Мінск: «Адмовілася рамантаваць газавы кацёл за свой кошт — атрымала SMS пра сэкс»

Прыватны дом (адасобленая частка), 230 долараў

— Тры гады здымала ў Мінску адасобленую частку прыватнага дома з асобным уваходам, без мэблі і рамонту. Плаціла гаспадару наяўнымі 230 долараў без камунальных.

У нас не было афіцыйнай дамовы арэнды. Гаспадар не хацеў плаціць падаткаў, а мне было ўсё роўна. Першапачаткова ўсімі пытаннямі займаўся мой хлопец, але мы разышліся, і ён з’ехаў. А неўзабаве і мне давялося экстранна з’язджаць.

У доме даўно глючыў газавы кацёл, і ў верасні 2023-га гаспадар выклікаў майстра. Пакуль яго чакаў, убачыў на экране майго ноўтбука тэставы макет праграмы, у якім была відаць сума грошай. І чамусьці вырашыў, што гэта мае накапленні (як я зразумела з далейшых паводзін).

Калі майстар усё паглядзеў і вынес вердыкт, што кацёл ужо памірае, гаспадар сказаў: «У мяне грошай мяняць няма, вось праграмістка наша памяняе».

Я вырашыла, што гэта дурны жарт. Да гэтага гаспадар прасіў палову сумы за стабілізатар напругі, які працаваў на два катлы. І я з ветлівасці і звычкі тады пагадзілася часткова аплаціць. Але цяпер ветліва сказала, што грошай на замену катла ў мяне таксама няма.

Праз 15 хвілін пасля сыходу майстра ад гаспадара прыйшло паведамленне: «Я ні на што не намякаю, але тыя, хто са мной спаў, па 10 кг скідвалі». Мабыць, ён падумаў, што раз я рассталася з хлопцам, то ён выдатны варыянт для мяне, і ўсё роўна, што яму 50, а мне амаль у два разы менш. Пазней прыйшло яшчэ адное паведамленне. Гаспадар напісаў, што яму ёсць куды траціць грошы і што ён ходзіць да эскортніц.

Я спачатку запанікавала, бо ў яго ёсць ключы ад дома. Далей усё паляцела з хуткасцю святла. Вырашыла з’ехаць, за адзін дзень знайшла новую кватэру. Дома адна не з’яўлялася, толькі з сябрамі. Паспела хутка ўсё вывезці, а што не вывезла, танна прадала.

А гаспадар пачаў прапаноўваць розныя варыянты, каб я засталася. Раз я такая прынцыповая, то хай яму грошы аддаюць мае сябры, і мы такім чынам не будзем перасякацца. Потым патэлефанаваў майму сябру і прапанаваў яму пажыць. Потым вырашыў, што трэба сфатаграфаваць жытло, і сказаў, каб я прыбралася ў доме, а то непрыгожа (хоць мэбля там мая). У маю адсутнасць хацеў прыводзіць людзей, каб паказаць дом. У выніку наогул не дачакаўся, пакуль я канчаткова з’еду, і пачаў здымаць шпалеры са сцяны. Я ж цалкам з’ехала за 10 дзён да канца аплачанага перыяду.

Вільня: «Згубілі ключы — замена замка абышлася ў кошт арэнды за месяц»

1-пакаёвая, 450 еўра

— У маі мінулага года мы з мужам пераехалі ў Вільню. Знялі аднапакаёвую кватэру плошчай 35 кв. метраў у старым доме далёка ад цэнтра — у раёне Новая Вільня. Арэнда абышлася ў 450 еўра на месяц (даражэйшай не маглі сабе дазволіць на той момант), таксама ўнеслі заклад 900 еўра. За камуналку плацілі дзесьці 60-70 еўра летам і 130-140 еўра зімой.

Кватэра была пасля рамонту, але там амаль нічога не было: канапа, невялікая канапка, пральная машына, халадзільнік і стол з крэсламі ў кухні. Прыйшлося патраціцца, каб дакупіць неабходную мэблю ды іншае.

Кватэру арандавалі год. Але яшчэ раней, пажыўшы нейкі час, зразумелі, што нязручна жыць далёка ад цэнтра. Туды ходзяць усяго два аўтобусы і едуць доўга праз запаведнік. Акрамя таго, сама кватэра маленькая, не разысціся, а мы абодва тады працавалі дома.

Гаспадыні загадзя паведамілі, што не будзем працягваць кантракт. А дзесьці за два месяцы да высялення здарылася непрыемнасць: муж не заўважыў, як парвалася кішэня ў куртцы, і мы страцілі другі звязак ключоў (першы быў у мяне). Адразу звязаліся з гаспадыняй, патлумачылі сітуацыю і сказалі, што можам зрабіць дублікат. Яна тады вельмі міла сказала, каб мы не хваляваліся, нічога страшнага і з ключамі вырашым пры высяленні. Ну мы і расслабіліся, а выявілася дарма.

Пры высяленні прыбралі кватэру і сустрэліся з гаспадыняй. І тут яна паказала нам на пункт у дамове пра ключы. Там было напісана штосьці накшталт «уласнік сам прымае рашэнне, што рабіць пры згубе ключоў». І гаспадыня прыняла рашэнне… памяняць замок, аргументаваўшы гэта тым, што якія-небудзь ашуканцы знойдуць ключы і выкрадуць што-небудзь у іншых жыхароў. На пытанні, чаму мы не можам проста зрабіць дублікат, яна спасылалася на пункт дамовы: «я маю права патрабаваць у вас тое, што хачу, па гэтым пункце».

