Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP 

Пазбавіўся нацыянальнай сімволікі, ад другога тэлефона з падпіскамі адмовіўся

Кірыла кажа, што на першы погляд яго жыццё цяпер глабальна не адрозніваецца ад таго, што было да выбараў 2020 года, але адзначае некалькі момантаў.

Напрыклад, давялося пазбавіцца ад БЧБ-сімволікі.

«У мяне дома вісеў сцяг з тых часоў, калі гэта не было мэйнстрымам. Яшчэ да падзей 2020 года ён дапамагаў вылучыць «сваіх», калі нехта са знаёмых першы раз бываў у мяне дома ці калі з дастаўкай прыходзіў нейкі кур’ер або іншы незнаёмы чалавек.

Многія звярталі ўвагу, выказваліся станоўча, некаторыя прызнаваліся, што дома ці ў машыне таксама маюць БЧБ-сцяг», — згадвае суразмоўца.

Не проста прыбраць, але і фізічна пазбавіцца нацыянальнай сімволікі мужчына вырашыў толькі ў 2022 годзе.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Пасля пачатку вайны ва Украіне сітуацыя з рэпрэсіямі толькі пагоршылася, таму, узважыўшы ўсе за і супраць, вырашыў, што трымаць БЧБ-сцяг дома — небяспечна. Настаў такі час, што калі ў цябе на сцяне ён вісіць, то пасля візіту кур’ера або зборшчыка мэблі да цябе могуць прыйсці іншыя «госці», — лічыць Кірыла.

Малады чалавек кажа, што па-ранейшаму актыўна сочыць за навінамі, хоць заблакаваныя ў Беларусі медыя амаль не чытае.

«Год-паўтара пасля выбараў у мяне быў асобны смартфон, які ляжаў дома, там быў VPN і падпіскі на розныя тэлеграм-каналы, але з часам я стаміўся і адмовіўся ад такой практыкі».

Апроч гэтага, малады чалавек адзначае, што больш стрымана выказвае свае думкі ў грамадскіх месцах і кампаніях дзе ёсць нейкі чалавек, погляды якога яму невядомыя.

Мужчына адзначыў, што 2024 год спачатку сустракаў у 23:34.

Фота: скрыншот з навагодняга відэазвароту Ціханоўскай

Фота: скрыншот з навагодняга відэазвароту Ціханоўскай

«Пачаў віншаваць сяброў і высветлілася, што многія ўжо забыліся на гэтую традыцыю, хоць раней былі даволі палітызаваныя. Я і сам сёлета ўпершыню з 2020 года не глядзеў віншаванне Ціханоўскай на Новы год, але і Лукашэнку, натуральна, таксама не глядзеў».

«Юрыдычна я чалавек чысты»

Іншы суразмоўца прызнаецца, што жыве з пэўнымі засцярогамі праз тое, што быў актыўны ў 2020 годзе, але з'язджаць з краіны не плануе.

«Апроч пратэстаў 2020 года, я паспеў прыняць удзел у адной з антываенных акцый. Мне шанцавала, я ніколі не быў затрыманы, таму юрыдычна я чалавек чысты», — кажа Барыс.

Думкі з'ехаць з Беларусі ў яго былі, але, узважыўшы ўсе за і супраць, ягоная сям'я вырашыла застацца.

«Я маю невялікі бізнэс, які немагчыма рэлакаваць, у Беларусі я годна зарабляю, маю сваё жытло, машыну. Пераезд у іншую краіну для мяне будзе азначаць пагаршэнне ўзроўню жыцця», — прызнаецца мужчына.

Ён, як і раней, сочыць за навінамі, але робіць гэта асцярожна, каб не патрапіць у поле зроку сілавікоў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Каментары не пішу, профіль у інстаграм маю закрыты, навіны чытаю, але на ўсялякі выпадак выдаляю гісторыю пошуку. Спачатку было нязручна, а потым увайшло ў звычку».

Мужчына кажа, што калі не браць аспект палітычны, то для яго жыццё ў Беларусі за апошнія гады не пагоршылася.

«Мы можам дазволіць сабе адпачываць некалькі разоў на год. У мяне і дзіцяці ёсць візы, таму выехаць у Еўропу нескладана, галоўнае, каб не было вялікай чаргі. Калі разглядаць адпачынак у Італіі ці Іспаніі, то я і раней вылятаў з Вільні або Варшавы, таму ў гэтым сэнсе глабальна нічога не змянілася».

Барыс адзначае, што ён па-ранейшаму стараецца час ад часу ўжываць беларускую мову, вучыць ёй свайго сына.

«Для мяне гэта важна, таму сыну чытаем кнігі на беларускай, прышчэпліваем любоў да Беларусі, падарожнічаем па краіне».

Па назіраннях Барыса, у Беларусі па-ранейшаму застаецца шмат «нашых» людзей, проста ў новых умовах яны вымушаны быць менш прыкметнымі і больш асцярожнымі.

«Калі казаць агулам, то чалавек усё ж такая істота, якая да ўсяго прызвычайваецца. Здаецца, пандэмія, выбары, вайна зрабілі нас больш трывалымі да негатыву, бо інакш можна з'ехаць з глузду, калі будзеш увесь час трымаць негатыў у галаве».

Раней ездзілі на закупы, цяпер складанасць з візай

Сяргей прызнаецца, што ні цяпер, ні раней асабліва не цікавіўся палітыкай.

