Юлія Арцюх. Фота з яе інстаграма

Юлія Арцюх. Фота з яе інстаграма

У сацыяльных сетках 36-гадовая Юлія Арцюх, якая вырасла ў вайсковым гарнізоне, любіць разважаць пра сямейныя каштоўнасці, падкрэслівае, як добра бацькі яе выхавалі. А сярод галоўных традыцый у яе сям’і — паездкі па храмах Беларусі.

Мужа ў інтэрв’ю прапагандыстка згадвае як сапраўднага мужчыну з вялікай літары, які бярэ на сябе адказнасць за траіх дзяцей і жонку. Кажа, напрыклад, што ён дапамог сям’і «ўвесці персанальныя санкцыі супраць Захаду» і замест дзвюх патэльняў Tefal, якія прасіла набыць жонка, прывёз з крамы патэльні беларускай вытворчасці.

Скрыншот інстаграма Юліі Арцюх

Скрыншот інстаграма Юліі Арцюх

Дык хто ж гэты паўміфічны афіцэр? Згодна з базай «Белпол», у 2009 годзе Юлія стала жонкай Івана Арцюха. Той працаваў у будаўнічых арганізацыях. Але афіцэр, якога апісвае прапагандыстка, найхутчэй не ён, хоць інфармацыі пра развод з ім у базе няма.

(Першапачаткова ў тэксце было памылкова пазначана, што афіцэр КДБ — Іван Арцюх). 

Па звестках з базы другая дачка Арцюх (2015 года нараджэння) запісаная пад іншым прозвішчам. Яе бацькам пазначаны Уладзіслаў Сняжыцкі, афіцэр КДБ. Абвестку аб продажы яго гродзенскай кватэры Юлія Арцюх нядаўна посціла ў інстаграме.

Сняжыцкі вучыўся ў СПТВ-54 (цяпер гэта Чачэрскі дзяржаўны тэхнічны каледж). Працаваў у Гродзенскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву №4. Пазней стаў супрацоўнікам «Альфы» КДБ.

Уладзіслаў Сняжыцкі. Фота з базы «Белпол»

Уладзіслаў Сняжыцкі. Фота з базы «Белпол»

Дарэчы, з-за сваёй другой дачкі Юлія пачала займацца грамадскай дзейнасцю. У дзяўчынкі выявілі фенілкетанурыю (гэта спадчыннае захворванне, звязанае з парушэннем метабалізму амінакіслот, галоўным чынам фенілаланіну).

— Тады ў краіне можна было набыць толькі імпартныя прадукты, якія каштавалі шмат грошай, у дзіцячых садочках дзецям не арганізоўвалі харчаванне, ды і ў школах таксама. Цяпер дзеткі спакойна ходзяць у садок, школу і ёсць магчымасць купіць айчынныя прадукты, якія не толькі больш даступныя, але і адрозніваюцца сваёй якасцю, — пісала Юлія ў сваім інстаграме.

У інтэрв’ю «Звяздзе» прапагандыстка таксама распавяла пра перашкоды, якія стварала дзяржава: неабходныя хворым дзецям прадукты цяжка было заказваць за мяжой, бо якраз у той час змяніліся патрабаванні ўвозу, павысіліся мытныя пошліны. Праблем было шмат, а пытанне пра сацыяльны кошык неабходных прадуктаў для дзяцей з фенілкетанурыяй ніхто асабліва не спяшаўся вырашаць.

Юлія была сярод тых бацькоў, хто пачаў змагацца за права сваіх дзяцей на якаснае жыццё. Вось якія вынікі яна зрабіла:

— Вельмі важна не сварыцца з дзяржструктурамі, а падыходзіць рацыянальна да пытання, браць сябе ў рукі і ісці вырашаць пытанне. Данесці людзям, якія валодаюць пэўнымі кампетэнцыямі, што вы прыйшлі не скандаліць, не нагрузіць дадатковай работай чалавека, а хочаце вырашыць праблему свайго дзіцяці. 

Юлія б магла застацца вядомай дзякуючы вось такім дасягненням. Але ж яна марыла быць зоркай. 

Тое, як хочацца жанчыне хоць крышачку наблізіцца да небажыхароў, кідаецца ў вочы. Напрыклад, яна апублікавала фота кніжкі Міхаіла Мясніковіча «Так было. + Асабістае» і падкрэсліла, што былы прэм’ер-міністр сам падарыў экзэмпляр яе бацьку.

