Сяргей Калякін. Фота wikimedia.org

Сяргей Калякін. Фота wikimedia.org

Аргкамітэт новай партыі ўзначалілі сам Калякін, яго паплечнік, былы сябра ЦК «Справядлівага свету» Сяргей Вазняк і экс-старшыня ліквідаванай у 2004 годзе Беларускай партыі працы Аляксандр Бухвостаў.

«Партыя ў чарговы раз сказала: «Трэба», — адрэагаваў Сяргей Вазняк на стварэнне аргкамітэту допісам у фэйсбуку.

Партыец паведаміў, што ідэйна-палітычнай асновай для новай партыі будзе служыць марксізм. Ані ў звароце аргкамітэту, ані ў допісах кіраўніцтва не тлумачыцца, што такая фармулёўка азначае.

Відавочны лідар у аргкамітэце — Сяргей Калякін.

У фэйсбуку палітык напісаў, што «новая левая дэмакратычная палітычная партыя» ствараецца для «ажыццяўлення і задавальнення палітычных, сацыяльных, эканамічных, культурных і іншых інтарэсаў у адпаведнасці з правам, гарантаваным Канстытуцыяй».

Камуніст, які выступае за дэмакратыю, свабоду і роўнасць

Сяргей Калякін стаў камуністам у далёкім 1977 годзе, калі ўступіў у КПСС. Гэта партыя ў СССР фактычна кантралявала дзяржаўныя органы кіравання. У той час Калякін быў партыйным функцыянерам. Займаў розныя пасады ў структурах КПБ.

Калі Беларусь дамаглася незалежнасці, ён застаўся камуністам.

У 1994 годзе ўзначаліў Партыю камуністаў Беларускую, якая была ў апазіцыі да Лукашэнкі. На чале партыі Калякін прабыў да 2009 году, калі была заснаваная партыя левых «Справядлівы свет».

Гэтай партыяй палітык кіраваў да яе ліквідавання Вярхоўным судом у верасні 2023 года.

«Вера ў вучэнне Маркса засталася непарушнай», —пісала пра Калякіна «Нямецкая хваля» два дзясяткі гадоў таму. 

Палітык пераасэнсаваў марксізм і стаў адэптам дэмакратыі, свабоды і роўнасці.

У характарыстыкі Калякіна «Нямецкая хваля» адзначала, што ён часта ўжывае фразу «правілы гульні».

Палітык у 1996 годзе падпісаў імпічмент Лукашэнку і не пайшоў у яго ўрад, бо той парушыў правілы.

«Ён пераканаў сваіх паплечнікаў змагацца не за камунізм ці сацыялізм, а за «буржуазную дэмакратыю», бо яна дае гэтыя правілы, — пісала «Нямецкая хваля». — Як чалавек, які глыбока верыць у прагрэсіўнасць сацыялістычных ідэй, ён перакананы: «гульня па правілах» будзе азначаць перамогу камуністаў. І дзеля гэтага ён гатовы ісці на кампрамісы і другія ролі».

Называў Мікалая Дземянцея «добрым чалавекам»

Сяргей Калякін — пляменнік старшыні Вярхоўнага Савета БССР ХІІ склікання Мікалая Дземянцея, які памёр у 2018 годзе.

Па словах самога Калякіна, яго маці — родная сястра Дземянцея.

27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР, калі ў ім старшыняваў Дземянцей, прыняў дэкларацыю аб незалежнасці Беларусі. Годам пазней ён адкрыта выступіў у падтрымку путчу ў Маскве. 25 жніўня 1991 году на пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета Дземянцей сышоў у адстаўку.

З 1997 па 2000 год Дземянцей быў сябрам лукашэнкаўскага Савета Рэспублікі.

«На мой погляд, гэта быў добры чалавек, які пражыў доўгае жыццё. Шмат чаго паспеў зрабіць для рэспублікі і для рэгіёнаў, дзе ён працаваў. Доўгае і складанае было жыццё. Здароўе ўсё аддаў радзіме», — казаў пра родзіча Сяргей Калякін.

Лічыць Леніна «вялікім чалавекам», не падпісаў Мемарандум БНР

Сяргей Калякін з паплечнікамі не прамінаў адзначаць дзень народзінаў Уладзіміра Леніна. Да яго помніка ён укладаў кветкі.

«Для беларусаў Ульянаў-Ленін з’яўляецца вялікім чалавекам, — казаў партыец у 2012 годзе. — Калі б яго не было, мы сёння з’яўляліся б губерняй або Паўночна-Заходнім краем Расійскай Федэрацыі».

Паводле яго, Ленін — гэта чалавек, які ў ХХ стагоддзі «ажыццявіў найвялікшую рэвалюцыю, зрынуў сатрапа, ліквідаваў самадзяржаўе».

