Унутры пустых белых сценаў, чыю геаметрыю парушаюць толькі прыцягнутыя з распродажаў танканогі стол і двухспальны ложак, апранены ў строгі чорны гарнітур Пракоп'еў глядзіцца памаладзелым — усё ж штурмаваць ЗША звычайна едзе народ, які пабачыў меней, юны, жоўтароты. 

Вадзім Пракоп'еў. Скрыншот відэа TOK_talk / YouTube

Вадзім Пракоп'еў. Скрыншот відэа TOK_talk / YouTube

А Пракоп'еў свае tickets to D.C. без зваротнага квітка купіў у 52 гады — гэта амаль столькі ж, дарэчы, колькі год турмы (50) яму выпісала беларускае правасуддзе, ад якога Пракоп'ева цяпер аддзяляе 7 тысяч кіламетраў. 

«У мяне ёсць тры задачы: бізнэс, валанцёрства ў Каардынацыйнай радзе — кажу «валанцёрства», каб народ не падумаў, што гэта дэпутацкі распіл грантаў, — і вучоба», — тлумачыць Пракоп'еў мэты свайго знаходжання ў Амерыцы. 

Пра бізнэс Пракоп'еў просіць шмат не пісаць. Але любы чалавек, які мае разуменне пра папярэднюю дзейнасць Вадзіма, зможа ўявіць, памыліўшыся толькі ў стылістычных дэталях, выгляд бліскучай вывескі пасярод вашынгтонскага авеню, якая пульсуе ў фантазіях былога мінскага рэстаратара.

З гэтым усё ясна, але навошта яму выбары ў Каардынацыйную раду? 

«Як мінімум дэбаты там стануць весялейшымі», — кажа Вадзім, які мае ўсе шансы ўзмацніць кволае парламенцкае прадстаўніцтва КР у ЗША.

Пра вучобу Пракоп'еў гаворыць з гонарам. Штурмаваць іншыя кантыненты і вышыні пазнання, размяняўшы палову сотні, аднолькава складана і пачэсна.

Вадзім стаў дыстанцыйным слухачом палітычнага курсу ў Hillsdale College — цікавіцца традыцыямі амерыканскага дзяржаўнага кіравання і дыпламатыі. Курсы разлічаны на паўгода і, як кажа студэнт, абсалютна бясплатныя.

Вяртацца ў Еўропу Пракоп'еў бліжэйшыя паўгода не збіраецца.

Клас
90
Панылы сорам
35
Ха-ха
30
Ого
5
Сумна
2
Абуральна
7