«Грамадства пачынае бачыць, што людзі з сіндромам Даўна могуць унесці вялікі ўклад. Але гэта вельмі доўгі шлях», — лічыць жанчына.

Яе дасягненне рыхтавалася цягам дзесяцігоддзяў. Калі Гальсэран было 18 гадоў, яна ўступіла ў кансерватыўную Народную партыю. Патроху яна прасоўвалася ў партыйным апараце, а ў траўні мінулага года была ўключаная пад 20-м нумарам у спіс кандыдатаў, якіх партыя выстаўляла на рэгіянальных выбарах у Валенсіі.

Неўзабаве стала вядома, што Гальсэран атрымала месца ў рэгіянальным парламенце. Гэта дасягненне выводзіць яе ў шэрагі зусім нешматлікіх людзей з сіндромам Даўна, якія пераадолелі бар'еры, каб увайсці ў свет палітыкі. У 2020 годзе Элеанора Лалу стала членам гарадской рады Араса на поўначы Францыі, а ірландзец Фінтан Брэй таксама быў абраны дэпутатам гарадской рады ў 2022 годзе.

У Іспаніі Анхела Бачылер яшчэ ў 2013 годзе стала першым у Іспаніі дэпутатам гарадской рады з сіндромам Даўна ў паўночным горадзе Вальядалід. 

Аднак Гальсэран можа быць першай у Еўропе, хто ўвайшоў у рэгіянальны або нацыянальны парламент, паведамляе Іспанская федэрацыя людзей з сіндромам Даўна. «Мы не чулі ні пра каго іншага», — сказаў яе прадстаўнік.

Перад гэтым больш за 20 гадоў Гальсэран працавала на дзяржаўнай службе ў Валенсіі, апошнім часам дапамагаючы ў выпрацоўцы інклюзіўнай палітыкі. Акрамя таго, чатыры гады яна правяла на чале валенсійскай арганізацыі Asindown, якая займаецца дапамогай сем'ям з дзецьмі з сіндромам Даўна.

Калі прынясенне Гальсэран парламенцкай прысягі было прывітаная іспанскімі СМІ, то рэакцыя ў інтэрнэце, па яе словах, была неадназначнай.

«У сацыяльных сетках можна знайсці ўсялякае», — сказала яна. «Ёсць людзі, якія мяне падтрымліваюць. Але ёсць і іншыя, якія думаюць, што я няздатная. Але гэта людзі, якія не ведаюць ні мяне, ні майго паходжання».

Яна спадзяецца, што сваёй прысутнасцю ў рэгіянальным парламенце дапаможа разбурыць шматлікія забабоны, якія працягваюць заставацца ў грамадстве, асабліва калі гаворка ідзе пра людзей з сіндромам Даўна. «Я хачу, каб людзі бачылі мяне як асобу, а не толькі праз прызму маёй інваліднасці».

Чытайце таксама:

Кампанія Mattel выпускае ляльку Барбі з сіндромам Даўна

Упершыню мадэллю Victoria's Secret стала дзяўчына з сіндромам Даўна

Беларусы замежжа пра тое, што можна пераняць у іншых краін. Частка 1: Іспанія, Польшча, Ізраіль, Літва, Нідэрланды

Клас
13
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
0