На Aliexpress ёсць цэлая серыя цішотак з назвай папулярнага беларускага гурта Molchat Doma. На іх незвычайныя прынты — выявы будынкаў з непраўдападобнай архітэктурай, а на адной з цішотак яшчэ і таямнічы надпіс: «Як машына прыціскае людзей, ператвараючы іх у рабоў».

Майкі каштуюць ад 4,45 даляра. У некаторых мадэляў рэйтынг толькі 3 ці 4 бала з 5, так што варта чытаць водгукі перад тым, як замаўляць сабе цішотку.

Вельмі нечаканая прапанова на Amazon — жаночыя майткі з выявай дзяржаўнага герба Беларусі ў цэнтры. Вытворцы расхвальваюць свой тавар як могуць: называюць майткі сэксуальнымі і стыльнымі, а таксама расказваюць, што цуда-бялізна візуальна выцягвае цела, што дапамагае выглядаць больш зграбна.

І гэта не ўсё — матэрыял майткоў, піша вытворца, мяккі і прапускае паветра, іх можна насіць цэлы дзень і адчуваць камфорт. Такая мадэль падыдзе пад любыя штаны, іх можна насіць у рознае надвор'е і пад адзенне любога стылю. Кошт такой бялізны 17,99 даляра.

Кітайскі анлайн-гігант Temu прапануе некалькі тавараў з надпісам I love my Belarusian girl. Гэта худзі за 11,97 еўра, хатнія шорты за 9,71 еўра і хатнія штаны за 10,19 еўра — усе мадэлі разлічаныя на мужчын.

Водгукаў на гэтыя тавары пакуль няма, што выглядае трохі падазроным. Але ў пастаўшчыка гэтага адзення добры рэйтынг — 4,8 бала з 5.

Без праблем можна набыць у сеціве беларускія сцягі. Калі ўзяць дзяржаўны сцяг, цана на такое палотнішча памерам 90 на 150 см цяпер пачынаецца ад 0,99 даляра. А вось за нацыянальны сцяг на тым жа Aliexpress давядзецца заплаціць болей — рыхтуйце ад 1,98 даляра. Вось толькі незразумела, чаму вытворца ўключае ў апісанне беларускага сцяга словы «федэральны суб'ект Расіі».

Прадаюць і плашч-дажджавік у чырвона-зялёных колерах за 9,98 даляра. Але, здаецца, беларускія сілавікі цалкам могуць за такі ўбор абвінаваціць у здзеку са сцяга. Ды і плашч выглядае не надта зручным, не кажучы пра стыль.

Яшчэ вы знойдзеце на Aliexpress багата цікавых цішотак з прынтамі на беларускія тэмы. У тым ліку і пра трактары — выглядае, што для далёкіх замежнікаў гэта адна з нешматлікіх тэм, па якіх яны ведаюць нашу краіну. Вось такая майка абыдзецца вам у 11,72 даляра:

А гэтая прыгожая цішотка з сэрцайкам цяпер каштуе 4,81 даляра:

Можна падабраць для сябе і беларускі футбольны мерч, але ж далёка не ад усіх клубаў. Больш за ўсё прапаноў ёсць з сімволікай брэсцкага «Дынама». Тут і худзі (ад 22,31 даляра), і світшот (ад 12,54 даляра), і цішотка (ад 8,78 даляра), і нават панамка (ад 4,98 даляра).

Ідзем далей. На Amazon можна знайсці народны строй — па сведчаннях вытворцы, гэты строй беларускі і зроблены ўручную. Стварае яго маскоўская кампанія, убор складаецца са спадніцы, блузы і невялікай камізэлькі. За яго давядзецца заплаціць 149 даляраў.

Яшчэ адна цудоўная знаходка — некалькі пазлаў з выявамі беларускіх славутасцяў. Тут ёсць Мір, Несвіж і мінскі Верхні горад. Усе пазлы складаюцца з 1000 дэталяў і каштуюць 39,99 даляра — бавіць час з такім падарункам можна доўга.

Ёсць на маркетплэйсах і англамоўныя кнігі, часткова ці цалкам прысвечаныя Беларусі. Да прыкладу, гэта кулінарныя выданні — праўда, яшчэ пытанне, наколькі яны даставерныя. Але ж адзначым пераклад кнігі ад вядомай знаўцы беларускай кухні Алены Мікульчык, у электроннай форме ён каштуе 4,99 даляра.

Можна прыдбаць кнігу навукоўца Эндру Ўілсана «Belarus: The Last European Dictatorship» — гэта гісторыя нашай краіны з пачатку 90-х да 2020 года, папяровая кніга абыдзецца ў суму ад 16 даляраў. Хочаце нешта таннейшае? Ёсць томік Артура Чычэстэра «The Burning Edge: Travels through Irradiated Belarus» за 10,96 даляра ў папяровай версіі. Гэта гісторыя падарожжа брытанца, цяпер вядомага па назве свайго ютуб-канала Bald and Bankrupt, па беларускай чарнобыльскай зоне з мноствам водкі, савецкімі аўтобуснымі прыпынкамі і мясцовымі бабулямі.

Чытайце таксама:

На любы бюджэт: 10 небанальных падарункаў да Дня закаханых

Вусы, якія скарылі Польшчу. Ці выйграе беларус Pan Savyan для палякаў «Еўрабачанне»?

Беларусцы прапанавалі зарабіць 18 тысяч рублёў за кароткі танец. І яна справілася

Клас
10
Панылы сорам
0
Ха-ха
8
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?