Антон Лысаў — грамадзянін Расіі, прыехаў у Беларусь у кастрычніку 2021-га, каб паўдзельнічаць у падпале машыны старшыні Камітэта судовых экспертыз генерала Аляксея Волкава. Магчыма, той падпал быў замовай лукашэнкаўскіх спецслужбаў.

Як пісала «Наша Ніва» ў маі, Антон Лысаў, які адбываў пакаранне ў «Віцьбе», папраўчай калоніі № 3, яшчэ раней пісаў заяву на імя Яўгена Прыгожына з просьбай узяць яго ў ПВК «Вагнер» на вайну з Украінай, каб вызваліцца такім чынам з беларускай калоніі. 

План хлопца тады не спрацаваў. 

Як расказаў «Нашай Ніве» былы сукамернік Лысава, які сядзеў разам з ім, той прызнаваў, што паехаў паліць машыну за грошы, якія яму прапанаваў нехта праз адмысловую пляцоўку ў даркнэце. «Нават суму называў — каля $2000».

Лысава сукамернік характарызаваў як «чалавека без тармазоў». Расказвае такую гісторыю: «Неяк у прагулачным дворыку Лысаў наклаў кучу, бо прасіўся ў прыбіральню, а яго не выпускалі аднаго. Мы, законапаслухмяныя беларусы, такое і ўявіць не маглі».

Сам Лысаў да свайго арышту ў Мінску жыў у Чэбаксарах (расійская аўтаномія Чувашыя), ён сірата, са сваякоў у яго толькі састарэлая бабуля. 

Разам з беларусам Захарам Таразевічам ён быў затрыманы і асуджаны за падпал машыны старшыні Камітэта судовых экспертыз Аляксея Волкава. 

Спачатку хлопцам інкрымінавалі тэрарызм, але судзілі ў выніку па 218 артыкуле Крымінальнага кодэкса — за наўмыснае знішчэнне чужой маёмасці.

Лысаў атрымаў 10 гадоў калоніі, быў прызнаны палітвязнем. 

Высветлілася, што хлопцам за падпал заплацілі. Замоўшчык падпалу затрыманы і асуджаны не быў, што дае падставы лічыць, што тым «замоўшчыкам» магла быць асоба з лукашэнкаўскіх спецслужбаў — метад правакацый шырока выкарыстоўваецца ўладамі ў «экстрэмісцкіх» злачынствах. 

Клас
3
Панылы сорам
29
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
13