любіць даваць парады. Цяпер на двары 18 стагоддзе, і перад Бліндам паўстае складаная задача: ён мусіць дапамагчы разбойніцы Нэл Джэксан ачысціць сваё імя ад абвінавачванняў у забойстве.

«Выраканку Нэл» пазіцыянуюць як сямейны серыял, і гэта прадказальна, бо праект робіць студыя Disney+. Але ў той жа час у серыяле багата трукаў: гледзячы па трэйлеры, відовішча атрымалася дынамічнае.

«Пэрыш» (Parish), 31 сакавіка

А гэта гісторыя для аматараў крыміналу. У яе цэнтры Грэсіян Пэрыш, былы злачынца, які быццам бы ператварыўся ў шчырага сем'яніна і працаўніка. Але аднойчы яго сына жорстка забіваюць і яго бізнэс развальваецца, а потым сустрэча са старым сябрам канчаткова вяртае Пэрыша на мінулы шлях.

Тут будзе гвалт, забойствы і страляніна. У галоўнай ролі — Джанкарла Эспазіта, зорка серыялаў «Ва ўсе цяжкія» і «Лепей званіце Солу».

«Рыплі» (Ripley), 4 красавіка

Рэжысёр, прадзюсар і сцэнарыст гэтай васьмісерыйкі — Стывен Зэйліян, сцэнарыст аскараноснага «Спісу Шындлера», «Ганібала», «Дзяўчыны з татуіроўкай дракона» і іншых буйных праектаў. У галоўнай ролі — зорны брытанец Эндру Скот, якога вы маглі бачыць у ролі злога генія Марыярці ў «Шэрлаку» і шмат у якіх іншых серыялах. У трэйлеры засвяціліся і Дакота Фэнінг з Джонам Малкавічам.

І калі пасля гэтага вам яшчэ патрэбны сюжэт, то вось ён: у Нью-Ёрку 60-х жыве вытанчаны авантурыст Томас Рыплі. Багаты чалавек наймае яго, каб Томас дапамог вярнуць яго наравістага сына з Італіі, і так пачынаецца шлях Рыплі ў свет махлярства, падманаў і забойстваў.

Шугар (Sugar), 5 красавіка

Фота: скрыншот з youtube.com

Фота: скрыншот з youtube.com

Трымайце яшчэ адзін серыял, набіты зоркамі індустрыі. Акрамя ірландца Коліна Фарэла ў галоўнай ролі, да «Шугара» прыклалі руку прадзюсары «Амерыканскай гісторыі жахаў» і «Ва ўсе цяжкія».

Пра сюжэт серыяла пакуль вядома няшмат. Раскажам толькі, што гэта васьмісерыйны дэтэктыў, пабудаваны вакол галоўнага героя Джона Шугара. Яго задача — знайсці зніклую ўнучку легендарнага галівудскага прадзюсара.

«Спагадлівец» (The Sympathizer), 14 красавіка

Разам з Робертам Даўні-малодшым ныраем у шпіёнскае кіно. Вайна ў В'етнаме набліжаецца да канца, і мясцовы жыхар, шпіён камуністычнага В'етконга ў арміі Паўднёвага В'етнама, ляціць у ЗША. Там ён асталёўваецца ў супольнасці ўцекачоў і паралельна з гэтым працягвае шпіёніць для камуністаў.

У «Спагадліўца» шматабяцальныя стваральнікі — кінастудыя А24, што балуе нас арыгінальнымі карцінамі накшталт «Зоны інтарэсаў» пра каменданта Асвенцыма, тонкай рамантычнай меладрамы «Мінулыя жыцці» або аскараноснай фантасмагорыі «Усё, паўсюль і адразу». Можна чакаць, што і іх «Спагадлівец» будзе на вышыні.

«Татуіроўшчык з Асвенцыма» (The Tattooist of Auschwitz), 2 мая

Бліжэй да канца вясны нам абяцаюць моцную гістарычную драму пра Другую сусветную. Гэта экранізацыя аднайменнага рамана пра жыццё Людвіга Эйзенберга (Лале Сакалова), аўстра-венгерскага прадпрымальніка, які правёў амаль тры гады ў Асвенцыме. 

Яго заданнем было рабіць на целах вязняў татуіроўкі з іх лагерным нумарам. Так Лале знайшоў каханую — Гіту, якой дапамагаў, дзякуючы свайму «службоваму становішчу» татуіроўшчыка. Пасля вайны ён ажаніўся на Гіце, ледзь не трапіў у камуністычную турму, але разам з жонкай здолеў эміграваць у Аўстралію, дзе і пражыў да самай смерці ў 2006 годзе. За тры гады да яе, у 2003-м, Лале расказаў пра сваё лагернае мінулае пісьменніцы Хезер Морыс. З той гутаркі паўстала кніга, а з кнігі — гэты серыял.

Чытайце таксама:

Беларускі артыст зняўся ў серыяле ад Netflix і стваральнікаў «Гульні тронаў»

У фільме «Зона інтарэсаў» зло хаваецца проста за садовай сцяной

«Небаракі» (Poor Things): паглядзелі самы дзіўны фільм года і расказваем, чаго чакаць

Клас
16
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?