Зрэшты, сама Святлана Жур свой праект рызыкоўным не лічыць, а наадварот, упэўненая ў яго поспеху.

«Калі чалавек не гатовы дзейнічаць, то ён не гатовы і атрымліваць, — перакананая жанчына.

Святлана — чалавек захоплены і мэтанакіраваны. Мае два дыпломы аб вышэйшай адукацыі (з Санкт-Пецярбурга і Брэста) і мноства курсаў за спінай.

«Ведаю ўсё пра дэкаратыўныя расліны і іх догляд. Я перакананая, што сад павінен быць надзейным, тэхналагічным у доглядзе і прыгожым у любую пару года, — расказвае суразмоўніца. — Сад — мой самы вялікі запал!»

Яшчэ адно захапленне Святланы — шыццё і дызайн адзення

«Займаюся гэтым з пяці гадоў, пачынала на бабулінай нажной швейнай машынцы, — успамінае яна. — Сяброўкі станавіліся да мяне ў чаргу, каб я пашыла іх лялькам сукеначкі. А ўжо ў дарослым жыцці я атрымала прафесіі закройшчыка, тэхнолага, інжынера».

У мінулым годзе, вучачыся на ландшафтнага дызайнера ў Маскве, жанчына паралельна скончыла курсы па пашыве ніжняй бялізны, здзейсніўшы тым самым яшчэ адну сваю даўнюю мару.

Рэквізіт у фотастудыі Святланы

Рэквізіт у фотастудыі Святланы

«Фотастудыя — чацвёртае дзіця»

Калі Святлана — гэта ідэйны натхняльнік, то Віктар сваімі залатымі рукамі з лёгкасцю ўвасабляе ў жыццё любую задумку жонкі. Вось ужо больш за 27 гадоў яны разам, нарадзілі і выхавалі траіх выдатных дзяцей, пабудавалі прыгожы дом, пасадзілі сад.

«А фотастудыя — гэта наша чацвёртае дзіця, — з усмешкай гаворыць Святлана. — Праўда, ад зараджэння ідэі да адкрыцця прайшло роўна чатыры месяцы, два з якіх мы рабілі рамонт».

Фотастудыя Святланы Жур у Песках

Фотастудыя Святланы Жур у Песках

Маючы шмат запатрабаваных у горадзе спецыяльнасцяў, Святлана з Віктарам свядома вырашылі застацца жыць на малой радзіме:

«Мы ўсім сэрцам любім сваю краіну, сваю вёску. Пескі — гэта месца нашай сілы. Тут жылі нашы продкі, тут нарадзіліся і выраслі мы і нашы дзеці, тут жывуць нашы бацькі, і гэтая сувязь пакаленняў вельмі моцная».

Працуючы больш за 10 гадоў у Пескаўскім сельвыканкаме на пасадзе кіраўніка спраў, Святлана Жур па абавязку службы рэгістравала шлюбы. Ужо тады ў яе ўзнікла думка абсталяваць прыгожае месца для фотасесій маладых. І якраз пасля пабудовы яе новага дома перад мужам і жонкай паўстала пытанне аб добраўпарадкаванні прысядзібнага ўчастка.

«Ніякіх бульбяных палёў»

На сямейнай нарадзе было прынята рашэнне, што на гэтым участку не будзе ніякіх бульбяных палёў. У хаце павінен быць сад, прычым такі, які выдатна выглядае ў любую пару года! І які з часам акрамя эстэтычнага задавальнення пачне прыносіць сям'і пасіўны даход. А менавіта: стане месцам для фотасесій на прыродзе.

Ці будзе карыстацца попытам фотастудыя на вёсцы?

Ці будзе карыстацца попытам фотастудыя на вёсцы?

Тут жа Святлана знайшла прымяненне сваім прафесійным ведам:

«Усе расліны вырашчаныя мною з чаранкоў або набытыя ў маленькіх кантэйнерах, — расказвае яна. — Гэта яшчэ адно маё захапленне, якое з задавальненнем падтрымлівае мой муж, тым больш што яно прыносіць дадатковы даход у сямейны бюджэт.

