Алег Кірлік. Фота з суполкі па ягонай падтрымцы ў тэлеграме

Алег Кірлік. Фота з суполкі па ягонай падтрымцы ў тэлеграме

Думаў, што рука адарвалася і ляжыць у рукаве

Алег з'ехаў з Беларусі пасля падзей 2020 года. У Польшчы атрымаў міжнародную абарону. Працаваў тут электрыкам і кур'ерам, здымаў пакой у хостэле. Тое, што змяніла яго жыццё, здарылася ў лістападзе 2023 года, калі мужчына ехаў на скутары па чарговую замову.

«Ішоў дождж і было вельмі мокра, — расказвае беларус. — Я быў у акулярах для зроку і ў шлеме з падрапаным пластыкавым забралам. Калі я заходзіў у паварот, не заўважыў слуп. Ён як быццам з'явіўся зніадкуль, як быццам імгненна вырас перад самым носам. Нос я паспеў ухіліць, а вось плячо — не».

Мужчына падняўся і зразумеў, што чагосьці не хапае. Рука. Ён яе не адчуваў і думаў, што тая адарвалася і ляжыць у рукаве курткі. Але так толькі здавалася. Каб прыйсці ў прытомнасць, беларус сеў у гурбу і стаў чакаць лекараў.

Алег — вельмі эмацыйны чалавек. Страх за сваё жыццё і адчуты шок прывялі да зрыву, праз што мужчына паводзіў сябе ў лякарні «крыху няправільна». Ён не адказваў на пытанні, не даваў дакументаў і толькі паўтараў: «У мяне ёсць брат».

Брат прыехаў праз некаторы час і дапамог ва ўсім разабрацца. Урэшце Алега адвялі ў рэнтген-кабінет, каб зрабіць здымак.

«На здымку костка была цэлая, пералому не было, — кажа Алег. — Я тады падумаў, што, значыць, у мяне ўсё добра, а боль з часам пройдзе, я яго проста ператрываю. Лекары мне параілі купіць ібупрафен».

У мужчыны не было медстрахоўкі. Дактары сказалі прымаць абязбольвальнае, а калі боль не пройдзе, то прыйсці да іх яшчэ раз.

Лекар сказаў: «Ты інвалід»

Боль не праходзіў, а ібупрафен не дапамагаў. Стала толькі горш. Алег расказвае, што любы дотык да рукі прычыняў боль, нават кроплі дажджу, якія на яе падалі.

Праз тры тыдні мужчына стаў адчуваць, што нешта не так: «Занадта доўга баліць». Пачаліся і бачныя змены, рука стала ўсыхаць, мяняўся знешні выгляд кісці, перадплечча, пляча, лапаткі.

«Я трываць гэты боль магу, але бачыць гэтую руку… — кажа мужчына з дрыжыкамі ў голасе. — Я бачыў гэтую кісць, якая ўсыхае. Яна стала худая. Вялікі палец выцягнуўся як суперлайк».

З-за праблем са здароўем мужчына не мог працягваць працаваць, і ў яго заканчваліся грошы. Каб заплаціць за хостэл, прыйшлося прадаць аўтамабіль.

Атрыманую суму таксама выдаткавалі на візіты да прыватных лекараў: неўролага і траўматолага. Лекары прапісалі абязбольвальныя, вітаміны і накіраванні на абследаванні: МРТ шыйнай зоны і плечавога сустава, а таксама даследаванне нерваў рукі. Яны ж агучылі і папярэдні дыягназ: пашкоджанне або адрыў нервовых канчаткаў ад спіннога мозгу.

«Калі я прыйшоў да траўматолага, ён убачыў мяне і спалохаўся, — кажа Алег. — Дзядзьку 60 гадоў, а я бачу, што ён занерваваўся. Ён пачаў хадзіць вакол мяне, глядзець, слухаць. Ён сказаў: «Прысядзь, хлопец, ты ў Беларусь не можаш паехаць? Таму што тут ты не вывезеш. Ты інвалід». Тады я зразумеў, што ўсё сур'ёзна».

У Беларусь мужчына паехаць не можа. Ён удзельнічаў у акцыях пратэсту 2020 года, прычым вельмі актыўна і ў чымсьці безразважна. Алег успамінае, як бег насустрач бусіка з АМАПам, які пад'ехаў, каб адцягнуць іх увагу і даць астатнім людзям магчымасць уцячы: «Яны пагналіся за мной, А я без праблем сышоў ад пагоні».

«Тысячы не хапае? Дык лаві!»

