Гэты дакумент рыхтаваўся каля года. Працавалі над ім Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная рада, некалькі незалежных аналітычных цэнтраў. Апублічыць праект вырашылі, каб беларусы маглі абмеркаваць стратэгію і выказаць свае заўвагі (іх можна будзе дасылаць праз платформу «Новая Беларусь»).

Асноўная мэта стратэгіі — транзіт улады і ўстанаўленне дэмакратычнай сістэмы.

Прыводзім асноўныя моманты.

Колькі цягнецца пераходны перыяд

Пераходны перыяд, мяркуецца, зойме не больш за 6 гадоў і ахопіць два выбарчыя цыклы.

Першы этап — транзіт улады. Ён працягнецца да 180 дзён. У гэты час дзейнічае ўрад пераходнага перыяду. Яго задачы — вырашыць пытанне з Канстытуцыяй (які яе варыянт лічыць легітымным) і правесці пазачарговыя выбары.

Ва ўрадзе пераходнага перыяду прызначаць першага віцэ-прэм’ера, які будзе курыраваць працу міністэрстваў і ўстаноў у эканамічнай і сацыяльнай сферы.

Да правядзення выбараў вызваляць палітвязняў, адновяць рэгістрацыю партый і некамерцыйных арганізацый, здымуць блакіроўкі з медыя, зноў дазволяць праводзіць акцыі.

Апроч вызвалення палітвязняў, будуць адноўленыя на працы тыя, каго звольнілі за палітыку. Матэрыяльная, фізічная і маральная шкода, нанесеная грамадзянам, якія пацярпелі ад парушэння іх правоў, будзе кампенсаваная.

Дзяржаўныя паслугі будуць забяспечвацца бесперапынна ў пераходны перыяд.

Што раней — выбары ці змена Канстытуцыі

Вялікае пытанне — па якой Канстытуцыі ў гэты час дзейнічаць і калі яе мяняць. Ёсць тры варыянты.

Першы — палітычная сіла, якая дамінуе ў пераходны перыяд, прызнае легітымным адзін з варыянтаў тэксту Канстытуцыі (дэмакратычныя сілы лічаць дапушчальным першапачатковы тэкст Канстытуцыі, прыняты ў 1994 годзе) і праводзіць выбары ў адпаведнасці з ёй. Канстытуцыйная рэформа робіцца шляхам унясення змен у тэкст Канстытуцыі, прызнаны легітымным.

Другі варыянт — канстытуцыйная рэформа раней за выбары. Спачатку праводзіцца рэферэндум па новай Канстытуцыі, а затым выбары ў органы ўлады.

Трэці — выбары раней за канстытуцыйную рэформу. Аднаўляюць дзеянне канстытуцыйнага закона Дэкларацыя «Аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь», праводзяць выбары ў Вярхоўную Раду Рэспублікі Беларусь як адзіны прадстаўнічы орган беларускага народу, пры гэтым кіраўніком дзяржавы становіцца Старшыня Вярхоўнай Рады. Вярхоўная Рада праводзіць канстытуцыйную рэформу.

Выбары будуць праведзеныя як мага раней, не чакаючы тэрмінаў чарговых выбараў.

Што да палітычнага ладу — прапануецца перайсці ад прэзідэнцкай да парламенцкай формы кіравання, пры якой урад павінен быць падсправаздачны і несці адказнасць за сваю дзейнасць перад парламентам. Прэм’ер-міністр павінен прызначацца парламенцкай большасцю.

За прэзідэнтам прапануецца пакінуць прадстаўнічыя функцыі кіраўніка дзяржавы.

Таксама прапануецца вярнуцца да аднапалатнага парламента, дзе будзе 200-250 дэпутатаў.

Плануецца рэформа дзяржаўнага кіравання і самакіравання, каб гэтыя органы была падсправаздачныя грамадству.

Што з ГУБАЗіКам і суддзямі

Такія падраздзяленні МУС, як ГУБАЗіК і АМАП, а таксама КДБ, расфарміруюць. Іх функцыі, не звязаныя з палітычна матываванымі рэпрэсіямі, перададуць наяўным ці зноў створаным спецыялізаваным структурам.