Скрыншот інстаграма Юліі Арцюх

Скрыншот інстаграма Юліі Арцюх

Чытайце таксама: У прадмове двойчы цытуецца Пуцін і ні разу Лукашэнка — рэцэнзія на хаатычныя мемуары Мясніковіча

У кантэксце гэтага прапагандыстка паведаміла падпісчыкам, што і сама абавязкова напіша кнігу. І падрабязна распавядзе, як Мясніковіч дапамагаў ёй рыхтавацца да экзамена па філасофіі на адным з сямейных мерапрыемстваў.

— А пасля, разам з жонкай Людмілай, адвезлі мяне дадому. Гэта быў пачатак 2000-х, але, мабыць, з вышыні свайго досведу мяне пакінулі адну, старанна ўсё агледзеўшы.

Што і чаму шукаў у той кватэры Мясніковіч — загадка.

Ва ўласнасці Арцюх, па даных «Белпол», дом у вёсцы Слабодка пад Фаніпалем, пабудаваны з прыцягненнем ільготнага крэдыту.

Скрыншот інстаграму Юліі Арцюх

Скрыншот інстаграму Юліі Арцюх

Час магчымасцяў для Арцюх настаў у 2020 годзе, калі з тэлебачання праз маральныя прынцыпы сышло шмат дасведчаных супрацоўнікаў, а кіраўніцтву трэба было хоць кімсьці забіваць эфір. На першы план выйшлі не прафесійныя якасці, а адсутнасць сумлення і гатоўнасць з сур'ёзным тварам рабіць максімальна абсурдныя заявы.

Фота: «СБ»

Фота: «СБ»

Згодна з афіцыйнай версіяй, Кірыл Казакоў, які тады выконваў абавязкі генеральнага дырэктара СТБ, убачыў эмацыянальны выступ Арцюх на жаночым форуме «За Беларусь» і прапанаваў ёй весці ўласную рубрыку на тэлебачанні.

Які ў Арцюх быў досвед у журналістыцы да 2020 года? Нулявы. Яна шчыра кажа, што ўсё жыццё была толькі тэлегледачом. Але ж працавала так старанна, што хутка трапіла ва ўкраінскую базу «Міратворац».

Былыя аднакласнікі новаспечанай прапагандысткі не ацанілі яе «творчасць». Калі Арцюх піша пра іх, то намякае, што з-за яе намаганняў нехта з былых сяброў мог папасці за краты.

Скрыншот інстаграма Юліі Арцюх

Скрыншот інстаграма Юліі Арцюх

— Перыядычна тэлефануюць і папісваюць замежныя змагары. Вось і сёння нехта тэлефанаваў. А я зайшла ў сваю асабістую ГУ БАЗУ з архіўнымі данымі пагроз і абраз. Мае былыя аднакласнікі тады моцна стараліся ў гэтым кірунку. Цікава, дзе яны цяпер. Адзін з іх пісаў у агульным чаце, што на вечар сустрэчы выпускнікоў ніколі не прыйдзе, калі там буду я, бо ён мяне ненавідзіць. А я вось думаю, у СІЗА хіба ёсць вечары сустрэч, ды і навошта мне туды ісці.

Здаецца, на тэлебачанні зорка Юліі Арцюх згасла так хутка, як і ўспыхнула. Апошні раз яе аўтарская рубрыка «Нягладка» выходзіла на СТБ 18 лютага 2022 года. Сама Юлія з'яўлялася ў навінах у верасні мінулага года — і тое не як журналістка, а як старшыня грамадскага аб'яднання «Будучыня без межаў» (якое дапамагае дзецям з фенілкетанурыяй). А да гэтага яна была на экране ў ліпені — удзельнічала ў моладзевым фестывалі на беразе Бярэзіны і давала каментар як «грамадскі дзеяч». Часам яе запрашаюць у ток-шоу як шматдзетную маці. Апошні сюжэт, дзе Юлія была ў кадры як карэспандэнтка, выйшаў на СТБ у маі 2023 года.

Праграмы «У людзях» на тэлеканале «РТР-Беларусь», у якой Арцюх удзельнічала, не было ў раскладзе ў мінулую нядзелю, у наступную яе таксама няма.

Скрыншот інстаграма Юліі Арцюх

Скрыншот інстаграма Юліі Арцюх

Цяпер Арцюх марыць атрымаць ролю ў мастацкім фільме — абавязкова пра вайну. 

Чытайце таксама:

Былая супрацоўніца СТБ: Азаронак адным з першых скінуўся грашыма аператару на Акрэсціна, а Пуставы справаздачыўся маме, што паеў

Новая прапагандыстка СТБ Юлія Арцюх: Мне незразумела, чаму я раптам стала пачвара і поскудзь

Былая прапагандыстка СТБ, якая шукала працу ў IT, выдаліла свой акаўнт у Linkedin

Клас
11
Панылы сорам
95
Ха-ха
21
Ого
7
Сумна
10
Абуральна
52