Адразу нагадваем, што гэта не з'яўляецца сур'ёзным даследаваннем. Інфармацыя Белстата не ўлічвае сярэднія цэны на некаторыя прадукты кшталту салёных агуркоў ці кансерваванага гарошку (замест іх узятыя цэны з катэгорыі «кансерваваная гародніна»). Звесткі статыстычнага органа абагульненыя: не ўлічваюць, напрыклад, тлустасць маянэзу, катэгорыю яек і г. д. Таксама не ўлічваліся выдаткі на прыгатаванне — а камунальныя паслугі ў Беларусі таксама даражэюць штогод.

Аліўе

Для разліку цаны салаты «Аліўе» мы, як звычайна, бярэм наступны рэцэпт: кансерваваныя агуркі (500 грамаў), гарошак (380 грамаў), бульба (500 грамаў), морква (200 грамаў), курыныя яйкі (4 штукі), вараная каўбаса (300 грамаў), маянэз (200 грамаў), рэпчатая цыбуля (100 грамаў).

Аліўе Лістапад 2022 Лістапад 2023 Інфляцыя, %
Кансерваваныя агуркі, 1 кг (порцыя) 8,15 (4,08) 9,1 (4,55) 11,66
Гарошак, 1 кг (порцыя) 8,15 (3,10) 9,1 (3,46) 11,66
Бульба, 1 кг (порцыя) 0,91 (0,46) 0,75 (0,38) -17,58
Морква, 1 кг (порцыя) 0,92 (0,18) 1,03 (0,21) 11,96
Яйкі, дзясятак (порцыя) 2,99 (1,20) 3,23 (1,29) 8,03
Вараная каўбаса в/г, 1 кг (порцыя) 9,15 (2,75) 9,37 (2,81) 2,40
Маянэз, 1 кг (порцыя) 9,35 (1,87) 8,73 (1,75) -6,63
Рэпчатая цыбуля, 1 кг (порцыя) 1,3 (0,13) 1,35 (0,14) 3,85
Сума за порцыю 13,77 14,57 5,97

За год, згодна з афіцыйнымі звесткамі Белстата, аліўе на сям'ю стала даражэйшым усяго на 80 капеек, ці на 6 працэнтаў у адносных велічынях. Гэта найменшы паказчык за тры гады — у 2021-м аліўе дадала 20%, летась — 14.

Пасля істотнага росту ў мінулым годзе сёлета гародніна патаннела. Астатнія прадукты ж звыкла даражэлі, што дало выніковы рост цаны порцыі «Аліўе» на 6 працэнтаў.

Гэта адпавядае гадавой інфляцыі па падліках Нацбанка і завярэнням першага намесніка прэм'ера Снапкова, які заявіў, што па выніках года рост цэн складзе 5,4-5,6%.

Селядзец пад шубай

Для ацэнкі кошту шубы узялі такі рэцэпт: салёны селядзец (350 грамаў), бульба (400 грамаў), буракі (350 грамаў), морква (200 грамаў), курыныя яйкі (2 штукі), рэпчатая цыбуля (100 грамаў), маянэз (300 грамаў).

Селядзец пад шубай Лістапад 2022 Лістапад 2023 Інфляцыя, %
Салёны селядзец, 1 кг (порцыя) 8,29 (2,90) 8,97 (3,14) 8,20
Бульба, 1 кг (порцыя) 0,91 (0,36) 0,75 (0,30) -17,58
Буракі, 1 кг (порцыя) 0,85 (0,30) 1 (0,35) 17,65
Морква, 1 кг (порцыя) 0,92 (0,18) 1,03 (0,21) 11,96
Яйкі, дзясятак (порцыя) 2,99 (0,60) 3,23 (0,65) 8,03
Рэпчатая цыбуля, 1 кг (порцыя) 1,3 (0,13) 1,35 (0,14) 3,85
Маянэз, 1 кг (порцыя) 9,35 (2,81) 8,73 (2,62) -6,63
Сума за порцыю 7,28 7,40 1,59

Аматары селядца пад шубай могуць быць шчаслівыя — інгрэдыенты дадалі за год усяго 12 капеек. Гэта, як і з аліўе, мінімальны паказчык за тры гады — у 2021-м шуба дадала ажно 36,4%, летась — 6,74%.

А як, па вашых адчуваннях, выраслі цэны на прадукты за гэты год? Напішыце ў каментарах!

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
2