Калаж: Медыязона

Калаж: Медыязона

«Мы цяпер цябе да амапаўцаў выведзем, яны хутка ўсё растлумачаць». Затрыманне, допыт і відэа

Валерыю 26 гадоў. 5 кастрычніка 2021 года сілавікі маглі не заспець яго ў пакоі інтэрната — звычайна ў такі час ён ужо быў на працы ў калгасе. Працаваў Панкратовіч аграномам, з 8 да 17 па буднях. Але гэтым разам застаўся дома, бо адпачываў пасля ночы: давялося вартаваць у полі тэхніку, каб яе не скралі.

«Стукаць нават не спрабавалі: вынеслі дзверы — у масках, без апазнавальных знакаў. Адзін — са шчытом і аўтаматам, астатнія — з пісталетамі, з ліхтарыкамі».

Валерыя затрымалі праз рэпосты ў сацыяльных сетках.

«У мяне першая думка была, што гэта развод сябры мае зладзілі, праплацілі. Але калі яны пачалі мяне дапытваць, калі сказалі, што яны з ГУБАЗіКа, я ўжо ўсё зразумеў. Зразумеў што ўсё, прыплылі».

Хлопец успамінае затрыманне: міліцыянты скінулі яго з крэсла, паклалі на падлогу, надзелі і зацягнулі да максімуму кайданкі, некалькі разоў ударылі па твары тыльным бокам далоні — за тое, што «борза размаўляў».

«Адзін амапавец спытаў — дзе тут у анархісты бяруць. Нібыта пажартаваў так, у мяне ў VK быў пост — уступайце ў анархісты».

Панкратовіча вывелі з інтэрната, паклалі на падлогу ў міліцэйскім бусе і павезлі ў Ваўкавыск — за 15 кіламетраў ад Юбілейнага, дзе ён тады жыў. Там хлопец яшчэ гадзіну ляжаў на падлозе машыны, пакуль яго прынялі ў мясцовым аддзяленні міліцыі.

У Ваўкавыску хлопца дапыталі, а потым прымусілі зняцца ў відэа.

«Далі тэкст, што вось, я падпісаны на такія і такія каналы — я пагадзіўся, гэты тэкст сказаў на камеру. Потым яны яшчэ кажуць: трэба павіншаваць АМАП са святам нейкім. Я адмовіўся. Кажуць: «Дык мы цяпер цябе да гэтых амапаўцаў выведзем, яны табе хутка ўсё растлумачаць». Я кажу — ну, вядзіце. Я ж уяўляю, што са мной на зоне зробяць за гэтыя вашы віншаванні. Так што я ў выніку нікога не віншаваў».

«Мне не падабаецца галоўнакамандуючы, і ў такім войску я служыць не збіраюся». Папярэдняя судзімасць і новая «крыміналка»

Пасля гэтага Валерыя змясцілі ў ІЧУ і арыштавалі паводле адміністрацыйнага артыкула аб распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў на 15 дзён.

Пад канец адміністрацыйнага арышту ў камеру да Валерыя прыйшла следчая — паведаміла пра завядзенне крымінальнай справы. Валерыя пакінулі пад вартай. На яго думку, ролю адыграла тое, што раней ён быў судзімы — за адмову служыць у войску.

«У 2021 годзе мяне судзілі за ўхіленне ад войска. Хоць я не ўхіляўся, а проста сказаў, што служыць не буду. Мяне выклікалі ў суд, у судзе я сказаў, што мне не падабаецца галоўнакамандуючы, і ў такім войску я служыць не збіраюся. Мне далі год умоўна і 30 базавых штрафу», — успамінае ён.

Навіна пра крымінальную справу стала шокам, у першую чаргу Валерый падумаў пра блізкіх.

«Тады зразумеў, што ўсё, будзе тэрмін. Падумаў пра маму — што ёй будзе вельмі далёка да мяне ездзіць, калі перадача ці нешта такое».

Мама прыязджала двойчы — адзін раз забраць рэчы Валерыя з інтэрната і перадаць яму перадачу ў СІЗА, другі раз — на суд. Ён праходзіў у закрытым рэжыме, таму сваякоў пусцілі толькі на абвяшчэнне прысуду.

