— Пасля таго, як у мяне скончыўся год папраўчых работ, я яшчэ тры дні прабыў у Беларусі, а потым, у сакавіку 2022-га, ірвануў у ЗША, тым больш з'явіўся варыянт працы. Мне якраз знялі забарону на выезд з краіны. У выніку перабраўся ў Нью-Ёрк.

— Чаму менавіта ў гэты горад?

— У ім ужо жыў мой даўні знаёмы з Маладзечна Мікіта Харко, ён сказаў, каб прыязджаў менавіта да яго, быў гатовы дапамагчы з жыллём, з працай.

Спярша жыў у знаёмых хлопцаў на кватэры, літаральна два месяцы. А потым зняў невялікую кватэру-студыю. Плачу 1600 даляраў, пры гэтым гаспадыня чамусьці не бярэ з мяне за камунальныя паслугі. Магу сказаць, гэта невялікая цана. Сёння знайсці танней чым 1800 нерэальна.

— У якім раёне жывяце?

— У найвядомейшым — на Брайтане. Мне трэба было хутка знайсці кватэру, і падвярнуўся толькі гэты варыянт. Жыву там, дзе здымалі «Брат-2», пяць хвілін пешшу да пляжу, метро побач, так што ўсё задавальняе.

Сяргей Цвяцінскі і Мікіта Харко

Сяргей Цвяцінскі і Мікіта Харко

— Што тычыцца працы, то, наколькі ведаю, вы праводзіце экскурсіі па Цэнтральным парку Нью-Ёрка.

— Менавіта. Для разумення, ёсць спецыяльны ровар, да яго прымацаваная карэта з канапкай. Я стаю на вуліцы і прадаю туры па Цэнтральным парку. Экскурсіі могуць доўжыцца і паўгадзіны, і 40 хвілін, і гадзіну. Турыст купляе тур, садзіцца ў карэту, і я яго вязу па парку, расказваю пра славутасці. Пры гэтым ровар з электрычным маторам, круціць педалі не трэба. У канцы экскурсіі турыст усё аплачвае.

— Гэта прыватная паслуга?

— Так, я працую сам на сябе. Працаваць пачаў практычна адразу пасля пераезду. Тры дні з сябрамі святкавалі мой пераезд, а пасля гэтага пачаў катаць экскурсіі.

— Што для гэтага трэба было?

— Мой сябар Мікіта, які таксама працаваў у сферы турызму (усміхаецца). Ён мне вельмі дапамог у плане працаўладкавання, увёў у курс справы. Таксама патрабавалася арандаваць байк для экскурсій.

Спачатку за арэнду плаціў па тысячы даляраў у месяц. Але праз нейкі час купіў уласны — аддаў 9,5 тысячы даляраў. Вы ўяўляеце цэны на ровары з каляскай? Але затое за некалькі месяцаў спакойна можна адбіць кошт ровара. Плюс не трэба плаціць за арэнду, толькі за гараж па 300 даляраў. Так, байк стаіць у спецыяльным гаражы.

— Слухайце, а на што вы жылі першы час? Тысячу даляраў аддавалі за арэнду ровара, больш за паўтары тысячы за арэнду кватэры.

— Плюс аддаваў грошы за тэлефон і інтэрнэт — дзесьці 100 даляраў. Пэўныя грошы ішлі на харчаванне, на адзенне, хоць яго можна купіць на распродажах.

Для разумення: для больш-менш камфортнага жыцця ў Нью-Ёрку трэба зарабляць не менш за 10 тысяч даляраў. І гэта не маючы крэдытаў, даўгоў і гэтак далей.

Першы час, вядома, я шмат выдаткаваў на арэнду байка, кватэру і іншае. Але ўдавалася зарабляць так, каб не галадаць. Цяпер стала нашмат лягчэй, калі не трэба аддаваць грошы за арэнду ровара.

— Вы самі сабе ўсталёўваеце працоўны графік?

— Безумоўна. Улетку магу катаць турыстаў з 9-й да 18.00, можна пастаяць нават да восьмай вечара. А часам турысты хочуць экскурсіі і аб 11-й гадзіне вечара. Пасля вяртаюся дадому, адпачываю і вяртаюся раніцай, зноў праводжу экскурсіі.

