Фота: AP Photo / Sakchai Lalit

Фота: AP Photo / Sakchai Lalit

Наколькі вядома, музыкі з «Бі-2» цяпер знаходзяцца ў адной з турмаў Бангкока. Іх трымаюць у адкрытай камеры пад пяклівым сонцам, тэмпература на вуліцы складае да 35 градусаў, ніякага ценю няма. Акрамя таго, у камеру часам падсаджваюць рускамоўных «перамоўцаў» — тыя пужаюць музыкаў наступствамі іх справы і намякаюць на хабар.

Па расказах былых вязняў, якія пабачылі знутры турмы Бангкока, можна меркаваць, з чым цяпер сутыкаюцца музыкі. Да прыкладу, ёсць сведчанне актывіста Рангсімана Роме, які знаходзіўся ў турме Клонг Прэм.

Вязням Клонг Прэм не выдаюць матрасы, замест гэтага арыштанты спяць на тонкіх коўдрах. Харчаванне там жудаснае — тую ежу ядуць толькі вязні, якім не дапамагаюць з волі ці якія не могуць самі сабе згатаваць ежу. Збольшага ў той час кармілі благім рысам ці кашай, да якой дадавалі суп ці іншыя стравы.

Міграцыйная турма ў Бангкоку. Фота: ucanews.com

Міграцыйная турма ў Бангкоку. Фота: ucanews.com

Вязні-землякі аб'ядноўваюцца ў спецыяльныя групіроўкі — дамы. Унутры іх вязні дзеляцца падарункамі і прыглядаюць адзін за адным, а калі ў кагосьці з дома ўзнікне канфлікт з чалавекам з іншай групіроўкі, на яго боку выступіць увесь дом.

Ёсць у Бангкоку і адмысловая міграцыйная турма, якую наведаў у 2010-х расіянін Алег Наваселаў. Вось што ён расказваў пра той досвед: «Уявіце, сто чалавек у адной бетоннай скрынцы, месца няма, спяць усе на падлозе, ніякіх ложкаў. Падушак таксама няма — выдаюць нейкія анучы, ну і як хочаш, так і круціся, рабі з іх пасцелю.

Кормяць выключна рысам. Часам я бачыў агуркі, або, памятаю, давалі яйка. Вада, якую мы пілі, мела пах чагосьці неверагодна тухлага. А што рабіць? Трэба піць, іншай не дадуць. У камеры лёталі невядомыя мне насякомыя, поўзалі яшчаркі. У камеры спякотна, потна».

Сумнай славе тайскіх турмаў ужо шмат гадоў. У справаздачы ААН 2019 года іх найвялікшай праблемай назвалі перапоўненасць — нават па афіцыйнай статыстыцы нормы па колькасці людзей перавышаныя больш чым удвая. Ёсць праблемы з доступам да медыцыны, вязні атрымліваюць мала ежы і пітнай вады, якасць прадуктаў і вады вельмі благая. Дадамо да гэтага дрэнныя санітарныя ўмовы і існаванне закрытых супольнасцей сярод вязняў, дзе трэба жыць па пэўных правілах.

Міграцыйная турма ў Бангкоку. Фота: ucanews.com

Міграцыйная турма ў Бангкоку. Фота: ucanews.com

Ёсць і практыка турэмных пакаранняў — часам гаворка можа ісці пра катаванні і адмыслова дрэннае лекаванне. Вязняў прымушаюць цяжка працаваць і даюць за гэта мізэрную ўзнагароду, нярэдка выкарыстоўваюць кайданкі і аналагічныя сродкі абмежавання ў рухах. Нарэшце, вязняў беспадстаўна абмяжоўваюць у магчымасці бачыцца з сям'ёй ці сябрамі і атрымліваць ад іх карэспандэнцыю.

Апошнія гады колькасць вязняў у Таіландзе павялічвалася, адпаведна і пагаршаліся турэмныя ўмовы. Пасля змовы вайскоўцаў 2014 года сітуацыя стала яшчэ горш, у дадатак мясцовы ўрад пачасціў выкарыстанне ваенных аб'ектаў у якасці турмаў.

Адна з апошніх справаздач пра тайскія турмы — даклад праваабарончай арганізацыі FIDH за 2022 год. Эксперты адзначаюць, што тамтэйшыя вязні дагэтуль сутыкаюцца з жорсткім і бесчалавечным абыходжаннем, і ўмовы ўтрымання людзей амаль не паляпшаюцца. Але ж улады патроху спрабуюць даць рады сітуацыі — напрыклад, афіцыйна адмененыя кантракты, паводле якіх вязняў прыцягвалі да пляцення рыбалоўных сетак, з 2019 года павольна зніжаецца агульная колькасць вязняў у краіне.

Чытайце таксама:

Удзельнікаў гурта «Бі-2» трымаюць на спёцы ў камеры пад адкрытым небам

Гурт «Бі-2» знаходзіцца ў цэнтры затрымання міграцыйнай паліцыі на Пхукеце

Удзельнікаў «Бі-2» могуць дэпартаваць у краіну выдачы пашпарта

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
9
Абуральна
23

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?