Адпаведная пастанова была прынятая яшчэ 23 лістапада. Усяго ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей было дададзена сем аб'ектаў, але некаторыя з іх комплексныя, гэта значыць уключаюць некалькі элементаў.

Міжваенная вадацяжная вежа псіхіятрычнай бальніцы ў Пячэрску, якая атрымала ахоўны статус. Фота: Wikimedia Commons

Міжваенная вадацяжная вежа псіхіятрычнай бальніцы ў Пячэрску, якая атрымала ахоўны статус. Фота: Wikimedia Commons

Адным з такіх аб'ектаў стаў комплекс будынкаў Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы, размешчаны па вуліцы Сурганава, 41 у Пячэрску. У склад комплексу ўвайшлі два міжваенныя будынкі былой псіхлячэбніцы - вадацяжная вежа, пабудаваная ў 1929-1933 гадах, і лячэбны корпус, які ўзнік недзе паміж 1918 і 1928 годам.

Магілёўская псіхіятрычныя лякарня была адной з найбуйнейшых на Беларусі, і, мабыць, у Расійскай імперыі, і заняла калісьці архібіскупскую рэзідэнцыю ў жывапісным прадмесці.

Палац архібіскупа на тэрыторыі бальніцы, знішчаны ў 2009 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Палац архібіскупа на тэрыторыі бальніцы, знішчаны ў 2009 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Загарадную рэзідэнцыю для сябе тут стварыў у XVIII стагоддзі архібіскуп магілёўскі Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, фармальны кіраўнік усіх католікаў Расійскай імперыі (яго гарадскі палац мы ўжо згадвалі ў ранейшых публікацыях). Ён пабудаваў тут касцёл, двухпавярховы мураваны палац, заклаў вялікі сад з аранжарэяй, арганізаваў дыванова-ткацкую і швейную фабрыкі, піваварню, карчму ды вадзяны млын на Дубравенцы. У спецыяльна адведзеных пакоях палаца ладзіў спектаклі прыгонны тэатр.

Пасля смерці біскупа тут доўгі час размяшчаўся вайсковы шпіталь, і нарэшце з губернскай бальніцы ў 1909 годзе сюды было пераведзена псіхіятрычнае аддзяленне. 

За Магілёвам у гэты час замацавалася незаслужаная слава «горада дурняў», прыгадаць хоць бы прыказку «Лёва з Магілёва» або фрагмент беларускай лічылкі «… а ў каго з галавой хранова — дык той з Магілёва». 

Міжваенны корпус, у якім нацысты знішчалі пацыентаў, узяты пад ахову дзяржавы. Фота: Wikimedia Commons

Міжваенны корпус, у якім нацысты знішчалі пацыентаў, узяты пад ахову дзяржавы. Фота: Wikimedia Commons

Савецкая ўлада ў 1920—1930-я разбудавала комплекс. Менавіта будынкі гэтага перыяду былі сёння ўзятыя пад ахову дзяржавай.

Гэты час у гісторыі бальніцы вядомы тым, што тут пры нявысветленых абставінах загінуў беларускі паэт і дзяржаўны дзеяч Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч) — як мяркуюць, ён быў даведзены да самагубства карнай савецкай медыцынай. 

Пачатак вайны прынёс яшчэ больш жудасную старонку ў гісторыі бальніцы: у рамках сваіх бесчалавечных праграм па вынішчэнні «непаўнавартасных» нацысты ў 1941 годзе знішчылі ўсіх 1200 хворых Пячэрскай бальніцы.

Памятны знак «У памяць аб загубленых душах» перад будынкам магілёўскай псіхбальніцы, дзе нацысты знішчалі хворых, якіх лічылі «непаўнавартасных». Фота: Wikimedia Commons

Памятны знак «У памяць аб загубленых душах» перад будынкам магілёўскай псіхбальніцы, дзе нацысты знішчалі хворых, якіх лічылі «непаўнавартасных». Фота: Wikimedia Commons

У 2009 годзе на тэрыторыі бальніцы перад с будынкам, дзе ў час вайны разгортваліся трагічныя падзеі, адбылося адкрыццё памятнага знака «У памяць аб загубленых душах». Расходы па вырабе памятнага знака ўзяў на сябе нямецкі бок.