Фота: МУС

Фота: МУС

Суддзяў «пераатэстуе» незалежны орган з удзелам міжнародных экспертаў, які створаць.

Увесь склад Канстытуцыйнага суда распусцяць і сфармуюць наноў у адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі.

Створаць незалежны дзяржаўны орган, які будзе ацэньваць эфектыўнасць і непрадузятасць службаў разведкі і бяспекі.

Як быць з чыноўнікамі

Усе дзяржаўныя службоўцы могуць працягваць працаваць у адпаведнасці са сваімі кантрактамі, калі ў дачыненні да іх не прымуць іншых рашэнняў згодна з законам. 

Забараніць займаць высокія пасады ў заканадаўчых і выканаўчых органах, а таксама ў органах мясцовага самакіравання могуць толькі па рашэнні суда ў дачыненні да тых, хто вінаваты ў грубым парушэнні правоў грамадзян.

Чыноўнікі (як і сілавікі), якія не мелі дачынення да рэпрэсій, будуць далей працаваць.

Цяпер працуюць над дакументам па пераходнай справядлівасці — аб прыцягненні да адказнасці тых, хто парушаў правы.

Будзе апублічана ўся (акрамя сакрэтнай, вызначанай па дакладных крытэрыях) статыстыка ды інфармацыя пра працу дзяржаўных органаў і бюджэты, уключна з інфармацыяй пра дзяржаўныя закупкі.

Знешняя палітыка: як будаваць адносіны з Расіяй і Еўропай

У пераходны перыяд плануюць прыцягнуць міжнародную дапамогу і спыніць ізаляцыю краіны.

Дарадца Ціханоўскай Валер Кавалеўскі падкрэслівае, што найперш важна будзе аднавіць адносіны з суседнімі еўрапейскімі краінамі — Польшчай, Літвой, Латвіяй.

Вельмі важна будзе выканаць рэкамендацыі міжнародных арганізацый па прывядзенні нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязкамі, якія не выконваліся дзесяцігоддзямі (рэкамендацыі Камітэта па правах чалавека, ААН, Міжнароднай арганізацыі працы, Орхускага камітэта, GRECO і г.д.). Адзін з крокаў — далучэнне да Рады Еўропы.

У пераходны перыяд ацэняць міжнародныя дамовы, падпісаныя пачынаючы з 20 ліпеня 1994 года — ці яны не абмяжоўваюць дзяржаўны суверэнітэт і ці адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Беларусі. 

Фота: Мінабароны Беларусі

Фота: Мінабароны Беларусі

Перагледзяць адносіны з Расіяй. Ініцыююць працэс выхаду з Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, паколькі агрэсіўныя дзеянні Расіі супраць суседніх дзяржаў супярэчаць нацыянальным інтарэсам і пагражаюць суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. 

Будуць дабівацца поўнага вываду расійскіх войскаў з Беларусі.

Перагледзяць таксама ўдзел у АДКБ і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. 

Прапануецца падпісаць Пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве з ЕС і пасля заключыць Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС.

Што будзе з эканомікай

Найбольш важна будзе пазбегнуць зніжэння даходаў, успышак інфляцыі і беспрацоўя. Мэта — як мінімум захаваць узровень даходаў, які ёсць. 

Плануюцца рэформы ачышчальнага характару (каб пазбавіцца ад дыспрапорцый у эканоміцы).

Эканаміст Дзмітрый Крук кажа, што працэс рэформаў працяглы і за пераходны перыяд не будзе скончаны. Будуць тры асноўныя прынцыпы рэформаў. Гэта фокус на пазітыве (знайсці тое, што можа стымуляваць рост), арыентацыя на людзей (галоўнай памылкай рэформаў 90-х эканаміст называе тое, што яны адлюстроўвалі настроі эліт) і пошук аптымальнага балансу (паміж хуткасцю, эфектыўнасцю і мінімізацыяй негатыўных наступстваў для некаторых групаў).

У пераходны перыяд плануюць дабіцца, каб санкцыі знялі максімальна хутка. Нават ва ўмовах спрыяльнай цэнавой кан’юктуры і маштабнай падтрымкі з боку Расіі яны прывялі да страты каля 7% ВУП у 2021-2022 гадах. 

