AP Photo

AP Photo

Ён загінуў разам са сваім трэнерам, руандыйцам Жэрвезам Хакізіманам, на дарозе на захадзе Кеніі ў нядзелю.

Кіптум здзейсніў прарыў у 2023 годзе, стаўшы галоўным супернікам суайчынніка Эліуда Кіпчоге — аднаго з найвялікшых марафонцаў у свеце. А ў кастрычніку мінулага года ў Чыкага ён пабіў дасягненне Кіпчоге, пераадолеўшы дыстанцыю 42 км за дзве гадзіны і 35 секунд.

Абодва спартсмены былі ўключаныя ў папярэдні склад зборнай Кеніі па марафоне для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў канцы гэтага года.

Аддаючы даніну памяці Кіптуму, міністр спорту Кеніі Абабу Намвамба напісаў у X: «Жахліва балюча!!! Кенія страціла асаблівую жамчужыну. У мяне няма слоў».

Лідар кенійскай апазіцыі і былы прэм'ер-міністр Раіла Адынга заявіў, што краіна страціла «сапраўднага героя» і смуткуе па «выбітнай асобе… і іконе кенійскай лёгкай атлетыкі».

Себасцьян Коу, прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі лёгкай атлетыкі, сказаў, што Кіптум быў «неверагодным спартсменам, які пакінуў неверагодную спадчыну».

Аварыя адбылася ў нядзелю каля 23:00 па мясцовым часе.

Кіптум быў за рулём, калі аўтамабіль страціў кіраванне і перакуліўся, у выніку чаго абодва загінулі на месцы.

Прадстаўнік паліцыі дадаў, што трэці пасажыр — жанчына — атрымала траўмы і была экстрана дастаўлена ў бальніцу.

У Кіптума засталіся двое дзяцей.

На мінулым тыдні каманда Кіптума абвясціла, што на марафоне ў Ратэрдаме ён паспрабуе прабегчы марафонскую дыстанцыю менш чым за дзве гадзіны — такога выніку яшчэ нікому не ўдавалася дасягнуць у адкрытым спаборніцтве.

Слава прыйшла да яго імкліва — свой першы поўны марафон ён прабег толькі ў 2022 годзе.

Ён адразу ж заявіў пра сябе на дыстанцыі, выйграўшы марафон у Валенсіі (2:01:53), стаўшы на той момант чацвёртым па хуткасці ў гісторыі, а затым устанавіў рэкорд трасы (2:01:25) на Лонданскім марафоне ў красавіку 2023 года.

Праз шэсць месяцаў, усяго толькі ў сваім трэцім забегу, Кіптум разам зняў 34 секунды з сусветнага рэкорду ў Чыкага. Гэта спаборніцтва стала для яго апошнім.

Фота: Alberto Pezzali / AP

Фота: Alberto Pezzali / AP

Ён ужо адтачыў свой тактычны падыход, згодна з якім ён бег з групай на працягу 30 км, а затым павялічваў тэмп і выходзіў на дыстанцыю самастойна на апошняй частцы маршруту.

Кіптум удзельнічаў у сваім першым буйным спаборніцтве ў 2018 годзе, бегаючы ў пазычаных красоўках, бо не мог дазволіць сабе ўласную пару.

Ён стаў адным з новых кенійскіх спартсменаў, якія пачыналі кар'еру на дарогах, адарваўшыся ад ранейшай традыцыі, калі спартсмены пачыналі на бегавой дарожцы, а затым пераходзілі на больш доўгія дыстанцыі.

У мінулым годзе Кіптум распавёў, што яго незвычайны выбар быў абумоўлены проста недахопам сродкаў.

«У мяне не было грошай, каб ездзіць на бегавыя трэніроўкі», — патлумачыў ён.

Яго трэнер, 36-гадовы Хакізімана, быў у мінулым руандыйскім бягуном. Летась ён некалькі месяцаў дапамагаў Кіптуму ўсталяваць сусветны рэкорд.

Іх адносіны як трэнера і спартсмена пачаліся ў 2018 годзе, але ўпершыню яны сустрэліся, калі сусветны рэкардсмен быў нашмат маладзейшы.

«Я ведаў яго, калі ён быў маленькім хлопчыкам, які басанож пасвіў жывёлу» — успамінаў Хакізімана ў мінулым годзе. — Гэта было ў 2009 годзе, я трэніраваўся побач з фермай ягонага бацькі, ён наступаў мне на пяткі, а я яго адганяў. Цяпер я ўдзячны яму за яго дасягненні».

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
18
Абуральна
2