Пасля высялення бальніцы ў іншае месца магілёўскія ўлады незаконным чынам дамагліся зняцця ахоўнага статусу з гістарычнага комплексу ў 2009 годзе і хутка знішчылі амаль усе будынкі: ад архібіскупскага палаца да міжваенных бальнічных карпусоў.

Але пабудаваць тут комплекс шматпавярховых будынкаў некалькі гадоў таму не ўдалося — не далі ахоўныя зоны адзінага будынка бальніцы, які захаваў на той час статус помніка архітэктуры. Сёння тут па законе можна толькі адбудоўваць тое, што было знішчана ў мінулыя дзесяцігоддзі.

Будынак павятовага казначэйства ў Чавусах. Фота: fotobel.by

Будынак павятовага казначэйства ў Чавусах. Фота: fotobel.by

Яшчэ адным помнікам на Магілёўшчыне прызнаны будынак павятовага казначэйства ў Чавусах, узведзены ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя ў цагляным варыянце эклектычнага стылю. Сёння тут размяшчаецца мясцовы краязнаўчы музей.

Усе астатнія новыя помнікі прыпадаюць на Мінскую вобласць. Як адзначае тэлеграм-канал «Спадчына», мясцовы савет па пытаннях гісторыка-культурных каштоўнасцей найбольш зацікаўлены ў прысваенні новым аб'ектам ахоўнага статусу.

У Дзяржаўны спіс патрапілі дзве мураўёўкі, пабудаваныя пасля здушэння паўстання 1863-1864 гадоў.

Царква прападобнай Марыі Егіпецкай у Вілейцы. Фота: Wikimedia Commons

Царква прападобнай Марыі Егіпецкай у Вілейцы. Фота: Wikimedia Commons

Першая з іх — царква пад досыць рэдкім для Беларусі тытулам прападобнай Марыі Егіпецкай. Яна была ўзведзена ў хуткім часе пасля паўстання, ужо ў 1865 годзе пры дзейсным удзеле віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва-Вешальніка. Аўтарам праекта стаў Аляксей Полазаў, будучы губернскі архітэктар усёй Віленшчыны. 

Як адзначаюць актывісты, да таго як храм атрымаў ахоўны статус, мясцовы святар правёў такі капітальны рамонт, што з інтэр'ераў яго былі выкінуты нават аўтэнтычныя дарэвалюцыйныя кафляныя печы.

Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Маладзечне. Фота: Яндэкс Карты

Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Маладзечне. Фота: Яндэкс Карты

Другі храм у псеўдарускім стылі — царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Маладзечне. Яна была ўзведзена ў 1867-1871 гады на гандлёвай плошчы гістарычнай часткі горада, якую за часамі мэра Генадзя Карпенкі перайменавалі ў плошчу Старое Места. На плошчы захавалася шмат гістарычнай забудовы, але яна актыўна вынішчаецца рамонтамі і рэканструкцыямі. Актывісты спадзяваюцца, што ахоўны статус царквы зменіць сітуацыю ў лепшы бок.

Свята-Успенская царква ў Васільчыцах. Фота: Яндэкс Карты

Свята-Успенская царква ў Васільчыцах. Фота: Яндэкс Карты

Таксама пад ахову ўзяты помнік народнага дойлідства — праваслаўная царква ў вёсцы Васільчыцы Капыльскага раёна, узведзеная ў другой палове XIX стагоддзя. Гэта адзіны драўляны будынак з усяго спісу новых гісторыка-культурных каштоўнасцей. Раней святар павысякаў на тэрыторыі храма амаль усе старыя дрэвы.

