Павел Губараў і Ігар Гіркін-Стралкоў. Фота: Alexander Nemenov / Alexander Zemlianichenko / AP. Калаж: «Наша Ніва»

Павел Губараў і Ігар Гіркін-Стралкоў. Фота: Alexander Nemenov / Alexander Zemlianichenko / AP. Калаж: «Наша Ніва»

Павел Губараў, адзін з падначаленых і паплечнікаў «былога міністра абароны ДНР» Ігара Гіркіна-Стралкова, пачаў таго публічна крытыкаваць і абражаць за «хлусню, крывадушнасць і подласць».

Свае думкі, апублікаваныя ў асабістым тэлеграм-канале, Губараў абяцаў дапоўніць «вялікім тэкстам», у якім разбурыць «медыйны міф пра высакароднага героя Стралкова».

«Я вам на пальцах дакажу, што няма і не было ніякага высакароднага і прынцыповага героя Стралкова, а ёсць Гіркін — ілжывы, крывадушны, подлы інтрыган і нікчэмнасць. Дачакайцеся майго вялікага тэксту і не марнуйце свой час і эмоцыі на пустышку Гіркіна», — напісаў Павел Губараў у анонсе свайго «вялікага тэксту» пра Гіркіна-Стралкова.

На думку Губарава, Стралкоў захацеў ісці ў прэзідэнты Расіі «яшчэ з моманту падзей у Славянску», а праект КРП (Клуб раззлаваных патрыётаў) быў створаны Стралковым толькі для прасоўвання яго прэзідэнцкіх амбіцый. Праца ж у гэтым клубе для Губарава праходзіла «ў стане пастаяннага стрэсу ад бабскіх істэрык Гіркіна».

Губараў лічыць, што менавіта прэзідэнцкія амбіцыі Стралкова сталі галоўнай прычынай яго арышту, але пры гэтым «ніхто не будзе рэпрэсаваць Гіркіна, бо гэта толькі выхаваўчая праца з мэтай адпудзіць яго ад прэзідэнцтва, а затым вызваліць». 

У гэтым ён «знайшоў падабенства» з выпадкам Сяргея Ціханоўскага.

«Гіркіна ніхто не будзе рэпрэсаваць. Гэта іншае, гэта выхаваўчая праца. Ягоны арышт правільна параўноўваць з арыштам блогера Ціханоўскага ў Беларусі на выбарах Лукашэнкі.

У палітычнай сістэме Расіі няма ніякіх выбараў. Гіркін сядзіць з-за сваіх прэзідэнцкіх амбіцый не таму, што ўлады яго баяцца, а з прынцыпу, як бы што не здарылася.

Гіркіна выпусцяць, як толькі пагроза ад яго ўдзелу ў выбарах знікне. Тым больш, што ён сядзіць па смешным артыкуле (ч. 2 арт. 280 КК РФ, публічныя заклікі да экстрэмізму праз інтэрнэт, да пяці гадоў пазбаўлення волі — НН), па якім рэдка даюць не тое што арышт, але і пазбаўленне волі (расіян рэгулярна арыштоўваюць і пазбаўляюць волі па гэтым артыкуле — НН)», — разважае Павел Губараў.

На крытыку ў здрадзе Гіркіна-Стралкова і ў тым, што «брыдка крытыкаваць чалавека, які сядзіць у СІЗА», Губараў адказаў, што «Гіркін сядзіць у санаторных умовах сам-адзін, з тэлевізарам, халадзільнікам, харчаваннем, лячэннем, безлімітнымі перадачамі і добрым стаўленнем з боку наглядчыкаў».

Ігар Гіркін-Стралкоў і Павел Губараў у 2014 годзе пасля абмену і вызвалення Губарава з украінскай турмы. Фота: pikabu.ru

Ігар Гіркін-Стралкоў і Павел Губараў у 2014 годзе пасля абмену і вызвалення Губарава з украінскай турмы. Фота: pikabu.ru

Характэрна, што сам Павел Губараў нядаўна распавядаў, што калі ў 2014 годзе быў ва ўкраінскай турме (якую Губараў таксама называў «санаторыем»), менавіта Ігар Стралкоў здолеў дабіцца яго вызвалення, абмяняўшы таго на некалькіх палонных супрацоўнікаў спецназа «Альфа» Службы бяспекі Украіны (СБУ). 

Тады СБУ знайшла і арыштавала Губарава за арганізацыю прарасійскіх мітынгаў і актыўную падтрымку аддзялення Данбаса ад Украіны, а таксама за ўдзел у захопе адміністрацыйных будынкаў Данецка. Усё гэта адбывалася на фоне перамогі прыхільнікаў Еўрамайдану-2014 ў Кіеве і спробах Расіі дэстабілізаваць Данбас і анексаваць Крым.

Успамінаючы тыя падзеі і каментуючы ролю Стралкова ў сваім вызваленні з украінскай турмы, Павел Губараў назваў таго «шчырым патрыётам, якім ён і з'яўляецца». Казаў ён гэта яшчэ ў верасні гэтага года ўжо пасля арышту Гіркіна-Стралкова ў Расіі «за экстрэмізм».

Дарэчы, Павел Губараў улетку ладзіў пікет у падтрымку Ігара Стралкова каля будынка суда, дзе таму абіралі меру стрымання. Губараў патрабаваў вызвалення Стралкова і заяўляў, што той «абгрунтавана крытыкаваў дзеянні Мінабароны Расіі».

Чытайце таксама:

«Вельмі баюся, што мяне «амністуюць», як і Кухара». Гіркін-Стралкоў распавёў, што будзе рабіць, калі стане прэзідэнтам Расіі 

Жонка Гіркіна пракаментавала фота, на якім той нібыта моцна збіты ў СІЗА

«Ён сварыўся на людаедаў за іх недастатковы апетыт». Навальны назваў Стралкова палітвязнем

Клас
4
Панылы сорам
11
Ха-ха
16
Ого
5
Сумна
3
Абуральна
6