Дзмітрый Пазнякоў. Калаж «Нашай Нівы»

Дзмітрый Пазнякоў. Калаж «Нашай Нівы»

Дзмітрыю Пазнякову 42 гады. Ён, імаверна, родам з Берасцейшчыны, бо большую частку жыцця прапрацаваў там.

Наколькі вядома, мужчына некалі быў вайскоўцам у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе. Прынамсі, такія звесткі ёсць у базе «Кіберпартызанаў» за 2008 год.

Пасля Дзмітрый працаваў ваенкамам у Брэсцкай вайсковай камендатуры, а таксама год выкладаў на ваенным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Ёсць нават падручнік, які ён напісаў для БДУ у суаўтарстве ў 2020-м.

Імаверна, што ў апошнія гады ён выкладаў на ваенным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Там ён у 2022 годзе ў суаўтарстве напісаў падручнік ды навуковы артыкул.

Па звестках з электронных бібліятэчных каталогаў, Дзмітрый — суаўтар двух дапаможнікаў: па зенітных комплексах блізкага дзеяння, а таксама па ўстройстве БМП-2, прызначаных для студэнтаў ваенных спецыяльнасцяў.

Па звестках з кантактных кніг, Дзмітрый мае званне падпалкоўніка.

Калі пачалася вайна з Украінай, то прозвішча мужчыны ўсплыло на ўкраінскіх рэсурсах у спісах брэсцкіх дэсантнікаў. Прапанавалася пераконваць яго не атакаваць Украіну, выкладаліся нават тэлефоны ды іншыя кантактныя звесткі меркаваных дэсантнікаў (частка з іх даўно не служыла ў частцы).

Дата затрымання Пазнякова невядомая. Дзмітрыя асудзілі 20 лістапада 2023 ў Брэсцкім абласным судзе. Яму інкрымінавалі ч. 2 артыкула 356 Крымінальнага кодэкса — «Здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай». Па ім прадугледжанае пакаранне ад 10 да 20 гадоў турмы. Якое пакаранне атрымаў дэсантнік, невядома.

16 студзеня 2024 года прайшла апеляцыя па справе Пазнякова. Прысуд уступіў у сілу.

Чытайце таксама:

Айцішніка з-пад Ліды судзяць за «здраду дзяржаве». Ён доўгі час жыў у Германіі, але вярнуўся ў Беларусь

«Хацела адзначыць юбілей з сям'ёй». Што вядома пра Аляксандру Каско, якой прысудзілі 10 гадоў пасля вяртання ў Беларусь

Што новага правяраюць у тэлефонах на мяжы пры вяртанні ў Беларусь

Клас
6
Панылы сорам
7
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
9
Абуральна
61