У чым сутнасць працы? Прапаную туры па Цэнтральным парку Нью-Ёрка, калі чалавек згаджаецца, то садзіцца ў карэту — і мы паехалі. Па дарозе распавядаю пра славутасці парку. Там жа здымалі фільм «Адзін дома», людзям вельмі хочацца паглядзець на вядомыя месцы. Ці ёсць мост, дзе здымалі адну са сцэн фільма «Эльф». Турысты проста вішчаць, калі я ім распавядаю, што паедзем да гэтага моста. Тым жа амерыканцам вельмі падабаецца фільм.

— З англійскай у вас парадак?

— Яшчэ гуляючы ў Беларусі, самастойна вучыў мову цягам чатырох гадоў. Пакуль хлопцы гулялі ў карты, сядзеў у слухаўках і слухаў розныя аўдыякурсы, нешта глядзеў на YouTube, выпісваў нешта на лісточкі. Так і вывучыў, можна сказаць. Праўда, калі пераехаў у ЗША, трохі паплыў. Амерыканская мова ўсё ж адрозніваецца ад англійскай, спачатку я губляўся.

Але Мікіта Харко літаральна ў першы ж мой працоўны дзень пасадзіў мяне на байк і сказаў ехаць. Хоць ён ведаў, што мовай я валодаю не ідэальна, парк ён мне паказаў адзін раз, распавёў, куды павярнуць. Ён мне потым казаў, што такім чынам хацеў праверыць, спалохаюся я ці не. А я рэальна спалохаўся (усміхаецца). Вёз турыстаў і, паколькі пра парк практычна нічога не ведаў, расказваў пра Беларусь на ламанай англійскай. Турысты былі здзіўлены такой экскурсіяй (усміхаецца). Але калі мы вярнуліся, Мікіта спытаў у людзей, як усё прайшло. Яны ўсміхаліся, сказалі, што ім усё спадабалася. І яшчэ далі 40 даляраў чаявых.

— Колькі тур каштуе?

— У мяне розныя цэны. Ёсць за 100 даляраў, ёсць за 300. У сярэднім — 185 даляраў за гадзінную прагулку. Пасля экскурсіі па парку яшчэ можна заехаць на Тайм-Сквер.

З часам, натуральна, я ўдасканаліў англійскую. Раней мог нават папрасіць турыстаў мяне выпраўляць, нешта падказваць. Амерыканцы — людзі вельмі спагадныя, таму заўсёды дапамагалі, падтрымлівалі. Адсюль і з'яўлялася ў мяне ўпэўненасць.

Так, калі цяпер заходжу ў банк і чую гаворку работнікаў, не ўсё разумею, але экскурсіі праводжу ўжо даволі свабодна. І мовай валодаю, і пра парк усё ведаю. Праездзіў яго ўжо ўздоўж і ўпоперак.

— Былі сярод турыстаў людзі з постсавецкай прасторы, можа, з Беларусі?

— Усіх катаў: і расейцаў, і ўкраінцаў, і малдаван, і беларусаў, і кыргызаў, і казахаў.

— Як беларусы рэагавалі на тое, што экскурсію праводзіць іх зямляк?

— Пачну з таго, што многія беларусы, якія карысталіся маімі паслугамі, у ЗША жывуць ужо даўно, проста ў Нью-Ёрк прыязджалі як турысты. Таму яны ўжо больш амерыканцы. Але неяк катаў людзей з Гомеля. Прыкольна было сустрэць, спытаць, як і што там на радзіме. Думаю, калі яны палічылі, колькі я магу атрымаць за дзень, катаючы людзей па парку, то вырашылі, што не так ужо і дрэнна мне жывецца тут.

— Зарабіць можна больш, чым у тым ці іншым футбольным клубе Беларусі?

— Скажу так: у месяц можна зарабіць, як, напэўна, у БАТЭ ў яго найлепшыя гады, калі былі стабільныя выхады ў групу еўракубкаў, калі ехалі легіянеры. У сярэднім жа ў топавых экскурсаводаў можа быць па паўтары тысячы даляраў у дзень. Але гэта сапраўды трэба ўмець прадаваць свае паслугі.

— Турысты-беларусы не пыталіся, чаму з'ехалі ў ЗША і кім былі да пераезду?

— Пыталіся, я казаў, што гуляў у футбол. Але ніхто мяне не пазнаваў. Ды і які я там быў футбаліст, выдатна ўсведамляю свой узровень. Але турысты адзначалі, што мне, напэўна, лёгка педалі круціць. Не ведалі, што ў мяне ровар з электраматорам, не трэба прыкладаць намаганняў.