Фота: Unsplash

Фота: Unsplash

Новы замок гаспадыня выбрала сама ў крутой фірме і з усялякімі наваротамі коштам 250 еўра. Яшчэ 200 еўра каштавала праца майстра па ўстаноўцы замка. Разам замена замка абышлася нам у кошт месячнай арэнды — 450 Еўра. Хоць усё можна было б зрабіць нашмат танней.

Грошы на замену замка гаспадыня забрала з нашага закладу ў 900 еўра. Я была ў лютасці, бо гэтыя грошы меліся пайсці на арэнду новай кватэры. А ў выніку гаспадыня вярнула нам не 450 еўра закладу, а яшчэ менш — толькі 410. На 40 еўра яна выставіла нам рахунак за клінінг. На яе думку, кватэру мы здалі не ў тым выглядзе, у якім атрымалі. Але гэта лагічна. Мы заехалі ў кватэру, жылі там год і не маглі лунаць над падлогай і не дыхаць на сцены.

Цяпер здымаем за 600 еўра цудоўную двушку даволі блізка да цэнтра ў новым доме і з усімі магчымымі выгодамі. Гаспадар прыемны, адразу абмеркавалі з ім усе моманты пры ўездзе. Дамову прачыталі некалькі разоў, расплывістых пунктаў для падману быццам бы не знайшлі.

Гомель: «Заплаціў неадэкватныя грошы за рамонт»

1-пакаёвая, 180 долараў

— На працягу года здымаў у Гомелі аднапакаёвую кватэру за 180 долараў па курсе. Пры ўездзе аплаціў першы і апошні месяцы.

У адзін з дзён арэндадаўца паведамляе, што развялася з мужам, і просіць з’ехаць. Час падціскаў, вывез рэчы, больш-менш прыбраў кватэру, трэба было яшчэ прадаць пральную машыну, якую я купіў.

У абумоўлены дзень жанчына прыйшла глядзець кватэру і пачала да ўсяго дакалупвацца. Па выніку адмовілася вяртаць аплату за апошні месяц — 580 рублёў. Дамовіліся, што яна пераклеіць шпалеры і закажа клінінг. Праз некалькі дзён гаспадыня патэлефанавала і сказала, што 580 рублёў на рамонт, якія засталіся, не хопіць. Замест мірнага вырашэння канфлікту атрымалася, што я маю заплаціць за любы дэфект незалежна ад прычын яго з’яўлення. Чэкаў ні на што, акрамя шпалераў, няма.

Клінінг абышоўся мне ў 310 рублёў. Калі я папрасіў чэк, мне кінулі дакумент, спехам зроблены ў word, без пячатак, рэквізітаў аплаты і г. д. Я папрасіў фіскальны чэк і акт выкананых работ, на што атрымаў у адказ тону мату. Потым мне ператэлефанавалі з сэрвісу і сказалі, што ніякіх дакументаў няма, але яны могуць іх зрабіць на маё імя, калі трэба.

Потым высветлілася, што клінінг не адмыў сцен ад каціных «лап» і я яшчэ маю плаціць за фарбу для сцен. Таксама гаспадыня за мой кошт аплаціла чыстку труб, паслугі майстра па рамонце мэблі (хоць мэблі я не зламаў). За рэстаўрацыю ванны гаспадыня вырашыла заплаціць на 100 рублёў больш, бо ёй трэба хутчэй. А тое, што я плачу за ўсё са сваёй кішэні, яе не хвалявала.

Агульныя выдаткі за кватэру перавысілі 1,5 тысячы рублёў. Хоць кватэра амаль без мэблі і бытавой тэхнікі. 

  • Паклейка шпалер — 250 рублёў.
  • Клей — 350 рублёў.
  • Паслугі сантэхніка — 50 рублёў.
  • Рамонт мэблі — 150 рублёў.
  • Клінінг — 310 рублёў.
  • Вечка ўнітаза — 40 рублёў.
  • Ванна — 290 рублёў.
  • Фарба ў пакой — 100 рублёў.

Так, кватэру я здаў не ў ідэальным стане і быў гатовы пакрыць адэкватную суму страт. Але я размаўляў з бухгалтарамі і юрыстамі, і ўсе сказалі, што жанчына бярэ неадэкватныя грошы за рамонт.

На жаль, зрабіць я нічога не мог. Я не ўкладаў дамовы прыёму-перадачы маёмасці, пра што вельмі шкадую. Няма ніякіх дакументаў, якія пацвярджаюць стан кватэры да і пасля. З гэтай прычыны я не звяртаўся ў суд. Да таго ж гэты працэс вельмі моцна расцягнецца, а аплачваць усе судовыя выдаткі прыйшлося б мне.

Чытайце таксама:

Самыя дарагія арэндныя кватэры ў Мінску. Стаўкі ўражваюць

У Брэсце здаецца кватэра за 1000 даляраў на месяц. Сапраўды настолькі шыкоўны варыянт?

Наплыў турыстаў — кватэры ў цэнтры Гродна здаюць і па 100 даляраў за суткі. «З такімі цэнамі кватэру можна адбіць за некалькі гадоў»

Ад 700 да 7000 даляраў у месяц. Што за катэджы і пачым здаюць у Мінску ў доўгатэрміновую арэнду

Клас
5
Панылы сорам
10
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
18