Дзесьці два тыдні таму беларус зразумеў, што трываць больш няма сіл, трэба нешта вырашаць, трэба знайсці дзесьці грошы на абследаванні. Брат як мог дапамагаў Алегу, але ў яго былі і свае праблемы: трэба было заплаціць за арэнду кватэры і памяшканні для тату-салона.

«Аднойчы брат мне даслаў эсэмэску, — спрабуючы стрымаць слёзы, кажа Алег. — Давай, можа, паспрабуем папрасіць дапамогі ў чаце дыяспары. Я сказаў: «Давай паспрабуем». Ён папрасіў скінуць дакументы, якія засталіся пасля наведвання дактароў, зрабіць фота рукі. І калі я глядзеў у люстэрка на сваю руку, робячы фота, я адчуў безнадзейнасць. Я ўпершыню заплакаў».

Браты размясцілі пост у чаце ў фэйсбуку 16 студзеня. Беларусы адгукнуліся. Алег, усміхаючыся скрозь слёзы, кажа, што калі брат яму сказаў, што прыйшлі першыя 10 злотых, ён афігеў: «Гэта было як святло ў канцы тунэля». Потым прыйшлі яшчэ 20 злотых. Яшчэ 20. Яшчэ 30. Алег кажа, што ў лядоўні ў яго тады быў толькі кавалачак сыру, таму ён спытаў у брата, ці можна схадзіць у краму і купіць прадуктаў. «Вядома!» — адказаў Павел.

«Я купіў каўбасы, слоік агуркоў хрумсткіх, хлеба, восем булачак па 33 грошы, малака, вады, маянэзу. Бульбы купіў — у мяне сусед добры, ён вернік, ходзіць у царкву, ён мне заўсёды дапамагае стругаць бульбу».

Суму, якая патрэбна была на абследаванні, сабралі ўжо ўвечары. Кожны скідаў хто колькі мог. Адзін чалавек проста спытаў у братоў пра тое, колькі не хапае: «Тысячы не хапае? Дык лаві».

Дапамагалі не толькі грашыма, але і добрым словам. Алег кажа, што яму прыйшло шмат паведамленняў, у якіх пісалі тое, чаго ён ніколі раней ні ад кога не чуў.

«І гэта было ад людзей, якіх я нават не ведаю, вось у чым рэч, — кажа мужчына з дрыжыкамі ў голасе ад эмоцый. — Ад людзей, у якіх, я ўпэўнены, вельмі шмат сваіх праблем і пытанняў. Але яны былі ўсе добрыя да мяне, як быццам ведалі мяне даўно. Мне так хочацца іх усіх абняць, прычым кожнага паасобку».

«Цяпер усё будзе па-іншаму»

Лекары не даюць ніякіх прагнозаў. Па словах Алега, траўматолаг сказаў, што ў яго мала часу, а лячэнне трэба было пачынаць «яшчэ ўчора». Цяпер мужчына адчувае вострыя і рэзкія болі, і каб іх не адчуваць, трэба прымаць абязбольвальныя: па тры таблеткі раніцай і ўвечары і два ўколы ў дзень.

«Пальцы ў мяне трохі рухаюцца, я магу дулю скруціць, напрыклад, — жартуе беларус. — Магу крышачку сціскаць. Каб памыць падпаху, я хапаюся хворай рукой за ручнік, які вісіць на кручку, і другой рукой мыю».

Браты не здаюцца. Цяпер яны займаюцца афармленнем добраахвотнай медстрахоўкі NFZ, якая дазволіць атрымаць медыцынскую дапамогу. Але для пачатку трэба заплаціць штраф за перапынкі ў страхаванні — амаль 1500 злотых.

Калі ўсё будзе гатова, Алег плануе легчы ў бальніцу. Калі мужчына фатаграфаваў сябе для таго самага паста ў фэйсбуку, то адчуваў сябе ў безнадзейным становішчы.

«Але цяпер… Цяпер я ведаю, што ўсё будзе па-іншаму», — усміхаецца ён.

Чытайце таксама:

«Пры выездзе з краіны беларусы застаюцца гэткай жа часткай нацыі, як і тыя, хто жыве на радзіме»

Лідар гурта «Дзецюкі»: Толькі не спрабуйце разважаць, што ў 2020-м можна было б адсядзецца і цяпер спакойна жыць у Беларусі

Алег Кулеша: «Спыняцца нельга. Бо ў беларускіх вязніцах і сёння, і заўтра людзі ўстануць ранкам і будуць грэбці снег»

Клас
27
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
13
Абуральна
1