Я разводжу дэкаратыўныя кусты. Напрыклад, толькі адных мяцёлкавых гартэнзій у мяне 18 сартоў. А ёсць яшчэ буйналіставая, дрэвападобная і чарашковая…»

«Работы па добраўпарадкаванні ўчастка яшчэ не скончаныя, бо мы з мужам робім усё самі, — працягвае суразмоўца. — Летам прыязджаюць старэйшы сын з нявесткай і дачка — нашыя верныя памочнікі, малодшы сын таксама залучаны ў гэты займальны працэс. Нашаму саду ўсяго тры гады і павінна прайсці нямала часу, каб ён вырас».

І тады ў мужа з жонкай думка пайшла далей: а навошта чакаць, пакуль сад вырасце? Трэба адкрываць фотастудыю! Тым больш, што нявестка працуе ў Маскве фатографам. Параіўшыся з дзецьмі, пачулі: «Мама, тата, крута! Шыкоўная ідэя!»

Святлана Жур

Святлана Жур

У арэнду пустую краму

Адразу ж пачалі шукаць памяшканне з пэўнымі параметрамі: столі не ніжэйшыя за 3 м і даўжыня не меншая за 8 м. Аб'ездзілі ўвесь суседні Белаазёрск, але нічога прыдатнага не знайшлі. І тут раптам успомнілася: у цэнтры Песак, зусім побач з іхнім домам, ёсць такі будынак-бар «Стары замак» з пустой другой паловай, дзе раней размяшчалася гаспадарчая крама райспажыўтаварыства.

Па памерах былая гаспадарчая крама падышла ідэальна: 127 кв. м агульнай плошчы, падзеленыя два памяшканні па 11 метраў даўжынёй і з вышынёй столяў 3,8 метра. Плюс побач асфальтаваная паркоўка. І райпо дало згоду на арэнду.

На адкрыццё справы Святлана атрымала субсідыю ад Упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Бярозаўскага райвыканкама. Для гэтага напісала бізнэс-план, паспяхова абараніла яго перад камісіяй, адкрыла ІП. А на выдзеленыя грошы купіла абсталяванне для фотастудыі.

Фотастудыя Святланы

Фотастудыя Святланы

Рамонт аднаго з памяшканняў рабілі ўдваіх з мужам — за свой кошт і сваімі сіламі, каб зменшыць інвестыцыі. Гэты самы цяжкі этап праекта працягваўся на працягу сямі тыдняў ад 5-й раніцы да 9-й вечара. Але справа была зроблена!

Дарэчы, летась Бярозаўскім райпо было зроблена ўцяпленне і аздабленне фасада будынка. Але ў планах Святланы і Віктара яшчэ добраўпарадкаваць прылеглую да фотастудыі тэрыторыю, рэканструяваць парог.

Гады вучобы і атрыманыя прафесіі цяпер ёй выдатна спатрэбіліся, распавядае суразмоўніца.

«Я выкарыстала ўсе свае навыкі: у стварэнні інтэр'еру, афармленні памяшкання. Таксама спатрэбіўся досвед працы ў школе і сельсавеце ў плане зносін з людзьмі. Разлічваю прыцягнуць да фотастудыі ўсе слаі насельніцтва — не толькі маладых, але і бацькоў з дзецьмі. Таксама сям'і, якія чакаюць дзіця. Школьнікаў, моладзь, юбіляраў».

Люстра для фотасесій

Люстра для фотасесій

Ці будзе поспех не ў горадзе?

Святлана не бачыць праблемы ў тым, што лакацыя размешчаная не ў горадзе, а ў вёсцы Пескі: «У мяне ж не крама крокавай даступнасці. І людзі дзеля якаснага фота змогуць, дапусцім, раз на год прыехаць у Пескі». Яна таксама спадзяецца, што яе студыю ацэняць і жыхары іншых раёнаў.

Гаспадыня сама не фатаграфуе, толькі здае ў арэнду здымачную пляцоўку і рэквізіт напракат. Разлічвае на супрацоўніцтва з фатографамі. Рэкламавацца збіраецца ў сацыяльных сетках і з дапамогай сарафаннае радыё.