Створаць умовы для развіцця прыватнага бізнэсу. А таксама будуць спрыяць вяртанню бізнэсаў, якія з’ехалі. Для іх максімальна спросцяць усе бюракратычныя працэдуры, а таксама створаць стымулы, у тым ліку фінансавыя, для рэпатрыяцыі.

Фота: Contributor Getty Images

Фота: Contributor Getty Images

Прапануецца амністыя капіталу і падатковая амністыя. Гэта тлумачаць тым, што маштабныя рэпрэсіі ў дачыненні да беларускага бізнэсу, шматлікія хібы бізнэс-асяроддзя ў краіне прывялі да таго, што значная частка актываў была выведзеная за мяжу, а значная частка эканомікі функцыянуе ў нефармальным і схаваным сегментах. Гэта вядзе да значных стратаў для краіны. Таму пераходны ўрад будзе спрыяць таму, каб уся легальная эканамічная дзейнасць, якая дагэтуль выводзілася з краіны ці сыходзіла ў ценявыя сегменты, вярнулася ў легальныя межы.

Збіраюцца ўзмацніць сацыяльную падтрымку і зрабіць яе адраснай. У планах, напрыклад, павысіць мінімальную дапамогу па беспрацоўі да бюджэту пражытачнага мінімуму.

Павышэнне дабрабыту пенсіянераў будзе праз падрыхтоўку да пенсійнай рэформы.

Па дзяржаўных прадпрыемствах — плануюць правесці іх аўдыт. Цяперашні склад менеджменту захаваюць, але на пасады кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў будзе адкрыты конкурс.

Збіраюцца часткова рэструктурызаваць безнадзейныя даўгі. А таксама падтрымаць банкі і нефінансавыя прадпрыемствы ліквіднасцю ў выпадку вострай пагрозы даўгавога крызісу.

Сярод ключавых момантаў таксама — забяспечыць энергетычную бяспеку краіны (што мае вялікія рызыкі, бо Беларусь вельмі залежная ў пастаўках нафты і газу ад Расіі).

Будуць актыўна наладжваць эканамічнае супрацоўніцтва з замежнымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Як быць з «экстрэмісцкімі» каналамі і БТ?

Сайты СМІ разблакуюць. Усе, хто трапіў у «экстрэмісцкія» спісы за палітыку, будуць выключаныя адтуль.

Прызначаць новае кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі, АНТ, СТБ. Дзяржаўнае тэлерадыёвяшчанне абавязанае будзе працаваць на карысць грамадства і паважаць правы чалавека, падаваць адэкватную і непрадузятую інфармацыю, асабліва ў перыяд выбараў.

Што з беларускай мовай

Асноўная ідэя стратэгіі — павялічыць сферу ўжывання беларускай мовы і падтрымаць развіццё беларускай культуры.

Пры гэтым адзначаюць, што рускамоўных грамадзянаў не будуць дыскрымінаваць, будуць імкнуцца вырашаць праблемы абачліва, паступова і прадумана. 

«Важна прызвычаіцца развіваць і цаніць створанае беларусамі, ставіцца з павагай да сваёй гісторыі і культуры, падтрымліваць інтэлектуальныя і медыйныя праекты, скіраваныя на развіццё нацыянальнай свядомасці, навукі і культуры», — падкрэсліваюць у стратэгіі.

Прадстаўніца Аб'яднага пераходнага кабінета Аліна Коўшык тлумачыць: будзе не двухмоўе, а паступовы пераход на беларускую. Але не прымусовы. Веданне беларускай мовы будзе абавязковым для дзяржслужбоўцаў.

Плануюць стварыць моўныя курсы для розных катэгорый.

Прапануюць прыняць дзяржаўную праграму па развіцці беларускай культуры і пашырэнні сферы ўжывання беларускай мовы на 25 гадоў.

У стратэгіі апісаны таксама чатыры сцэнары транзіту ўлады.

Цалкам стратэгія выкладзена тут.

Клас
183
Панылы сорам
14
Ха-ха
29
Ого
6
Сумна
7
Абуральна
17