Флігель сядзібы Свентаржэцкіх у Маліноўшчыне. Фота: Wikimedia Commons

Флігель сядзібы Свентаржэцкіх у Маліноўшчыне. Фота: Wikimedia Commons

Трапілі ў спіс і панскія сядзібы, напрыклад, сядзіба Свентаржэцкіх у вёсцы Маліноўшчына Маладзечанскага раёна.

Сядзібны дом, які меў лесвіцу з белага мармуру, калекцыю зброі і паляўнічых трафеяў, арыгінальныя каміны і карцінны збор, на вялікі жаль, не захаваўся. У Маліноўшчыне, дарэчы, нарадзілася Брыгіда Свентаржэцкая, жонка Тамаша Зана, сам паэт таксама бываў тут.

Захаваныя элементы былой сядзібы — флігель, рэшткі парку і пірамідальная капліца-пахавальня — былі прызнаныя помнікамі архітэктуры.

Піраміда-пахавальня ў Маліноўшчыне. Фота: Wikimedia Commons

Піраміда-пахавальня ў Маліноўшчыне. Фота: Wikimedia Commons

Прысядзібны пейзажны парк з выражанымі матывамі рамантызму быў закладзены Юстынай Свентаржэцкай па праекце італьянскага архітэктара. Працы па фарміраванні сядзібы працягваў яе сын Міхал, удзельнік паўстання 1863 года. У пачатку XX стагоддзя сядзіба набыла эклектычныя рысы.

Юстынай таксама па праекце італьянца была пабудавана ў 1838-1840 гадах капліца-пахавальня ў выглядзе піраміды на насыпным пагорку. Гэтае збудаванне з'яўляецца выражэннем рамантычных матываў сваёй эпохі. На Беларусі такіх збудаванняў захаваліся лічаныя адзінкі, найбольш вядомая піраміда-пахавальня знаходзіцца ва Уздзе.

Сядзібны дом Макавых у Мар'інай Горцы. Фота: Wikimedia Commons

Сядзібны дом Макавых у Мар'інай Горцы. Фота: Wikimedia Commons

Яшчэ адна сядзіба, якая трапіла пад ахову дзяржавы, таксама звязаная з падзеямі 1863 года. Яна была пабудаваная з чырвонай цэглы ў Мар'інай Горцы ў 1876 годзе міністрам унутраных спраў Расійскай імперыі Львом Макавым на землях, што былі канфіскаваныя царскім урадам у шляхты, якая ўдзельнічала ў паўстанні.

Сёння ў будынку размяшчаецца абласны дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі, але нягледзячы на магчымыя нязручнасць для ўстановы, актывісты кажуць, што мясцовыя ўлады спрыялі наданню статусу сядзібе.

Усе гэтыя аб'екты былі прылічаны да 3-й катэгорыі каштоўнасці, то-бок яны маюць рэгіянальнае значэнне.

Паравы млын у Мсціславе ў 2010-я гады. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Паравы млын у Мсціславе ў 2010-я гады. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Паравы млын у Мсціславе пасля дзесяцігоддзяў «аховы дзяржавай». Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Паравы млын у Мсціславе пасля дзесяцігоддзяў «аховы дзяржавай». Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Але не абышлося без стратаў. Так, з Дзяржаўнага спісу выключылі будынак паравога млына XX стагоддзя ў Мсціславе. Паводле тэлеграм-канала «Спадчына» выключыць аб'ект са спісу па законе амаль немагчыма, не дапаможа нават яго фізічнае знішчэнне, але Мсціслаў, адзначае канал, «проста пекла па стаўленні да помнікаў архітэктуры, тут не выконваюцца абсалютна ніякія законы і патрабаванні вышэйстаячых устаноў».

Чытайце таксама:
Сядзібу Абуховічаў у Нясвіжскім раёне зачысцілі ад гістарычных будынкаў
«Быў выяўлены яго аварыйны стан». Гомельскія ўлады знеслі гістарычны будынак на тэрыторыі парку
У Полацку распачалося будаўніцтва на тэрыторыі старажытнага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра
Клас
5
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
5
Абуральна
10

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?