Паводле крыніц выдання, Дзмітрый Белякоў і Аркадзь Грачоў падалі ў Расавіяцыю дакументы аб тым, што яны перавучваліся на Falcon 10 у ЗША. Аднак, як устанавіла расследаванне, навучання ў цэнтры яны не праходзілі і падрабілі дакументы, каб выконваць рэйсы на бізнэс-джэце.

Расследаванне таксама ўстанавіла, што камандзірам экіпажа быў Дзмітрый Белякоў, які не падаў звестак пра свой узровень англійскай мовы.

Стан самога Falcon 10 таксама выклікаў пытанні: згодна з высновамі экспертаў, на 45-гадовым самалёце не было выканана больш за 15 абавязковых прац па тэхабслугоўванні, борт не праходзіў абавязковае паўгадавое абслугоўванне, і ў яго амаль на два гады было пратэрмінаванае выкананне еўрапейскай дырэктывы лётнай прыдатнасці, якая загадвае выканаць інспекцыю трубаправодаў гідрасістэмы на прадмет наяўнасці пашкоджанняў з-за вібрацый.

Falcon 10 упаў у гарах Афганістана 21 студзеня. На борце было шэсць чалавек. Пасажырамі на борце Falcon, які знік у гарах Афганістана, былі муж і жонка Ганна і Анатоль Еўсюковы — прадпрымальнікі з Валгадонска. Жанчыну на апараце ШВЛ везлі з Тайланда на экстранную шпіталізацыю. Сужэнцы загінулі. Дакладныя прычыны і абставіны іх смерці невядомыя.

Пілоты і медыкі выжылі, правёўшы больш за суткі на марозе. Як раней распавядалі выжылыя лётчыкі, над гарамі ў іх пачаліся тэхнічныя праблемы, яны звязаліся з дыспетчарам і сталі шукаць месца для экстранай пасадкі. Бліжэйшая апынулася ў Афганістане. Але даляцець да яе борт не змог. Экіпаж пасадзіў яго на піку гары.

Клас
3
Панылы сорам
25
Ха-ха
8
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
11