«Калі была пара па фізкультуры, Міхалок мог надзець на яе сямейныя майткі і майку-алкагалічку»

Мы з Міхалком і Пашам Булатнікавым, другім вакалістам гурта, разам вучыліся ў мінскім універсітэце культуры, гэта быў пачатак 90-х. Наша спецыяльнасць называлася «рэжысёр відовішчаў і прадстаўленняў» — арганізацыя розных мерапрыемстваў, святаў горада.

Міхалок вучыўся на гэтай жа кафедры, толькі я быў на другім курсе, ён — на першым. Неяк я пачаў цікавіцца, у каго з хлопцаў ёсць акцёрскія здольнасці, бо мне такія людзі былі патрэбныя для курсавой — трэба было ўзяць нейкі твор і зрабіць сваю пастаноўку. Мне парэкамендавалі Міхалка, я з ім пазнаёміўся і прыцягнуў яго як акцёра, і так мы пачалі працаваць і сябраваць, тады ж пазнаёміўся з Булатнікавым. 

Паша быў прыгажун, усе студэнткі інстытута цешыліся з яго. Ён насіў скураную касуху і каўбойскія боты, меў доўгія валасы і курыў на ўваходзе ў інстытут. А Міхалок быў чалавекам андэграўнда. Памятаю, настаўнікі з інстытута пыталіся ў мяне: «Жэня, чаму ты з гэтым прыдуркам звязаўся? Ён жа недалёкі чалавек!» А рэч у тым, што Міхалок граў ролю прыдурка. Калі была пара па фізкультуры, ён мог надзець на яе сямейныя майткі і майку-алкагалічку. Або ён мог прыйсці на занятак адразу ў трох кашулях, і кожная расшпільвалася на гузік ніжэй. То-бок Міхалок быў прадстаўніком контркультуры.

Я працаваў у кавярні «Время» ў ДК Трактарнага завода, яна знаходзілася ў падвальным памяшканні. Часы былі галодныя, я — студэнт трэцяга курса, і ў кавярні я ладзіў для першых «новых беларусаў» эратычныя шоу, канцэрцікі — ствараў нэпманскую атмасферу. Запрасіў туды выступіць «Ляпіс Трубяцкі», і гэта дакладна быў іх першы канцэрт за ганарар — яны атрымалі скрыню піва. 

Якое месца ў жыцці гурта займаў алкаголь? Думаю, трэцяе. Першае месца — у нас заўсёды былі нейкія творчыя ідэі, якія мы рэалізоўвалі, а на другім месцы былі жанчыны. 

Напрыклад, мы сустракаліся з Міхалком узімку. Кажам адзін аднаму: холадна, давай пойдзем у кафэ. Вып’ем, але толькі па 50, бо мы зайшлі сюды, каб скласці сцэнарны план мерапрыемства. Потым не памятаеш, у якую кішэню ты паклаў гэты план, але выпілі на ўсе грошы, якія былі ў кішэні.

Яўген Калмыкоў у кліпе «Ляпіс Трубяцкі» на песню Lyapis Crew, 2012 год. Фота: архіў Яўгена Калмыкова

Яўген Калмыкоў у кліпе «Ляпіс Трубяцкі» на песню Lyapis Crew, 2012 год. Фота: архіў Яўгена Калмыкова

Разам з мастакамі з акадэміі прыдумалі выпіваць і граць на гітары — дарэчы, у гэтай тусоўцы ўдзельнічаў Лёша Хацкевіч, потым вядомы як Саша (з дуэта «Саша і Сірожа». — «НН»). У мастакоў былі майстэрні, прычым проста ў акадэміі, і мы збіраліся ў іх, Міхалок там спяваў свае першыя песенькі. 