«Наша сям'я не бачыць розніцы паміж сваім жыццём да выбараў і пасля », — кажа ён.

Суразмоўца прызнаецца, што ягоная палітычная актыўнасць у 2020 годзе была нулявая. 

«Мы з жонкай нават не хадзілі на выбары, бо разумелі, што нічога не зменіцца, што Лукашэнка і далей будзе кіраваць краінай, пакуль ён будзе гэтага хацець», — лічыць Сяргей.

Адзінае, што на яго думку змянілася — колькасць сяброў, якія за гэты час з’ехалі з Беларусі і цяпер жывуць у розных краінах свету.

«Сяброў і знаёмых праз гэта засталося менш, нехта з’ехаў па палітычных матывах, іншыя па эканамічных, трэція праз вайну. Знешне, напэўна, стала больш дзяржаўных сцягоў на вуліцы. 

Візу адкрыць стала складана, таму ад паездак у Еўропу пакуль давялося адмовіцца. Раней мы часцяком ездзілі па закупы ў Польшчу. Напэўна, візавыя складанасці — гэта самае адметнае, што адрознівае жыццё цяпер і тады», — кажа Сяргей.

Напружвае насаджэнне ідэалогіі, але спрабуюць проста жыць

Крысціна звязвае змены не толькі з выбарамі 2020 года, але і шэрагам іншых негатыўных падзей, пачынаючы ад пандэміі каранавіруса і заканчваючы вайной ва Украіне.

«Калі параўноўваць жыццё з 2019 годам, то розніца сапраўды істотная, яна асабліва заўважаецца менавіта тады, калі ты пачынаеш пра гэта думаць і параўноўваць, як было раней.

Межы былі адкрытыя, не было пастаяннага страху, што стане горш. Дзяржава настолькі не душыла ідэалогіяй, хоць тады гэта магло так не здавацца», — разважае дзяўчына.

Крысціна прызнаецца, што хоць ніколі не падтрымлівала Лукашэнку, але ў пратэстах не ўдзельнічала праз страх быць затрыманай. 

«Прамой пагрозы палітычнага пераследу няма, таму я не жыву са страхам, што заўтра па мяне прыйдуць і пасадзяць».

Дзяўчына кажа, што ў побытавым плане яе больш за ўсё напружвае насаджэнне ідэалогіі, якая па яе адчуваннях цяпер паўсюль: ад працы і дзіцячага садка да навагодніх дэкарацый.

«На ўсе крамы, дзяржаўныя ўстановы і нават на некаторыя звычайныя шматпавярховікі чапляюць сцягі, перагіб з дзяржаўнымі сімваламі назіраецца ў тым ліку ў навагодніх упрыгожваннях горада», — скардзіцца суразмоўца.

На яе думку, беларускае грамадства ў большасці сваёй даўно гатовае перагарнуць старонку, бо мала каму падабаецца жыць у такіх умовах.

«Хочацца проста жыць звычайным жыццём, гадаваць дзіця, мець магчымасць ездзіць на адпачынак у Еўропу, мець добрасуседскія адносіны з іншымі краінамі, не баяцца націснуць падабайку ў інстаграме».

Вярнуўся ў Беларусь з ЕС праз 4 гады і задаволены

Яшчэ адзін наш суразмоўца пандэмію, выбары і пачатак вайны сустрэў у Еўропе, куды з'ехаў на заробкі і ў канцы 2023 года вярнуўся.

Мужчына кажа, што заўжды быў па-за палітыкай, таму падзеі 2020 года прайшлі міма яго.

«У эміграцыі трэба было шмат працаваць і наладжваць побыт, таму было не да беларускіх навін», — кажа Аляксей.

Пакуль суразмоўца жыў за мяжой, ён час ад часу наведваў Беларусь, але не ў 2020 годзе, паколькі праз кавідныя абмежаванні рабіць гэта было цяжка.

«З Беларусі з'язджаў, каб змяніць абстаноўку, паспрабаваць нешта новае і падзарабіць грошай. Ідэі аб вяртанні ўзнікалі даўно, і вось восенню я вярнуўся дадому.

Нейкіх негатыўных змен пакуль не заўважаю. Горад забудоўваецца, развіваецца, з'яўляюцца новыя ўстановы, людзі ходзяць у кавярні, кіно, ідзе нармальнае жыццё».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Contributor Getty Images

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Contributor Getty Images

Пры гэтым Аляксей заўважае, што жыццё ў Еўропе цягам апошніх гадоў стала больш складаным і дарагім. 

«Вядома, зарплаты ў Беларусі меншыя, але і на Захадзе не ўсё так проста. Пасля вайны прыехала вельмі шмат украінцаў, стаўкі на арэнду жытла пайшлі ўгору, цэны на прадукты харчавання выраслі, паслугі таксама падаражэлі. У Беларусі я маю дзе жыць, мне не трэба плаціць шалёныя грошы за жытло, таму я не шкадую, што вярнуўся на радзіму, хоць, трэба прызнацца, многія мае знаёмыя не разумеюць мяне», — адзначае Аляксей.

Чытайце таксама: 

Сілавікі затрымалі беларуса, які ў часе пратэстаў 2020 года даў інтэрвʼю каналу Навальнага

«Мы не ўмеем, мы не можам, ах і ох…!» Як Лукашэнка, Эйсмант і Снапкоў прыдумлялі меню для новага «Макдональдса» і вучылі пячы булачкі

Клас
9
Панылы сорам
37
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
16
Абуральна
18

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?