Фота: NurPhoto / Contributor Getty Images

Фота: NurPhoto / Contributor Getty Images

Як напісаў Ілан Маск, першая аперацыя па ўстаноўцы чыпа вытворчасці кампаніі Neuralink у мозг чалавека прайшла паспяхова і паказвае шматабяцаючыя вынікі, а сам пацыент адчувае сябе добра.

Ужыўлены чып атрымаў камерцыйную назву «Тэлепатыя». 

«Чып дазваляе кіраваць вашым тэлефонам, камп'ютарам і амаль любой прыладай пры дапамозе толькі сілы думкі.

Першымі карыстальнікамі стануць тыя, хто страціў здольнасць рухаць канцавінамі», — падкрэсліў Ілан Маск.

У самой кампаніі Neuralink не раз заяўлялі, што з дапамогай новых чыпаў стане магчымым лячэнне такіх захворванняў, як параліч і слепата. Таксама прылады закліканы дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі больш шырока выкарыстоўваць камп'ютары і іншыя новыя тэхналогіі.

Адна з функцый чыпаў Neuralink — інтэрпрэтацыя генераваных мозгам сігналаў і перадача інфармацыі на прылады праз Bluetooth.

Як пісала яшчэ летась агенцтва Bloomberg са спасылкай на ўнутраныя дакументы кампаніі Neuralink, адна аперацыя па імплантацыі прылады будзе ацэньвацца ў 10,5 тысячы даляраў з чалавека, што ўключае ў сябе абследаванне, усталёўку і кошт самаго чыпа.

Усяго плануецца правесці 22 820 хірургічных аперацый да 2030 года, што павінна прынесці кампаніі да 100 мільёнаў даляраў прыбытку.

  • Паводле бізнэс-плану Neuralink, у 2024 годзе кампанія плануе здзейсніць 11 імплантацый.
  • У 2025 годзе колькасць аперацый будзе павялічана да 27, а ў 2026-м — да 79.
  • Затым колькасць патэнцыйных кліентаў павінна вырасці да 499 у 2027 годзе, што пацягне за сабой 22 204 аперацыі з 2028 па 2030 год.
«Аперацыямі, акрамя прафесійных хірургаў, будзе займацца і асобны хірургічны робат, які будзе адказваць за пазбяганне крывацёку ў пацыентаў. Чакаецца, што ўвесь працэс зойме некалькі гадзін, уключаючы 25 хвілін на імплантацыю самога чыпа ў мозг чалавека», — паведамляла Bloomberg.

Агенцтва таксама адзначала, што пасля аперацыі да галавы пацыента будуць прымацоўваць маленькі пульт-камп'ютар памерам з кубік лёду, каб чалавек мог карыстацца і кіраваць чыпам у мозгу. Акамулятара Neuralink будзе хапаць на некалькі гадзін з магчымасцю бесправадной падзарадкі пры дапамозе спецыяльнай фірменнай кепкі.

Нагадаем, што раней тэхналогія Neuralink прайшла паспяховае тэставанне на малпах.

На думку Ілана Маска, новая распрацоўка асабліва важная на фоне засцярогаў, што штучны інтэлект можа аднойчы замяніць людзей у розных галінах жыцця. Чып можа стаць сапраўдным і моцным камп'ютарам у галаве чалавека.

Чытайце таксама:

«Тэхас — наш!» АНТ апублікаваў фэйкавы допіс Маска

Кіраўніца перадвыбарнага штаба Ціханоўскай набыла «Тэслу». У твітары пакупку ацанілі не ўсе

Навукоўцы распрацавалі прышчэпкі без балючых уколаў — адразу пад скуру. Вось як гэта працуе

Клас
8
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
1