Потым усё гэта вылілася ў тэатр «БамБукі» з блазенскімі пастаноўкамі. «БамБукі» — гэта па аналогіі з японскім тэатрам кабукі, а таксама як абрэвіятура: Беларуская акадэмія мастацтва і Беларускі ўніверсітэт культуры. Усе ролі гралі мужчыны, аснова — вершы, напісаныя Хацкевічам і Міхалком, якія моцна спрашчалі ўвесь аповед. 

Спачатку паказвалі спектаклі ў кавярні «Время», потым у нас з’явіўся новы клуб — «Адзіс-Абеба» насупраць першай лукашэнкаўскай рэзідэнцыі, у кінатэатры «Піянер». Тэатр «БамБукі» быў там рэзідэнтам, і штотыдзень, здаецца, па суботах мы там давалі сваю чарговую пастаноўку, рабілі яе за тыдзень. Пісалі не проста літаратурную аснову — паэму да кожнай пастаноўкі! Яшчэ і рыхтавалі касцюмы. Але пастаноўкі былі маленькія, хвілін па пятнаццаць.

Калі ў гурта пачаліся мінскія канцэрты па пару разоў на месяц, я часта шукаў па горадзе Міхалка, бо мабільнікаў не было. Ведаў пяць-шэсць месцаў, дзе, хутчэй за ўсё, яго знайду. Гэта ўсё былі паненкі, і часам з-за гэтых паненак і алкаголю канцэрты былі пад пагрозай. 

«Калі Міхалок абвясціў, што праект зачыняецца, я для сябе яго і зачыніў»

Калі зразумеў, што праект народны? Было два моманты. Мы рыхтавалі з «Ляпісам Трубяцкім» першы альбом, назва — «Ранетое сердце», альбом выходзіў у Мінску на VHS-касетах. Я арганізаваў фестываль, дзе выступалі розныя беларускія гурты – і N.R.M., і «Нейра Дзюбель», і «Ляпіс Трубяцкі». Гэта было на «карабліку» — сцэне ля ўвахода ў Парк Горкага.

Падчас гэтага фестывалю была прэзентацыя «Ранетага сэрца», падрыхтавалі ці то 500, ці то 1000 аўдыякасет з ім. Калі выступ «Ляпісаў» скончыўся, усе касеты раскупілі, гэта было вельмі адметна. А недзе праз тры месяцы я арганізаваў канцэрт у палацы культуры прафсаюзаў, дзе таксама раскупілі ўсе білеты. Велізарная колькасць людзей не трапіла на канцэрт і спрабавала ўсяляк туды пралезці, людзі выбівалі шкло. Калі я пасля канцэрта выйшаў на вуліцу і пайшоў па праспекце, бачыў кампаніі, якія гучна спявалі песні «Ляпісаў», гэта таксама было знакава.

Што здарылася ў 2014 годзе? Праект быў закрыты. Гэта было прыгожае рашэнне Міхалка, якое я падтрымаў, і далей мы мусілі плыць хто як жадае. Цяпер праект зноў існуе ў пэўным выглядзе, але гэта ўжо рэха. Пытанняў да Міхалка няма, ён насамрэч душа праекта «Ляпіс Трубяцкі», усе песні — яго. Калі ён хоча, каб праект зноў так называўся, мае на гэта поўнае маральнае права.

Цяпер адчуваю, што для мяне ўсё гэта прайшло. Калі Міхалок абвясціў, што праект закрываецца, я для сябе яго і закрыў. Знікае жаданне перамагчы, а яно было, застаецца досвед і памяць. 

Канцэрт «Ляпісаў» у Вільні, Avia Solutions Group Arena. Фота: архіў Яўгена Калмыкова

Канцэрт «Ляпісаў» у Вільні, Avia Solutions Group Arena. Фота: архіў Яўгена Калмыкова

Ганаруся, што мы прайшлі поўны цыкл, ад падвалаў да стадыёнаў, і не разваліліся, і што зрабілі так шмат добрых песень, багата паспрабавалі. Гэта быў вельмі цікавы творчы шлях, бо мы прыдумлялі веласіпед. Задумалі, што мы жадаем, і дайшлі да мэты, хаця дарога была пакручастая.