«Мне далі два гады — паўтара за абразу і паўгода яшчэ з таго ўмоўнага тэрміну. Асудзілі літаральна за суткі: было два пасяджэнні, больш ім не спатрэбілася».

Пасля прысуду Панкратовіч пабачыўся з роднымі на спатканні: кажа, брат трымаўся, мама плакала і казала, што ён дарма ў «гэта» ўлез.

«Маці ў мяне мала разумее ў гэтай палітыцы, а я стаю на сваім. Мне і пра калонію казала, каб я нікуды не лез. Але я ж не буду маўчаць — не магу. Таму мяне «каталі» потым і ў ШІЗА, і ў ПКТ я быў да канца тэрміну».

«У нас шмат заставалася зэкаў, груба кажучы, голых». Двое сутак этапу і каранцін

З Гродна, дзе ўтрымліваўся да суда палітвязень, яго этапавалі ў ПК-2 у Бабруйску. Дарога заняла двое сутак. Асуджаных везлі на спецыяльным цягніку з «начлегам» у ІЧУ ў Баранавічах. Увесь час у цягніку Валерый ехаў у кайданках:

«Нават забойцы ехалі без кайданкоў, а я са сваёй абразай і двума гадамі — галоўны тэрарыст».

У калоніі Валерый апынуўся ў пачатку зімы 2022 года, незадоўга да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Пасля прыезду яго разам з іншымі зняволенымі адправілі не адразу ў атрад, а ў каранцін. У гэты час, успамінае Панкратовіч, было цяжка — з-за надвор'я.

«У калонію ты прыязджаеш, там нагала стрыгуць. І зноў ператрус. Рэчы, якія ў калонію не праходзяць, адпраўляюць на склад. І ў нас шмат заставалася зэкаў, груба кажучы, голых. Адзенне, якое там выдаюць — гэта вельмі тонкія рэчы. А час — люты, і мы ў каранціне вельмі шмат часу праводзім на вуліцы. Многія моцна мерзлі».

Згодна з правіламі ўнутранага распарадку, асуджаныя, якія нядаўна трапілі ў калонію і знаходзяцца на каранціне, павінны працаваць, але асобна ад астатніх зняволеных. Таму звычайна іх прыцягваюць да работ на вуліцы. Напрыклад, прыбраць снег, лужыны, падмесці тэрыторыю і г. д.

«Мы хлопцы, сабраныя ўсё ў кучу, на нервах, і няма жанчын». Калонія

Пасля пераводу ў атрад стала крыху лягчэй. Там, успамінае Валерый, дазвалялі карыстацца чайнікам, з'яўлялася больш вольнага часу — можна было чытаць, глядзець тэлевізар ці займацца спортам.

У «качалку» ў калоніі, са слоў Валерыя, пускалі толькі тых, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй — астатнія займаліся на брусах у «спортгарадку» ў атрадзе, і гэтага хапала.

У калоніі, расказвае былы палітвязень, востра адчуваецца недахоп таго, што даступна ў звычайным жыцці.

«Ежы хатняй не хапала, напояў нейкіх. Там можна было купіць колу, але яна каштавала амаль шэсць рублёў — за такія грошы не станеш яе купляць. Салодкага хацелася — торта або пірожных. Піва. Мы хлопцы, сабраныя ўсё ў кучу, на нервах, і няма жанчын. Таксама такое сабе шчасце. Першы час не хапала тэлефона: проста лезеш у кішэню, а там няма яго! Нават проста асабістай прасторы не хапала».

На працу, па словах Валерыя, ён хадзіў толькі на абавязковыя тры гадзіны ў дзень — працаваў на перапрацоўцы гумы. Часам у вольны час спаў.

«Спаць было забаронена, але я спаў, і мне было ўсё роўна. Я спаў нават у ШІЗА. Што яны мне зробяць? Тэрмін у ШІЗА дададуць? Ну і добра», — спакойна кажа былы палітвязень.

