Раман Галоўчанка ў Лукашэнкі на нарадзе. Ілюстрацыйнае фота: belta.by

Раман Галоўчанка ў Лукашэнкі на нарадзе. Ілюстрацыйнае фота: belta.by

«Гэта, Раман Аляксандравіч, у вашым урадзе патанула ідэя»

У лютым 2023 года ўраду перапала за «кепскую прапрацоўку шэрага важных рашэнняў». Маўляў, адказныя асобы павярхоўна падыходзяць да падрыхтоўкі дакументаў, а часам недастаткова звяртаюць увагу на дбайнае расходаванне бюджэту.

26 чэрвеня Лукашэнка пагражаў Галоўчанку адстаўкай, калі па выніках года не будуць выкананыя прагнозныя паказчыкі. Ён абураўся, што за першае паўгоддзе не забяспечаны эканамічны рост.

«Раман Аляксандравіч, давайце публічна дамовімся так… Не выканаеце сёлета паказчыкаў, якія мы давялі… Вы і першы віцэ-прэм'ер (Мікалай Снапкоў — «НН») ідзяце ў адстаўку»,

заяўляў Лукашэнка.

Калі ж выканаюць паказчыкі, паабяцаў «ордэны, узнагароды», а калі не, то чыноўнікі мусяць паступіць «па-мужчынску».

У жніўні Лукашэнка загадаў выклікаць Галоўчанку з адпачынку, бо застаўся незадаволеным дакладамі пра сітуацыю ў адукацыі і хацеў спыніць «вакханалію пры арганізацыі ўступнай кампаніі».

3 кастрычніка Лукашэнка абрынуўся на ўрад за недахопы ў экспарце беларускіх тавараў, у прыватнасці продажы калійных угнаенняў.

На гэтай нарадзе Галоўчанка атрымаў за недамоваздольнасць.

«Некалі мы замахваліся, што створым адзіную магутную кампанію, якая будзе займацца. Гэта, Раман Аляксандравіч, так у вашым урадзе і патанула ідэя. Усё нам штосьці замінае. Можа, не толькі вам…» — даводзіў Лукашэнка.

20 кастрычніка на нарадзе па пытаннях стратэгічных праектаў Лукашэнка абвінаваціў урад у дэзынфармацыі.

«Мяне больш за ўсё апошнім часам (я ўжо пра гэта дзесьці казаў) хвалюе тое, што наш урад замест таго, каб канкрэтнай справай займацца, пачынае хлусіць і дэзынфармаваць прэзідэнта. Для таго каб паказаць сябе ў лепшым святле», — абурыўся ён.

Нарада ў Лукашэнкі. Ілюстрацыйнае фота: belta.by

Нарада ў Лукашэнкі. Ілюстрацыйнае фота: belta.by

На нарадзе 14 лістапада Лукашэнка закрануў «малочную справу», па якой затрымалі кіраўніцтва некаторых заводаў.

«Атрыманая інфармацыя паказала, што рэалізацыя схемы не магла ажыццяўляцца без удзелу службовых асоб прадпрыемстваў і дзяржорганаў. Раман Аляксандравіч, таксама адкажаце, калі там будуць вашы асобы. Там свецяцца і сябры ўрада. Я не называю прозвішчаў, пакуль ідзе следства», — прыгразіў Галоўчанку.

19 снежня Лукашэнка абурыўся сітуацыяй з меліярацыяй.

«Мяне здзіўляе: усё паламана, усё зламана, ратаваць трэба меліярацыю як галіну», — заяўляў Лукашэнка на семінары-нарадзе па пытаннях аднаўлення і выкарыстання меліярацыйных зямель.

На гэтай нарадзе Галоўчанка нясмела спрачаўся з Лукашэнкам. У адным з дакументаў, які падпісаў Галоўчанка і які працытаваў Лукашэнка, гаварылася, што ў Беларусі са 101 траншэекапальніка 99 «цалкам замартызаваныя».

«Скажы сумленна, ты падпісаў, што табе падсунулі, ці ты сам падлічыў?» — звярнуўся Лукашэнка да старшыні ўрада.

«Кожны, вядома ж не правяралі», — вінавата адрэагаваў Галоўчанка.

«Дык не падпісвай таго, чаго не правяраў».

