Пасол Беларусі ў Швецыі Дзмітрый Мірончык. 2019 год. Фота: facebook.com/belarusisverige

Пасол Беларусі ў Швецыі Дзмітрый Мірончык. 2019 год. Фота: facebook.com/belarusisverige

Пасля прызначэння шведскай прадстаўніцы пры беларускай дэмакратычнай супольнасці за мяжой амбасадаркі Крыстыны Юганэсан паміж афіцыйным Мінскам і Стакгольмам узнік дыпламатычны скандал, піша Радыё Свабода.

Як паведамілі Свабодзе ў прэс-службе МЗС Швецыі, «цяпер у Стакгольме для кансультацый знаходзіцца часовы павераны ў справах Швецыі ў Мінску. Праца ў амбасадзе Швецыі ў Мінску працягваецца ў звычайным рэжыме. Цяпер у Мінску для кансультацый знаходзіцца пасол Беларусі ў Стакгольме».

Паслом Беларусі ў Швецыі акрэдытаваны Дзмітрый Мірончык.

З 5 верасня 2022 года Ева Сундквіст выконвае абавязкі часовага паверанага ў справах Швецыі, кіраўніка місіі ў Мінску.

6 лістапада ў Вільні міністр замежных спраў Швецыі Тубіяс Більстрэм абвясціў аб прызначэнні Крыстыны Юганэсан, якая раней працавала амбасадаркай Швецыі ў Мінску, дыпламатычнай прадстаўніцай пры беларускай дэмакратычнай супольнасці за мяжой.

Апрача таго, Тубіяс Більстрэм 6 лістапада ў інтэрв'ю Свабодзе заявіў, адказваючы на пытанне, ці прызнае ён Святлану Ціханоўскую абраным прэзідэнтам:

«Мы прызнаём яе чалавекам, які перамог на выбарах і які па праву павінен быў стаць інаўгураваным прэзідэнтам Беларусі».

Паводле інфармацыі Свабоды, гэта выклікала незадавальненне ва ўладаў Беларусі, якія адклікалі свайго амбасадара са Стакгольма і запатрабавалі, каб у сталіцу Швецыі для кансультацый паехаў кіраўнік дыпламатычнай місіі гэтай краіны ў Мінску.

У замежнапалітычным ведамстве Швецыі Свабодзе таксама паведамілі, што пасля новага прызначэння Крыстыны Юганэсан МЗС Швецыі правёў перамовы з беларускімі прадстаўнікамі.

«У нас няма канкрэтных рэакцый, каб падзяліцца», — паведамілі ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Швецыі.

Клас
66
Панылы сорам
6
Ха-ха
47
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
1