У штрафным ізалятары ён правёў 60 сутак, а на 3 месяцы перад вызваленнем яго перавялі ў ПКТ. ПКТ — памяшканне камернага тыпу, асобная камера ў калоніі, дзе могуць утрымліваць некалькі зняволеных. Ім выдаюць падушку, коўдру, матрац і пасцельную бялізну. Раз у дзень можна выходзіць на паўгадзінны шпацыр.

«Атаварку» ў ПКТ памяншаюць да 1 базавай. З сабой у камеры ў асуджаных можа быць адзенне, кіпяцільнік, пісьмовыя і туалетныя прыналежнасці, ручнік, гадзіннік. Ім дазволена карыстацца бібліятэкай.

Па словах Валерыя, у ШІЗА яго адпраўлялі за сон, а яшчэ — за размовы пра палітыку.

«Гэта як працуе? Цябе заўважылі — значыць, трэба пасадзіць у ШІЗА. І пачынаюць шукаць. Спрабуюць злавіць за сон. Не спіш — пойдуць на склад, паглядзяць, як рэчы твае апісаныя. Не знойдуць да чаго прычапіцца — прыпішуць. У крайнім выпадку, дзяжурны выкліча і скажа мыць прыбіральні. Тут ужо ў любым выпадку адмовішся, і тады ўжо за гэта ў ШІЗА».

Лічыў дні да канца тэрміну і баяўся выходзіць. Вызваленне

ПКТ, расказвае Валерый, стала для яго такой «пражаркай», выпрабаваннем на трываласць.

«Гэта каб сапсаваць табе жыццё перад вызваленнем, каб ты ні з кім развітацца не мог. Атаварка на адну базавую… Але былі і плюсы. У атрадзе цябе водзяць на абавязковыя работы, у клубы водзяць мазгі прамываць. А ў ПКТ табе ўсё пофіг, ніякіх клубаў».

Валерый лічыў дні да вызвалення з самых першых дзён у калоніі. Іншыя казалі яму, што ў яго так «дах паедзе», але самому хлопцу так было прасцей.

«А я дакладна ведаў — вось, мне сёння засталося 12 месяцаў і 20 дзён. Мяне можна было кожны дзень пытацца. І пад канец тэрміну я ўжо так асабліва і не адчуваў, што выходжу. А калі прыйшоў дзень выхаду, ужо як быццам і выходзіць не хацеў. Я ў зоне ведаю свой расклад дня, як і чым мне заняцца. А ты выходзіш на волю, і незразумела, куды табе сябе падзець».

Яшчэ Валерый баяўся, што на яго завядуць новую крымінальную справу праз іншыя допісы ў сацыяльных сетках і затрымаюць адразу на выхадзе каля брамы калоніі. Але ў дзень вызвалення ўсё прайшло спакойна — палітвязня сустрэлі блізкія.

Ён пачаў рыхтавацца да ад'езду з Беларусі. Дапамог былы палітвязень — ён пакінуў Валерыю свае кантакты, паабяцаў дапамагчы з выездам і стрымаў абяцанне.

Цяпер былы палітвязень у Варшаве — будуе жыццё наноў. А дадому да яго родных у Беларусі перыядычна прыходзяць сілавікі.

«Міліцыя дагэтуль ездзіць да мяне дадому, цікавяцца, як я з'ехаў. Шукаюць, пытаюцца, ці не хачу я вярнуцца. Маці ім кажа, што я з'ехаў назаўжды, незваротна».

Чытайце таксама:

«Была ўпэўненая, што наступным разам «хіміяй» не абмяжуюцца». Экс-палітвязні расказваюць, як выходзілі на волю

Пад'ём а 5-й раніцы, шмон, прамзона, зноў шмон. Адзін дзень з жыцця зняволенага нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага

«Гэта цікавы досвед, бо я быў і з таго боку, і з таго». Былы брэсцкі следчы, які стаў палітвязнем, расказаў пра сістэму знутры і звонку

«Чалавек, якога мы адбілі ў сілавікоў, пасля на маім судзе сведчыў супраць мяне». Былы палітвязень па «справе байкераў» расказаў сваю гісторыю

Клас
8
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
8
Абуральна
17