Начальнік Аршанскага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў Сяргей Барвянкоў. 21 сакавіка 2023 года

Начальнік Аршанскага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў Сяргей Барвянкоў. 21 сакавіка 2023 года

У Воршы на працоўным месцы 4 лютага раптоўна памёр начальнік раённага ўпраўлення ўнутраных справаў Сяргей Барвянкоў. Па неафіцыйных даных, прычынай смерці сталі праблемы з сэрцам.

У лістападзе мінулага года гэтак жа раптоўна і таксама на працоўным месцы памёр намеснік начальніка Шчучынскага РАУС Сяргей Асавік.

У чэрвені 2022 года памёр начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі (ААПП) Баранавіцкага ГАУС Аляксей Гецьман — напярэдадні пры купанні ён скокнуў у ваду і зламаў шыю.

Нябожчыкі-сілавікі былі датычныя да рэпрэсій 2020 года: пад кіраўніцтвам Сяргея Барвянкова адбываліся палітычныя рэпрэсіі; Сяргей Асавік здымаў апазіцыйныя мітынгі на камеру і выклікаў АМАП супраць пратэстоўцаў; Аляксей Гецьман ілжэсведчыў у судах, фабрыкаваў адміністрацыйныя і крымінальныя справы супраць гараджан.

Альянс расследавальнікаў Беларусі вывучыў унутраныя дакументы МУС і выявіў, што з 2020 года па розных прычынах сышлі з жыцця як мінімум некалькі дзясяткаў сілавікоў розных чыноў і рангаў. 

Сярод памерлых дамінуюць супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС (ДА МУС). Яны паміралі дома, на працоўных месцах, у медычных установах.

Часта ў службовых справаздачах 2020—2021 гадоў апісваюцца перадсмяротныя сімптомы — падвышаная тэмпература цела і падазрэнне на пнеўманію, гэта значыць прыкметы COVID-19, які хадзіў у тыя гады, але гэтае захворванне практычна ніколі не паказваецца ў пасведчаннях аб смерці супрацоўнікаў.

Такім чынам, барацьба чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя за прыгожую статыстыку не абышла і сілавікоў. Як гаворыцца, «мёртвым не балюча», а «папера не чырванее».

Супрацоўніка Кастрычніцкага (Гродна) аддзела ДА МУС з дыягназам «пнеўманія» шпіталізавалі ў гарадскую больніцу. Праз некалькі дзён хворы памёр, у пасведчанні аб смерці запісалі «ішэмічная хвароба сэрца».

У віцебскую больніцу з дыягназам «двухбаковая пнеўманія лёгкіх» шпіталізавалі супрацоўніка Чыгуначнага (Віцебск) аддзела ДА МУС. 

Яму паставілі дыягназ COVID-19, падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, але выратаваць не змаглі, хворы памёр. У рапарце МУС аформлена, што «прычына смерці высвятляецца».

Паміралі сілавікі не толькі ад COVID-19, але і ад іншых захворванняў.

24 мая 2020 года ў рэанімацыі Ельскай райбальніцы ад шырокага інфаркту памёр міліцыянт групы затрымання страявога падраздзялення міліцыі аддзялення па ахове аб’ектаў у гарадах Ельску і Нароўлі Мазырскага аддзелу ДА МУС.

Праз чатыры дні ў кардыялагічным аддзяленні Наваполацкай гарадской больніцы памёр супрацоўнік Наваполацкага аддзела ДА МУС, прычына смерці — анеўрызма аорты, хоць за тры месяцы да гэтага ён прайшоў МРЭК, якая прызнала яго прыдатным.

У чэрвені 2020 года ад анказахворвання памёр 38-гадовы інспектар ДАІ Стаўбцоўскага РАУС.

У дакументах, якія маюцца, змяшчаецца інфармацыя аб тым, што сілавікі расставаліся з жыццём шляхам самагубства або гінулі ў выніку няшчасных выпадкаў, зафіксаваныя смерці нават пры нявысветленых абставінах.

У жніўні 2020 года ў падвале жылога дома павесіўся міліцыянт групы затрымання Уздзенскага аддзелу ДА МУС.

6 студзеня 2021 года на брылі пад’езда шматпавярховага дома па вуліцы Рэспубліканскай, 21 у Лідзе знайшлі труп намесніка начальніка міжраённага аддзела КДК Беларусі. Мяркуецца, што ён выкінуўся з 10 паверха.

Праз два дні ў вёсцы Стукацічы Менскага раёна знойдзены міліцыянт групы затрымання батальёна міліцыі Кастрычніцкага (Менск) аддзела ДА МУС.

22 лютага старшына віцебскага АМАПа спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, перарэзаўшы вены на руках і шыі.

Праз пяць дзён у Пінскім раёне на лецішчы знойдзены павешаным пенсіянер МУС, праз чатыры месяцы пенсіянера-шыбеніка знайшлі ў лесапаласе пры дарозе ў Берасцейскім раёне.

Апоўдні 21 красавіка 2021 года ў службовым кабінеце Аршанскага РУУС (якім камандаваў нябожчык Сяргей Барвянкоў) з табельнага пісталета застрэліўся на той момант нядаўна прызначаны начальнік наркакантролю ў званні падпалкоўніка міліцыі.

У Маладзечанскім шпіталі памёр прапаршчык міліцыі, паводле афіцыйнай версіі яго смерць стала следствам няшчаснага выпадку: сарваўся і зваліўся з будаўнічых лясоў.

Зафіксаваны выпадак групавой смерці пры нявысветленых абставінах некалькіх высокапастаўленых супрацоўнікаў.

Улетку на дне возера каля вёскі Спорнае Бабруйскага раёна знайшлі аўтамашыну Nissan X-Trail. Калі аўто выцягнулі з вады, у салоне знайшлі чатыры трупы, сярод загінулых апазналі мясцовага бізнесоўца, ахоўніка і двух падпалкоўнікаў міліцыі.

Наўмысна ці не, але ў дакументах МУС не ўказаная прычына трагедыі.

Ёсць і іншыя не менш дзіўныя выпадкі.

У Пухавіцкім раёне ў доме бацькоў жонкі пры нявысветленых абставінах раптоўна памёр маёр Менскай абласной ДАІ.

У Дзятлаве ў сваёй кватэры знойдзены мёртвым супрацоўнік мясцовага аддзела аховы.

Матэрыял падрыхтаваны Альянсам расследавальнікаў Беларусі з дапамогаю «Кіберпартызанаў».

Чытайце таксама:

Маёр міліцыі, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях у 2020 годзе, больш за год жыў і працаваў у Літве. Яго выкрыла дыяспара

На Мінскай кальцавой дарозе з'явіліся білборды з пагрозамі ад сілавікоў ФОТАФАКТ

Іслам, міліцыя, БТ і Лукашэнка: гісторыя поспеху Ксеніі Лебедзевай

Клас
56
Панылы сорам
3
Ха-ха
7
Ого
11
Сумна
5
Абуральна
8