«І сёння гэта актуальна для Беларусі. Мы рухаемся да самадзяржаўя і можам да яго хутка прыйсці. Таму нам трэба вывучаць працы Леніна і ўсё, што было звязана з тым, што ён рабіў у 1917 годзе», — даводзіў Калякін.

У 2012 годзе Бюро ЦК «Справядлівага свету» адмовілася падпісваць Мемарандум аб абароне незалежнасці, прапанавай Радай БНР.

«На наш погляд, Мемарандум носіць антырасійскі характар, што непрымальна. «Справядлівы свет» выступае за развіццё адносін з Расіяй, за інтэграцыю паміж краінамі. А такі дакумент гэтаму будзе шкодзіць, і не сёння, а ў будучыні», — тлумачыў Сяргей Калякін.

Называў «нягоднікамі хто спрабуе падзяліць свет на «рускі», «кітайскі» і «беларускі»

Сяргей Калякін у 2019 годзе заявіў, што яго партыя падтрымлівае правядзенне акцыі «Бессмяротны полк», бо яна прысвечаная «памяці загінулых у часы Вялікай Айчыннай вайны».

«Тыя, хто помняць пра ВАВ, правільна робяць, а тыя, хто робіць на гэтым палітыку і спрабуюць падзяліць на «рускі», «кітайскі» і «беларускі свет» — гэта нягоднікі!», — казаў ён.

На пытанне, што на «Бессмяротны полк» прыходзяць людзі з сімволікай «ДНР» палітык адказаў, што гэта «іхняя справа», бо «важна, як яны памятаюць пра ахвяраў ВАВ, а не пра «ДНР».

Паводле яго, у часы Другой сусветнай вайны «не было ні Беларусіі, ні Украіны, ні Расіі, ні «рускага», ні «беларускага свету», на шчасце».

«Калі ж мы будзем ісці такім шляхам, то таксама можам прыйсці да Данбаса на беларускай зямлі», — казаў ён.

Пра акупацыю Крыма Сяргей Калякін казаў, што «Расія ў гэтым канфлікце абараняе людзей, якіх яна лічыць магчымымі грамадзянамі сваёй краіны».

«Расія заняла адзін з бакоў, як Захад заняў іншы бок, — даводзіў палітык. — На жаль, гэта пацягне за сабой ускладненні міжнароднай палітычнай і іншай абстаноўкі».

Лічыў «Плошчу 2010» глупствам і злачынствам

У 2015 годзе Сяргей Калякін вылучаў сваю кандыдатуру на прэзідэнцтва. У інтэрвʼю «Нашай Ніве» палітык скрытыкаваў паводзіны апазіцыі падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 году. Тады масавая акцыя пратэсту была разагнаная сілавікамі, а амаль усе вылучэнцы на прэзідэнцтва былі арыштаваныя.

На Плошчу я нікога клікаць не буду, гэта глупства, казаў Калякін.

«Дарэчы, у 2010 гэта таксама было глупствам і спрацавала на карысць Лукашэнкі. Бо звычайных людзей збілі, і потым яны і самі не лезуць у палітыку, і дзецям сваім забараняюць. Увогуле, весці бяззбройных людзей на захоп улады — злачынства», — даводзіў ён.

Падтрымліваў інтэграцыю з Расіяй, а Еўрасаюз лічыў марай для Беларусі

У 2016 годзе Калякін заяўляў: калі Беларусь адмовіцца ад расійскага рынку і расійскай сыравіны, то вельмі хутка памрэ. Паводле яго, так гістарычна склалася.

«80% сыравіны мы можам прадаць толькі Расіі, Еўропе яна не патрэбная», — настойваў ён.

Партыец даводзіў, што «ў агляднай будучыні Еўрасаюз больш не прыме ніводнай краіны. Маўляў, гэта добрая мара — «Беларусь у ЕС».

«Каб перайсці нам на стандарты ЕС, нам патрэбна некалькі дзясяткаў гадоў, — выказваўся ён. — Мы не павінны былі ўсе яйкі складваць у адзін кошык. Трэба імкнуцца дыверсіфікаваць свой экспарт, палітыку. Развіццё павінна ісці на не канфрантацыйнай аснове».

Глядзіце таксама: 

Партыя «Справядлівы свет» абвясціла сваёй мэтай прыход да ўлады для пабудовы сацыялістычнага грамадства

Сяргей Калякін: Гэта выдумка! Ніхто не звяртаўся да мяне з прапановай падтрымаць «ЛНР» і «ДНР»

Калякін: Расія не зацікаўлена ў інкарпарацыі Беларусі

«Не бачым супернікаў, апроч Лукашэнкі»: партыя Калякіна заявіла пра ўдзел у выбарах

Калякін: Мы не можам падпісацца пад працэдурай вылучэння кандыдатаў кангрэса дэмакратычных сіл праз збор подпісаў

«Павінны стаяць побач з Лукашэнкам». Гайдукевіч выказаўся пра ролю кішэнных партый

Клас
3
Панылы сорам
13
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
8

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?