Працавалі ў мінскім асяроддзі, і гурт быў мінскім праектам. Тыя ж «Саша і Сірожа» не проста так гутарылі на трасянцы, гэта былі дзеці тых, хто пераехаў у Мінск з рэгіёнаў Беларусі і ўсёй пастсавецкай прасторы, і ў гэтым вялікім катле мы варыліся. У тым слэнгу было нешта сваё, мы гэтым адрозніваліся ад іншых. Нашы песні, нашы жарты былі насычаныя Мінскам. 

Здымкі кліпа «Прынцэса», Кіеў. Фота: архіў Яўгена Калмыкова

Здымкі кліпа «Прынцэса», Кіеў. Фота: архіў Яўгена Калмыкова

Складана сказаць, які б я быў без праекта. Наўрад ці я б доўга працаваў рэжысёрам відовішчаў і прадстаўленняў, на дзяржслужбе я б не затрымаўся. Верагодна, быў бы недзе ў культуры, можа, працаваў бы рэжысёрам. Аднак «Ляпіс Трубяцкі» дакладна мне шмат даў. Я без музычнай адукацыі, але дагэтуль займаюся музыкай, падтрымліваю музычныя эксперыменты і насамрэч люблю музыку.

Таксама я пазнаёміўся і кантактаваў з велізарнай колькасцю людзей. Дужа шмат ездзіў, і не толькі з гуртом. Меў грошы, і як толькі бачыў дзірку ў графіку, адразу ехаў у Іран, Азію, Афрыку ці Паўночную Карэю — выдатна паездзіў! Люблю Блізкі Усход і Азію, трапляць у мікрасветы. Стараюся ў жыцці ні пра што не шкадаваць і ні па чым не сумаваць, бо нашто траціць на гэта час, пакуль ты жывы? Навокал багата ўсяго цікавага! 

Сяргей Міхалок. 2010 год, еўрапейскі тур у падтрымку альбома Agitpop. Фота: архіў Яўгена Калмыкова.

Сяргей Міхалок. 2010 год, еўрапейскі тур у падтрымку альбома Agitpop. Фота: архіў Яўгена Калмыкова.

2010 год, еўрапейскі тур у падтрымку альбома Agitpop. Фота: архіў Яўгена Калмыкова.

2010 год, еўрапейскі тур у падтрымку альбома Agitpop. Фота: архіў Яўгена Калмыкова.

2010 год, еўрапейскі тур у падтрымку альбома Agitpop. Фота: архіў Яўгена Калмыкова.

2010 год, еўрапейскі тур у падтрымку альбома Agitpop. Фота: архіў Яўгена Калмыкова.

Час прайшоў, і я трохі зверху гляджу на гэтую сітуацыю з «Ляпісамі». Удзячны і ўдзельнікам гурта, і персанальна Міхалку, лёсу. Выдатнае было кіно. Цяпер займаюся музыкай, але не як кампазітар, гэта музыка для тэрапіі, бінаўральная. Так што, можа, яшчэ і ствару нейкі праект. 

«Раней можна было збегчы з Беларусі ў Расію ад палітычнага пераследу»

Недзе тры-чатыры месяцы таму я стаў дырэктарам Лігалайза. Мне пазваніў Гена Шульман — вядомы мінскі прамоўтар, які цяпер у Ізраілі, прапанаваў мне зладзіць там канцэрт Лігалайза. Я пагадзіўся і пазваніў Лігалайзу, а ён мне — дык можа ты папрацуеш дырэктарам? І я пагадзіўся, хаця заракаўся больш не працаваць з артыстамі.