Зыходзячы з ідэі студыі — для шырокіх слаёў насельніцтва, падабрала і адпаведны рэквізіт. Нешта прынесла з дому, нешта купіла, нешта змайстравала сваімі рукамі. Тут жа і пракат сукенак, якія пашыла сама — дзіцячыя, дарослыя, для цяжарных, швэдры, туфлі. Усё ў каляровай гаме, якая спалучаецца з колерам інтэр'еру.

Тут ёсць розныя фотазоны

Тут ёсць розныя фотазоны

Як абставілі студыю?

На сённяшні дзень у фотастудыі ўжо працуе адна зала з рознымі лакацыямі. Тут шмат утульных куткоў. Напрыклад, арт-аб'ект у выглядзе крыштальнай люстры трохметровай вышыні, усярэдзіну якой можна станавіцца ва ўвесь рост. На афармленне люстры было пакладзена 220 метраў крыштальных падвесак. А ўвасобілі ў жыццё гэтую ідэю Святланы кавалі з Мінска.

Ёсць тут ложак з паддонаў з балдахінам, два каміны ў розных стылях, крэслы з пледамі, дыван з дэкаратыўнымі падушкамі, драўляны падваконнік са прыступкамі, фальш-акно, убраная ялінка, багацце свечак, мяккіх цацак, кніг, шышак і іншых драбніц, якія ствараюць камфорт і настрой. З прафесійнага абсталявання: дзве крыніцы пастаяннага святла, софт-боксы, адпарвальнік і г. д. У цэлым гэта добрая база, якая з часам будзе дапаўняцца і пашырацца.

Зараз у студыі пануе калядна-навагодняя атмасфера. Потым яна плаўна пяройдзе да тэмы Дня ўсіх закаханых, вясновых святаў і далей па календары. «Мне хочацца дарыць людзям станоўчыя эмоцыі, каб яны выходзілі ад мяне шчаслівымі», — дзеліцца Святлана.

Фотазоны будуць мяняцца ад свята да свята

Фотазоны будуць мяняцца ад свята да свята

«Светачка, ты ўдыхнула ў вёску жыццё!»

І першыя дні працы гавораць пра правільнасць абранага шляху. Кліенты, якія пабывалі ў студыі, дзякуюць гаспадыні, кажуць, што абавязкова вернуцца яшчэ не адзін раз — да такога сэрвісу, ды яшчэ на вёсцы, яны не прывыклі.

Фатографы, якія ўжо адгукнуліся на прапанову супрацоўніцтва, радуюцца, у іх цяпер павялічылася чарга з кліентаў. Аднавяскоўцы ганарацца, усміхаюцца, і таксама кажуць словы падзякі.

«Светачка, ты ўдыхнула ў вёску жыццё!» — гэтыя словы адной іх жыхарак мяне расчулілі да глыбіні душы і адначасова натхнілі», — дзеліцца свежымі ўражаннямі гаспадыня фотастудыі.

І Святлана з Віктарам, вядома ж, не збіраюцца спыняцца на дасягнутым у вёсцы Пескі. У якасці перспектывы пашырэння бізнэсу прадугледжана адкрыццё другой залы (былы склад крамы). Дзе будуць размешчаныя папяровыя фотафоны розных колераў, лаканічная мэбля. Але там яшчэ трэба зрабіць рамонт, пабудаваць прыбіральню і грымёрку.

Таксама, нягледзячы на маладосць саду ля жылога дома, у ім ужо ёсць лакацыі для фотасесій. Парог, дзіцячая пляцоўка, крытая паркоўка, дрывянік з 3D эфектам, жывая загарадзь з кізілу і г. д. Значыць, хутка і гэта месца пачне прыносіць людзям радасць. 

Чытайце таксама:

Слядамі Усяслава Чарадзея, батлейка, драўляныя фігуркі. У Беларусі ёсць вельмі класныя месцы, якія варта наведаць узімку

«Камфорт арганізаваць можна такі ж самы, што і ў горадзе». Тры гісторыі пра тое, як жывуць у вёсках узімку былыя гараджане

«Першы раз села на каня ў 35 гадоў». Гродзенка сабрала вакол сябе табун коней і шчаслівая

Клас
9
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
2