Фота: Zhaodi Liao et al / Nature Communications

Фота: Zhaodi Liao et al / Nature Communications

Кланаванне прыматаў дагэтуль выклікае шмат пытанняў. Шмат у каго гэта выклікае трывогу, бо набліжае дзень, калі хтосьці пачне масава кланаваць людзей. Для іншых гэта жаданая з’ява. Так, многія даследчыкі-медыкі палічылі б генетычную стандартызацыю, якую прыносіць кланаванне, карыснай, асабліва калі б яе можна было прымяніць да двух відаў малп — макак-крабаедаў і макак-рэзусаў, якія з'яўляюцца асновай медычных даследаванняў на прыматах, не ўлічваючы чалавека.

Асабліва некаторых даследчыкаў цікавіць масавы выраб малпаў з «клінічна цікавымі» генетычнымі мадыфікацыямі. Такое кланаванне — мэта Сунь Цяна з Інстытута неўралогіі Кітайскай акадэміі навук у Шанхаі. У 2018 годзе доктар Сун трапіў у загалоўкі навін, калі здолеў вырасціць дзвюх кланаваных макак-крабаедаў. У наступным годзе ён і яго група паўтарылі той жа трук з пяццю геннамадыфікаванымі макакамі-крабаедамі. Цяпер жа яны ўпершыню здолелі кланаваць макаку-рэзуса: паведамляецца, што ў іх інстытуце знаходзіцца здаровы двухгадовы (але не мадыфікаваны генетычна) самец.

Кланаванне тут азначае ўзяцце клеткі з цела жывёлы, выманне яе ядра і ўстаўку ў неаплодненую яйцаклетку таго ж віду, у якой было выдалена ўласнае ядро, каб вызваліць месца. У выніку атрымліваецца зігота, якая захоўваецца да таго часу, пакуль не стане бластацыстай, пасля чаго яна імплантуецца ў матку самкі гэтага віду. Калі ўдача ўсміхнецца намаганням, то праз некалькі месяцаў вынікам стане здаровае дзіцяня, генетычна ідэнтычнае жывёліне, якая ахвяравала клетку свайго цела.

Трансфер ядра ў саматычныя клеткі (як афіцыйна называюць гэтую тэхналогію) пачаўся са знакамітай авечкі Долі, якая ў 1996 годзе стала першым сысуном, кланаваным з дарослай асобіны гэтым метадам. Але ўзровень поспеху гэтай тэхналогіі нізкі. Для большасці відаў толькі 1-3% імплантатаў даюць жыццяздольную нованароджаную асобіну. Нават для буйной рагатай жывёлы, дзе каэфіцыенты лепшыя, поспех адбываецца толькі ў 5-20% выпадкаў. На гэты момант грошы на кланаванні зарабляюць толькі кампаніі, якія клануюць хатніх жывёл і коней, распавядае The Economist. 

Калі навукоўцы хочуць зрабіць кланаванне жывёл навукова карыснай тэхналогіяй, ім спатрэбяцца лепшыя тэхналогіі кланавання, над якімі і працуе цяпер доктар Сун. Атрыманы вынік пакуль яшчэ далёкі да выкарыстання ў прамысловых маштабах, але ўжо з’яўляецца добрым вынікам для далейшага вывучэння новых тэхнік кланавання.

Чытайце таксама:

Кланаванне любімых коцікаў і сабачак пасля іх смерці робіцца масавай з'явай у ЗША

Каб расплаціцца з доўгам, Шры-Ланка перадасць Кітаю 100 тысяч макак. Але для чаго?

Кітай хоча прымусіць малпаў размнажацца ў космасе

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2