А наконт сваёй кар'еры ў Беларусі ўспомніў гісторыю. Калі з вамі дамаўляліся на інтэрв'ю, зайшоў у краму. Там прадаўшчыцы з Украіны: «Што, з цёлачкамі перапісваешся?» Я ў гэтую краму часта заходжу, дык мяне пазнаюць. Адказваю, што на інтэрв'ю дамаўляюся. Адразу пытанне: «А ты хто наогул?» Кажу, што ў Беларусі ў футбол гуляў. Пачалі мяне гугліць, сказалі, што пачытаюць пра мяне. Калі ласка, галоўнае, каб да інфармацыі пра «догаварнякі» не дайшлі (смяецца).

— Вы праводзіце экскурсіі з сакавіка 2022 года. Не надакучыла?

— Такое не можа надакучыць. Ідуць пастаянныя зносіны з людзьмі, сам даведваюся нешта новае, абменьваюся кантактамі. Бывае, што некаторыя нават клічуць у госці ў іншы штат, на Новы год хтосьці нават мне дасылаў грошы, падарункі. Калі прыносіш людзям задавальненне, яны потым табе дзякуюць. Ну і сам кайфуеш ад гэтага, атрымліваеш пазітыў.

Але, вядома, я думаю і пра будучыню. У прыватнасці, вучуся на кіроўцу грузавіка. Ужо здаў камп'ютарны экзамен, у студзені будзе кіраванне. Не кажу, што абавязкова буду працаваць дальнабойнікам, але хай правы будуць. Ці мала што — заўсёды можна будзе скокнуць у трак і паехаць.

— Чуў, што экзамен на кіроўцу грузавіка вельмі складаны і вельмі дарагі.

— Экзамен на камп'ютары змяшчае больш за 50 пытанняў. Яго здаў з першага разу. У набліжэйшы час планую ўзяць пару ўрокаў кіравання на траку плюс вывучыць, як называюцца на англійскай мове дэталі грузавіка. На экзамене трэба будзе хадзіць і паказваць. Неабходна ведаць усё да дробязяў, нават тое, з якіх дэталяў складаецца матор. А самі курсы кіравання каштуюць тры тысячы даляраў.

— Зімой вы таксама праводзіце экскурсіі?

— Са студзеня па сакавік не сезон, турыстаў не вельмі шмат. Збіраюся ў гэтым годзе паляцець у Маямі, кампанія сабралася. Яшчэ планую ў Каліфорнію зганяць. Ну а каб зусім не заставацца без грошай, пайшоў вучыцца на кіроўцу трака. У нетурыстычны сезон можна кіраваць грузавіком, а потым паставіць яго ў гараж і зноў катаць турыстаў па парку. Так што прадумваю жыццё і на будучыню.

— Чым займаецеся ў вольны час?

— То ў кавярні пасяджу, то па Брайтану прагуляюся, калі лета. З хлопцамі знаёмымі можам у іншы горад рвануць. Але летам, напрыклад, вольнага часу не так шмат. Хочацца пабольш папрацаваць, у выніку прыязджаю дадому пасля восьмай.

— Наколькі ведаю, вы перавезлі ў ЗША і сваю жонку?

— Так, было такое, але яна потым з'ехала назад. Так што не хацелася б гэтую тэму закранаць, калі шчыра.

— У цэлым задаволеныя, як складваецца зараз ваша жыццё?

— У прынцыпе, так. Вядома, можна і лепш, але галоўнае, што жывы, здаровы, рукі і ногі ёсць, галава на месцы — грошы зарабіць змагу. Ды і ў ЗША, відавочна, перспектыў больш.

— Сваю будучыню звязваеце з Амерыкай?

— Пакуль тут працую — так. Як толькі перастану працаваць, можа быць, паеду. Куды? Мару жыць у Калумбіі. Не ведаю чаму, але вось такая ў мяне мара. Можа, вярнуся ў Беларусь, але пакуль жадання ехаць туды няма ніякага. Мяне ўсё задавальняе ў ЗША.

Чытайце таксама:

Беларускаму футбалісту плацілі па $5 тысяч на месяц, але не выпускалі на поле — абсурдная палітычная гісторыя

«Пазнаёміла дзяцей са светам армейскага спорту». Дзе цяпер легендарная вяслярка Кацярына Карстэн

Найлепшы футбаліст Беларусі — віцябчук з афрыканскімі каранямі. Хто такі Макс Эбонг?

Клас
33
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
5
Сумна
9
Абуральна
8