Перш за ўсё, Лігалайза я ведаў. Мы пазнаёміліся з ім у Маскве пасля 2010-га, калі Міхалок ператвараўся ў мацака, а Лігалайз таксама вырашыў узяцца за сябе. Ён заўважыў вобраз Міхалка і проста ездзіў за намі па канцэртах, так што мы даўно з ім сябруем.

Вельмі рады за яго ўчынак. Лігалайз камфортна жыў у Маскве, але напісаў яркі альбом і прыняў рашэнне выказацца, і я за гэта яго паважаю. На альбоме ў яго такія кампазіцыі, як «Застой 2.0», «Мир вашему дому», ён пісаў у песнях, што бачыць і як усё разумее адносна таго, што адбываецца ў Расіі і Украіне.

Я сам дзесяць гадоў працаваў у Расіі саўнд-прадзюсарам. Мы ж з Міхалком збеглі ў Маскву з Мінска, на яго тады завялі крымінальную справу. Уяўляеце, раней можна было збегчы з Беларусі ў Расію ад палітычнага пераследу!

Але калі мы адчулі, што пачынаецца адліга, недзе ў 2017-м, мы вярнуліся. Я тады ўжо не працаваў у «ляпісах». Міхалка надоўга не хапіла на жыццё ў Маскве, а я да гэтага ўжо так жыў — сумяшчаў «Ляпісаў» і працу ў кінакампаніі [Валерыя] Тадароўскага. 

Цяпер я б у Расіі не працаваў. Чаму? Бо я не згодны з тым, што там адбываецца.

З Беларусі я з’ехаў у 2020-м. Тады працаваў прадзюсарам на «Еўрарадыё» і паехаў здымаць для іх матэрыял пра беларускія дыяспары. Пакуль яго здымаў, «Еўрарадыё» прызналі экстрэмістамі, і мне далі інфармацыю, што лепш не вяртацца.

А прыйшоў я туды недзе ў 2016-м. Атрымоўваецца, перайшоў з музыкі ў медыя — было супер! Мяне цікавіла і музыка, і відэакантэнт. Мог рабіць відэапраграмы, і зладзіў шмат цікавых мне рэчаў: напрыклад, праграма «Закон в натуре», дзе ў студыю прыходзілі крымінальнікі і вучылі жыццю. Быў прадзюсарам мінскай рэдакцыі, і як яе закрылі, мая праца скончылася. 

«У Беларусі вельмі тонкі культурны слой, як чарназём на полі, і яго гэтак жа лёгка здзьмуць ветрам»

Цяпер я жыву ў Варшаве, і сюды пераехала паў-Мінска. Ідуць бясконцыя канцэрты, ёсць нават адмысловыя клубы, дзе тусуюцца толькі беларусы. Беларускія артысты ў сваёй краіне не арганізоўвалі такія туры, як цяпер арганізуюць у замежжы — у гастрольным графіку можа быць 20-30 гарадоў! А рэч у тым, што цяпер у нас ёсць свае дыяспары, і беларусы жадаюць бачыць адно аднаго і камунікаваць. 

Рассеяўся культурны слой вялікіх гарадоў. Што такое тур у Беларусі? Гэта Мінск, Віцебск, Гродна, Брэст, наконт Гомеля вельмі вялікае пытанне. Усё так хістка і нестабільна, можна дадаць які Бабруйск ці Оршу — і ўсё. Але мусіць быць традыцыя хадзіць на канцэрты, у той жа Рэчыцы яе няма. 

Цяпер з’ехала вялікая культурная частка беларускіх гарадоў. І гэтыя людзі не проста ідуць на канцэрты, яны ідуць пабачыць адно аднаго. Я на канцэрце «Касіяпеі» сустрэў недзе трыццаць знаёмых, пяць з іх не чакаў там пабачыць, і быў вельмі рады. 

