Бацька Мінай. Wikimedia Commons

Бацька Мінай. Wikimedia Commons

Чальцы рады падтрымалі прапанову аб стварэнні карціны пра Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова. У праекце заняты Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» і расійская кінакампанія «ВаенФільм». Плануецца, што работа пачнецца вясной 2024 года, піша «Звязда».

Прадставіў сцэнарый яго аўтар — народны артыст Расіі Ігар Угольнікаў. Ён падзяліўся, што з натхненнем пачынае сумесны праект у Беларусі, назваўшы яе святой зямлёй.

«Для мяне галоўнае ў новым фільме — гэта сітуацыя цяжкага выбару, у якой аказваецца герой. Ён перажыў трагедыю і знайшоў у сабе сілы прадоўжыць барацьбу з захопнікамі. Духоўная моц такіх людзей, як Мінай Шмыроў, і мільёнаў патрыётаў сфарміравала вялікую сілу духу, дзякуючы якой была здабытая Перамога», — сказаў артыст.

Міністр культуры Анатоль Маркевіч адзначыў важнасць стварэння фільма да 80-годдзя Перамогі. 

***

Бацька Мінай (Мінай Шмыроў) быў арганізатарам партызанскага руху на Віцебшчыне. Узімку 1942 года ён перажыў асабістую трагедыю. 

Гітлераўцы ўзялі ў закладнікі чатырох дзяцей Міная Шмырова: Лізу (14 гадоў), Сяргея (10 гадоў), Зіну (7 гадоў) і Мішу (3 гады), паабяцаўшы пакінуць іх жывымі, калі бацька Мінай добраахвотна здасца ў палон. 14 лютага 1942 года гітлераўцы расстралялі дзяцей Шмырова, а таксама яго сястру і маці жонкі (жонка Шмырова памерла яшчэ да вайны). Пра гэту трагедыю Аркадзь Куляшоў напісаў «Баладу аб чатырох заложніках».

***

Ігар Угольнікаў — вядомы акцёр, тэлевядучы, прадзюсар. У пачатку 1990-1995-х ён рабіў гумарыстычную праграму «Оба-на», дзе жорстка крытыкавалася савецкая рэчаіснасць. Ролік «Пахаванне ежы» стаў усесавецкім хітом, дзе паказвалася адсутнасць прадуктаў у крамах і праводзіліся алюзіі з пахаваннем савецкага партыйнага кіраўніцтва ў 1980-1985 гадах.

З 2017 года ён заснавальнік і генпрадзюсар студыі «ВаенФільм». У 2010-м Угольнікаў быў аўтарам ідэі і сцэнарыстам фільм «Брэсцкая крэпасць».

Клас
2
Панылы сорам
15
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
4