Лукашэнку не задаволіла апраўданне Галоўчанкі пра колькасць прыцягнутых да адказнасці за нядбайнасць службоўцаў. Яны цяпер, настойваў Лукашэнка, «сядзяць у прыватных структурах і ўтрая больш зарабляюць і пасмейваюцца».

«Я вас ужо папярэджваў. Мяне забівае тое, што вы паказухай займаецеся. Я ж па ўсёй краіне лётаю і бачу, дзе вы працуеце, дзе — не. (…) Але вы працуеце як дачаснікі», — зрабіў вымову Галоўчанку.

21 снежня ўрад зноў трапіў у няміласць Лукашэнкі за рэгуляванне цэн і дарагія агуркі ў снежні.

«Іх трэба перыядычна хвастаць пугаю»

Рамана Галоўчанку Лукашэнка прызначыў старшынёй урада ў чэрвені 2020 года, калі ў краіне праходзіла перадвыбарчая кампанія. 

Сваё рашэнне Лукашэнка тлумачыў тым, што трэба, каб людзі пры галасаванні разумелі, «хто будзе займацца вырашэннем надзённых пытанняў, звязаных з іх жыццём, сацыяльна-эканамічным развіццём нашай дзяржавы».

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч разважае: Лукашэнка разумее, што ў створанай ім дзяржаўнай мадэлі без пастаянных і жорсткіх імпульсаў з вяршыні адміністрацыйнай піраміды ўся сістэма працаваць не будзе.

«Таму іх (чыноўнікаў. — НН) трэба перыядычна хвастаць нейкай пугаю, бо іншых стымулаў няма», — адзначае эксперт.

Валер Карбалевіч. Фота: «Наша Ніва»

Валер Карбалевіч. Фота: «Наша Ніва»

Валер Карбалевіч заўважае, што адразу пасля 2020 года Лукашэнка асцерагаўся жорстка крытыкаваць высокіх чыноўнікаў, бо ад падтрымкі наменклатуры залежала яго ўлада і менавіта падтрымка наменклатуры забяспечыла яму ўтрыманне ва ўладзе ў 2020 годзе.

Цяпер жа ён умацаваў свае пазіцыі і вярнуўся да звыклай практыкі.

«Гэта ж старая, традыцыйная практыка Лукашэнкі ад пачатку кіравання. Ён публічна адчытваў, крытыкаваў, а то выганяў чыноўнікаў — і народу гэта падабалася. Гэта ж мадэль такая: цар добры, а баяры дрэнныя», — даводзіць эксперт.

Народу Лукашэнка тлумачыць, што галоўныя віноўнікі дрэннага жыцця — чыноўнікі, якія не выконваюць яго мудрых указанняў, гаворыць далей Валер Карбалевіч.

«Ад імя народа ён і змагаецца з чыноўнікамі і ўвесь час іх плюшчыць, — кажа ён. — А каму прэтэнзіі выказваць? Зразумела, ураду. Па ўсіх праблемах, якія існуюць у эканоміцы, сацыяльнай сферы, урад адказвае. Таму на яго гнеў і абрынаецца».

Ці магчымая бліжэйшым часам адстаўка Галоўчанкі і яго ўрада, Валер Карбалевіч асцерагаецца прагназаваць.

«Такія рэчы, як кадравыя перамены — самыя непрагназаваныя ў палітыцы Лукашэнкі».

Глядзіце таксама:

Жанаты другі раз, сын піша вершы па-беларуску: што вядома пра сям’ю новага прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі

Акно ў Еўропу для «Гродна Азоту». Як Узбекістан дапамагае Беларусі абыходзіць забарону і прадаваць у ЕС угнаенні падсанкцыйнага прадпрыемства

Ад палітычных кантактаў у Афрыцы пакуль няма толку для эканомікі — Галоўчанка

Чыноўнік, які не пайшоў супраць народу. Павел Латушка — пра 2020 год і будучыню

Беларусь адмовілася будаваць свой порт у Расіі

Галоўчанка: Кожны дзень перад намі ставяць новыя выклікі, якія патрабуюць нетрывіяльных рашэнняў

Клас
7
Панылы сорам
8
Ха-ха
22
Ого
6
Сумна
5
Абуральна
14

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?