Фота: Mike Hewitt / Getty Images

Фота: Mike Hewitt / Getty Images

Новая планка ў справах дагаварнякоў

Скандалы з дамоўнымі матчамі — не рэдкасць для беларускага спорту, але сёлета яны выйшлі на новы ўзровень. Усё таму, што ў дагаварняках абвінавацілі аднаго з топаў беларускага футбола.

11 мая 2023 года Беларуская федэрацыя футбола прысудзіла тром беларускім клубам пакаранні за арганізацыю і ўдзел у дамоўных гульнях падчас чэмпіянату краіны. Арганізатарам такіх матчаў прызналі кіраўніцтва салігорскага «Шахцёра», на той час дзейнага чэмпіёна Беларусі, а ва ўдзеле абвінавацілі яшчэ два клубы — «Энергетык-БДУ» і «Белшыну».

Пакаранні атрымаліся суворыя: дзясяткі дыскваліфікаваных гульцоў і супрацоўнікаў клубаў, штрафы ў тысячы базавых велічынь, пазбаўленне ачкоў у сезонах 2022, 2023 і нават 2024 гадоў. Давялося перакроіць вынікі чэмпіянату-2022: «Шахцёр» пазбавілі чэмпіёнства, «Энергетык-БДУ» — срэбра, а камандам на ніжэйшых пазіцыях раздалі пуцёўкі ў еўракубкі. 

Прымусовая страта ачкоў адразу адкінула клубы на дно турнірнай табліцы да зоны вылету, але «Шахцёр» і «Энергетык-БДУ» здолелі адыграцца і застацца ў вышэйшай лізе. У адрозненне ад «Белшыны» — бабруйскі клуб у наступным годзе гуляе ў другім дывізіёне.

Сабаленка — першая ракетка свету

Самая топавая беларуская тэнісістка Арына Сабаленка не раз адмаўлялася выказваць сваё стаўленне да вайны Расіі ва Украіне, нягледзячы на хэйт у адказ з боку ўкраінскіх тэнісістак, якія неаднойчы адмаўляліся ёй ціснуць рукі пасля матчаў. Але ў пачатку чэрвеня Арына абвясціла: «Я не падтрымліваю вайну, то-бок не падтрымліваю Лукашэнку якраз цяпер», нібыта пакінула сабе маленькую прастору для кроку назад. Пасля гэтага тэнісістка зноў уключыла рэжым палітычнага маўчання.

Дзякуючы вылету полькі Ігі Свёнтак з турніру US Open, у верасні Арына стала першай ракеткай свету. Але ненадоўга — праз два месяцы Сабаленка прайграла ў вочнай сустрэчы з Ігай, і Свёнтак вярнулася на вяршыню.

Правал у еўракубках

З-за гісторыі з дамоўнымі матчамі доўга было незразумела, якім будзе беларускае прадстаўніцтва ў футбольных еўракубках. У выніку БАТЭ трапіў у кваліфікацыю Лігі чэмпіёнаў, а «Нёман» і мінскае «Дынама» — у кваліфікацыю Лігі канферэнцый.

Атрымалася збольшага бясслаўна. БАТЭ з ЛЧ даляцеў да кваліфікацыі Лігі канферэнцый — еўракубка на два ўзроўні ніжэй, а потым вылецеў і з яе. «Нёман» адолеў каманду «Вадуц» з Ліхтэнштэйна, але пасля трэцяга раўнда адбору ўсё роўна паехаў дахаты — дзякуй хаця б за заробленыя клубам 850 тысяч еўра. Што да «Дынама», будучы чэмпіён-2023 вылецеў з кваліфікацыі Лігі канферэнцый ужо пасля першага раўнда.

«Дынама» — чэмпіён?

Дарэчы, пра чэмпіёнства «Дынама» — бела-блакітныя аформілі яго датэрмінова ў канцы лістапада. Падзея прадказальная, і вось чаму. 

Яшчэ восенню 2021-га, калі адкрывалі стадыён «Дынама-Юні», Аляксандр Лукашэнка сказаў футбалістам клуба: «У будучым годзе вы павінны быць чэмпіёнамі». Але ж па выніках 2022-га дынамаўцы сталі толькі чацвёртымі, за што міністр спорту Сяргей Кавальчук атрымаў ад Лукашэнкі наганяй. Тады ў спартовых колах пайшлі размовы, што хаця б у 2023-м «Дынама» павінна выканаць загад.

«Шахцёр» і «Энергетык-БДУ», якія ў 2022-м абышлі «Дынама», сёлета страцілі ачкі з-за скандалу з дамоўнымі матчамі. Склад БАТЭ, яшчэ аднаго канкурэнта бела-блакітных, моцна патрапалі палітычныя чорныя спісы, таксама клубу не падпісалі план развіцця, які б дазволіў атрымліваць грошы ад дзяржпрадпрыемстваў — ды і трэба прызнаць, што сам БАТЭ сёлета паказаў сябе не лепшым чынам. Іншыя клубы вышэйшай лігі таксама адчулі на сабе дыскрымінацыю, і ў выніку шлях «Дынама» да чэмпіёнства быў адкрыты — Кавальчук мусіў быць задаволены. 