Пытаўся ў сына дзевяці гадоў, што ён цяпер слухае, што слухаюць яго аднагодкі. Ён пачаў мне дасылаць песні, і гэта дадаткі да камп’ютарных гульняў, у якія яны гуляюць, пластыкавыя і цацачныя саўнды. Так фарміруецца іх культура, таму, напэўна, я прапусціў нейкія дэталі.

Мінскія рокеры ў найлепшыя часы збіралі ад пяціста да тысячы чалавек. А прыязджае нейкая папсовая дрэнь і збірае ў Мінску стадыён, так заўсёды было. Але культурнае асяроддзе будзе не заўважаць тое, што збірае стадыёны, а глядзець на Пукста, у якога на канцэрты заўсёды прыходзіць трыццаць чалавек.

Нядаўна выйшла кніжка пра Мінск 70-х — 90-х. Мне было цікава, бо там апісваўся тусовачны, культурны Мінск. Але гэтая тусоўка была ў межах 500 чалавек, а ў горадзе жыве амаль два мільёны. У Беларусі вельмі тонкі культурны слой, як чарназём на полі, і яго гэтак жа лёгка здзьмуць ветрам. Яму не даюць сфармавацца — усё здараюцца нейкія катаклізмы, войны, размыванне народа, людзі прыязджаюць і з’язджаюць.

Гэты слой трэба шанаваць, ён робіць надвор’е і надае ўнікальнасць гораду.

2010 год, еўрапейскі тур у падтрымку альбома Agitpop. Фота: архіў Яўгена Калмыкова.

2010 год, еўрапейскі тур у падтрымку альбома Agitpop. Фота: архіў Яўгена Калмыкова.

Трохі сачу за музыкай унутры Беларусі. Мне заўсёды цікавыя ўнікальныя творчыя персоны, якія могуць здзівіць. Ілля Чарапко, Света Бень — гэта такія людзі. Міхалок такім быў, можа, і цяпер такі, проста даўно з ім не гутарыў. Тыя ж Сяргей Пукст, Паша Кузюковіч — ён калісьці граў у «ляпісах» на трубе, але ў самы росквіт праекта сышоў у аркестр, бо казаў, што хоча рэалізавацца ў музыцы, — мае шмат цікавых праектаў.

За масавай беларускай эстрадай сачу, толькі каб парагатаць, калі [музыкальны журналіст Аляксандр] Чарнуха пра гэта расказвае. Усе гэтыя Груздзевы, Саладухі — гэта перыферыйны глянец. Калі ў Кіеве ці Маскве маглі саспець сапраўдныя фрукты папсы, у якіх яшчэ ёсць бабкі, у нас яны такія бедненькія і не могуць сваю фрыкавасць рэалізаваць па поўнай, бо бюджэты не тыя, Распуціна або Цыганова дазволіць сабе больш.

У тым асяроддзі, якое цяпер існуе ў Беларусі, не можа расквітнець нешта яркае. Цуды заўсёды бываюць, але асяроддзе — гэта вельмі важна. Каб выспеў музычны праект — напрыклад, гурт — трэба, каб у іх нарадзіўся свой стыль, каб яны былі нечым унікальныя. Гэта можа выбудоўвацца на адным чалавеку, але калі гаворка ідзе пра творчы калектыў, хутчэй трэба, каб яны доўга рэпетавалі разам, і тады нешта можа атрымацца. З майго досведу, трэба, каб людзі пяць гадоў парэпетавалі ў гаражах, і тады ў іх нешта ўзнікне. 

«Былых панкаў не бывае». Плэйліст блогеркі Лізы Ветравай

«Дзе кот, там і дом». Спявак Башлыкевіч — пра жыццё ў Амстэрдаме, новы альбом і беларускую сат'яграху

«Дядя Саша, без обид, но вам никто не рад». Пагутарылі з беларускім спеваком AP$ENT, чые песні збіраюць мільёны праслухоўванняў

Клас
48
Панылы сорам
7
Ха-ха
6
Ого
5
Сумна
5
Абуральна
12

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?