Сваёй сумнай гісторыяй жанчына пад нікам alenabutterfly падзялілася ў тыктоку.

— Мілыя беларусы, не здавайце кватэры на працяглы тэрмін замежнікам, не рэгіструйце іх без перадаплаты мінімум за тры месяцы. Бо як бы яны ні абяцалі, што выпішуцца, калі будуць з’язджаць, яны не выпісваюцца.

Жанчына скардзіцца: каб падаць пазоў у суд, трэба заплаціць дзяржпошліну плюс яшчэ адвакат хоча атрымаць за сваю дапамогу ў складанні пазову 500 рублёў.

— А яшчэ я буду плаціць падатак да таго моманту, пакуль іх не выпішуць. І спагнаць грошы мне будзе няма з каго, таму што яны з'ехалі.

У міграцыйнай службе жанчыне пацвердзілі, што выпісаць былых кватарантаў самастойна яна не можа — толькі праз суд. Наведванне падатковай таксама аптымізму не дадало. Там сказалі, што ў самым лепшым выпадку ўся справа зойме два месяцы і ўвесь гэты час падаткі за фактычна пустую кватэру плаціць прыйдзецца.

Жанчына вырашыла сэканоміць на паслугах адваката і падала пазоў у суд самастойна. Але хутка высветлілася, што яна зрабіла некалькі памылак. Па-першае, дзяржпошліна на аднаго чалавека складае не 120 рублёў як яна думала, а 200 (5 базавых велічынь). Па-другое, трэба было даслаць былым кватарантам ліст аб скасаванні дамовы арэнды. Паколькі актуальнага адрасу арандатараў жанчына не ведае, яна вырашыла адправіць ліст на свой жа адрас.

— Суд прыпыніў справу, а значыць у лютым я плачу падатак 94 рублі за два пакоі. У выніку мае выдаткі на адпраўленне ліста склалі 32 рублі, за пазовы я заплачу 400 рублёў… Вось і лічыце самі, колькі трэба браць перадаплату на выпадак, калі вашы кватаранты з'едуць, не зняўшыся з рэгістрацыйнага ўліку. А што будуць рабіць бабулі, у якіх няма такіх грошай на падачу пазоваў і аплату падаткаў? Мне, напрыклад, трэба будзе плаціць падаткі да лістапада — гэта каля 1000 рублёў, калі суд адмовіцца іх выпісаць.

Нехта з каментатараў вырашыў падзяліцца ўласным досведам: «У мяне была такая самая сітуацыя. Проста ўзяла новых кватарантаў без дамовы, ніхто правяраць вас не будзе, скончыўся дагавор і заключыла новы».

Але ж блогерка сцвярджае, што цяпер так не атрымаецца:

— Увесь час прыходзяць з МУС і правяраюць, хто там жыве. Штомесяц.

Чытайце таксама:

У мінскім крутым гатэлі ўжо больш за тры гады жыве італьянец. І з'язджаць не збіраецца

Мінск увайшоў у топ самых танных для жыцця гарадоў Еўропы

Самыя дарагія арэндныя кватэры ў Мінску. Стаўкі ўражваюць

Клас
4
Панылы сорам
10
Ха-ха
5
Ого
0
Сумна
6
Абуральна
3