Сёння Аляксандр Лукашэнка праводзіў нараду наконт цэн. Ён адразу паведаміў, што будзе гаварыць шэптам, але адкладаць нараду няма куды.

Ён сказаў, што калі ўраду больш за год таму было даручана заняцца гэтай праблемай, размова не ішла аб замарожванні або нават стрымліванні цэн.

«Гаворка ішла аб рэгуляванні цэнаўтварэння. Дзесьці стрымлівалі. Дзесьці цэны падрасталі. Эканоміку не падманеш, — сказаў ён. — Мы цудоўна разумеем, што калі замарозіць цану там, дзе яе нельга замарозіць, — заўтра знікне тавар, ніхто ў нас са стратамі працаваць не будзе».

Цяпер Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі з 1 студзеня павінна быць дакладная, зразумелая сістэма рэгулявання цэн. Яе падрабязнасці невядомыя. 

Між тым 6 кастрычніка Лукашэнка выпусціў дырэктыву менавіта аб поўнай замарозцы цэн у Беларусі. Цяпер з 714 арганізацый гандлю, якія ўлічваюцца Белстатам, 137 апынуліся стратнымі за 10 месяцаў гэтага года.

19 снежня на нарадзе Лукашэнка таксама хрыпеў і выглядаў хваравіта. 

Прэсавая служба Лукашэнкі нічога не паведамляе пра яго здароўе. Пагаршэнне яго стану беларусы могуць толькі бачыць.

У маі 2023 года палітык захварэў і знік на пяць дзён. 9 Мая на парадзе ў Маскве на яго руцэ заўважылі бінт. Лукашэнка не змог прайсці з іншымі кіраўнікамі дзяржаў некалькі соцень метраў ад трыбуны да Аляксандраўскага сада, яго везлі асобна электрамабілем. Увечары ён першы раз за час свайго кіравання не змог прачытаць прамову на ўскладанні кветак на плошчы Перамогі, за яго гэта зрабіў міністр абароны Віктар Хрэнін. 

Толькі 15 мая Лукашэнку паказалі народу — ён наведваў камандны пункт ВПС і войскаў СПА. На моцна рэтушаваным фота БелТА ён выглядаў васковай фігурай.

Пазней палітык сказаў, што ў яго быў адэнавірус. І дадаў, што паміраць не збіраецца і «мучыцца вы са мной будзеце доўга».

А 23 лістапада, сустракаючы Пуціна на саміце АДКБ у Мінску, Лукашэнка дзіўна дрыжаў. Раней такое дрыжанне ў аб'ектыў не трапляла. Такі трэмар можа быць як прыкметай старэння, так і сімптомам хваробаў або эмацыйнага напружання.

Клас
11
Панылы сорам
0
Ха-ха
22
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
2