40 гадзін у чарзе — гэта маленькае жыццё са сваімі бытавымі пытаннямі. 

— Людзі, якія стаяць ад кола да КПП (каля 2,3 км), з канца чаргі хадзілі ў пачатак, каб купіць пачак цыгарэт. Тамака дэфіцыт усяго: няма ні ежы, ні вады, ні паліва. На працягу ўсёй дарогі ад кола да КПП на платах камунальнікі развесілі мяшкі для смецця.

Чарга ў прыбіральню ў Centrum Handlowe складалася з 70-80 дзяўчат, — распавядае суразмоўца. 

Чаму менавіта дзяўчат? Мужчыны ўнікаюць пытання.

У нейкі момант нервы сталі здаваць. І вадзіцелі, якім яшчэ трэба было праходзіць кантроль, пачалі адчайна сігналіць.

— Народ такім чынам проста выказваў пратэст супраць таго, што адбываецца, як прапускаюць ці, дакладней, не прапускаюць транспарт.

— І якой была рэакцыя?

— Ну, паціху пачалі запускаць. Вельмі неахвотна, з крыкамі. Наогул, на польскім баку хадзіў толькі адзін чалавек, правяраў транспарт. На ўездзе на мост быў яшчэ адзін памежнік, які рэгуляваў рух. Пры ўездзе ў пункт пропуску запускалі аўтобусы, забівалі імі ўсе калідоры, а выпускаць на мост не спяшаліся. Людзі скардзіліся, ім адказвалі адно і тое ж, маўляў, тэлефануйце ў міністэрства, а ў нас мэта — прапускаць аўтобусы. Камусьці на польскай гарачай лініі ўвогуле заявілі, маўляў, на Каляды ў іх будзе працаваць толькі адзін канал для пропуску, — працягвае чытач.

Гэта не значыць, што ў тых, хто ехаў у аўтобусах, рэальнасць была прасцейшай.

— У 12 гадзін дня 24 снежня на мяжы было каля 50 аўтобусаў, якія ехалі з Польшчы ў Беларусь.

Людзі пераходзілі ў іншыя аўтобусы, каб проста хутчэй апынуцца дома: за падсадку, я чуў, з іх прасілі ад 10 да 400 даляраў, і гэта ад КПП да Брэста, — адзначае суразмоўца. 

Прайшоўшы ўсе апісаныя пакуты, чытач такі дабраўся да пункта пропуску «Брэст» на беларускім баку.

За спінай заставалася чарга і польскае кафэ каля КПП, дзе на той момант у продажы было толькі некалькі бутэлек вады і печыва.

— Калі не лічыць стаянні ў чарзе, а казаць толькі пра само праходжанне кантролю, то на польскім баку ён заняў недзе 2 гадзіны, на беларускім (з улікам зялёнага калідора) — 15—20 хвілін. Увогуле, вельмі шчаслівы, што дома, з сямʼёй. А тым, хто яшчэ ў чарзе, раю запасацца вадой, ежай, запраўляць поўныя бакі, браць з сабой цёплыя рэчы і набірацца цярпення, — падсумаваў суразмоўца.

Чытайце таксама:

«Пра 50 гадзін можна толькі марыць». Калапс на межах Беларусі, месца ў чарзе прадаюць за 250 еўра

На мяжы затрымалі жыхара Брэста, які вярнуўся з Польшчы

«Напэўна, усё праплачана». Дальнабойнікі стаяць на польска-беларускай мяжы больш за тыдзень

Клас
16
Панылы сорам
13
Ха-ха
22
Ого
12
Сумна
11
Абуральна
13