Сёлетні футбольны сезон адметны яшчэ і найгоршым вынікам БАТЭ за ўсю сучасную гісторыю клуба. Вось тут мы распісвалі, чаму гэта здарылася і як БАТЭ, некалі безумоўны лідар і гонар беларускага футбола, апынуўся па-за медалямі чэмпіянату краіны.

Беларусаў дапусцілі да Алімпіяды. Але ёсць нюансы

Набліжаецца Алімпіяда-2024 у Парыжы, і цэлы год было незразумела, ці змогуць туды трапіць расійскія і беларускія атлеты — нагадаем пра спартовыя санкцыі з-за вайны. Толькі ў снежні МАК вынес рашэнне: спартсмены з расійскім ці беларускім пашпартам насамрэч змогуць прыехаць у Парыж, але толькі ў статусе нейтральных атлетаў.

На Гульнях будзе забароненая любая сімволіка, якая асацыюецца з Расіяй ці Беларуссю, форма мусіць мець нейтральныя колеры. Таксама на Алімпіяду не пусцяць афіцыйныя дэлегацыі Расіі і Беларусі, спартсменаў, афіліяваных з расійскімі ці беларускімі сілавымі структурамі, і тых, хто быў заўважаны ў падтрымцы расійскай агрэсіі ва Украіне.

Пакуль незразумела, як гэта ўсё будзе рэалізоўвацца на практыцы. Напрыклад, што лічыць за падтрымку расійскай агрэсіі? Таксама беларускія спартсмены часта падпісваюць фармальныя кантракты з сілавымі структурамі — напрыклад, гэта датычыць барчыхі Ванэсы Каладзінскай, якая ўжо мае алімпійскую ліцэнзію. Што будзе ў такім выпадку?

Паводле заяваў МАК, ліцэнзіі на ўдзел у Гульнях заваявалі пяць беларусаў. Вядома, што, акрамя Каладзінскай, у гэтым спісе ёсць плыўчыха Настасся Шкурдай, грэка-рымскі барэц Абубакар Аслаханаў і прадстаўнік акадэмічнага веславання Яўген Залаты.

Алімпіяда пачнецца 26 ліпеня — паглядзім, хто з беларусаў у гэты дзень акажацца ў Парыжы.

Поспехі Шкурына і салідарнасць

Як маюцца спартсмены, якія выехалі з краіны праз сваю грамадзянскую пазіцыю?

Галоўная радасць тут — Ілля Шкурын. Выглядае, што былы форвард «Энергетыка-БДУ» знайшоў сябе ў галоўным польскім дывізіёне — Экстракласе. Ён выступае за клуб «Сталь» з Мельца — цяпер яны на 12-м месцы з 18-ці, але Шкурыну статус каманды не перашкаджае забіваць і праяўляць сябе. З пачатку сезона ён забіў ужо восем разоў, і ў лістападзе быў прызнаны найлепшым гульцом усёй Экстракласы! Афіцыйны сайт лігі пісаў тады ў тлумачэнні гэтага выбару: «У сукупнасці, калі гэты гулец трапляе ў сетку, яго каманда не прайграе».

І сёлета беларускаму спорту была не чужая салідарнасць. Шахматыст Уладзіслаў Кавалёў у 2020-м выступіў супраць гвалту, таму на сёння не можа карыстацца падтрымкай беларускай дзяржавы, калі едзе на міжнародныя турніры. На чэмпіянат свету па рапідзе і бліцы, які адбываецца ва Узбекістане з 25 па 30 снежня, Кавалёў едзе ад міжнароднай федэрацыі шахмат і мусіць пакрываць выдаткі самастойна. Але беларусы дапамаглі і ўсяго за суткі сабралі 1600 даляраў, неабходныя Уладзіславу на падрыхтоўку, размяшчэнне і арганізацыйныя пытанні падчас турніру.

Шкурын — далёка не адзіны беларускі спартсмен, якому знайшлося месца за мяжой. Згадаем Віталя Рака, кіраўніка клуба адзінаборстваў «Волат», які за гады працы ў Беларусі падрыхтаваў багата пераможцаў міжнародных турніраў. У пачатку 2022-га беларускія ўлады закрылі «Волат», але сёлета Віталь адрадзіў клуб у Польшчы. Трэнер, якога выгнала дзяржава, цяпер працуе з беларусамі Варшавы — і, па яго словах, гуртуе іх, каб «яны нарэшце сталі гаспадарамі сваёй зямлі».

Чытайце таксама:

Найлепшы футбаліст Беларусі — віцябчук з афрыканскімі каранямі. Хто такі Макс Эбонг?

Беларускаму футбалісту плацілі па $5 тысяч на месяц, але не выпускалі на поле — абсурдная палітычная гісторыя

Ведаеце, хто абганяе «Барселону» ў чэмпіянаце Іспаніі? Заштатны клуб з двума ўкраінцамі ў складзе

Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?