Парк высокіх тэхналогій у 2020-м

Парк высокіх тэхналогій у 2020-м

«Пры ажыццяўленні дзейнасці ў Парку высокіх тэхналогій, кіраўнік, заснавальнікі (удзельнікі, уласнікі маёмасці) Рэзідэнта абавязаныя не дапускаць распаўсюду інфармацыі, якая дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь, дзяржаўныя органы і арганізацыі, наносіць шкоду рэпутацыі іх адказных асоб, а таксама дзеянняў у шкоду нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў новым дадатку да Дамовы паміж Адміністрацыяй ПВТ і рэзідэнтамі парка.

Гэты дадатак адміністрацыя парка пачала рассылаць па кампаніях, атрыманне «Нашай Ніве» пацвердзілі кіраўнікі некалькіх фірм. 

Прадстаўнікі ІТ-бізнэсу ўспрымаюць гэтае патрабаванне з іроніяй і пэўным разуменнем. 

«Намеснікаў па бяспецы ў нашы кампаніі, як у дзяржсектар, навязаць пакуль не могуць. Але рабіць штосьці трэба, калі ў краіне вайна з іншадумствам.

Дзейнічаюць фармальна, і гэта добра, бо магло быць горш. 

А так што? Мы падпішам. Кіраўнік Парка дашле на адрас сваёй былой працы (Аляксандр Базанаў раней служыў у КДБ — «НН») справаздачу, што правёў палітычную работу і столькі акцыянераў пад роспіс абавязалася нікому не расказваць, што ў Беларусі ва ўласных кватэрах адстрэльваюць праграмістаў, а проджэкт-менеджарак з малымі дзецьмі на плячах кідаюць за краты за плакат.

Што тут казаць? Выкінуць з ПВТ можна і без гэтай пісулькі, гэта відавочна», — апісаў рэакцыю на ліст адзін з атрымальнікаў. Яшчэ некалькі махнулі рукой і не сталі каментаваць дзеянні Адміністрацыі ПВТ. 

Клас
4
Панылы сорам
25
Ха-ха
7
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
21