Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Што кажуць у Міністэрстве аховы здароўя?

Цяпер адзёр рэгіструюць у Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай абласцях і Мінску. На дзяцей прыпадае 48% выпадкаў заражэння. Такія звесткі ўчора апублікавала Міністэрства аховы здароўя.

Медыкі адзначаюць, што ў зоне рызыкі — непрышчэпленыя. На іх прыпадае 74% выпадкаў захворванняў. А сярод хворых дзяцей гэты паказчык узлятае да 90%. Але трэба зрабіць пазнаку: у статыстыку трапляюць не толькі дзеці, прышчэпку якім вырашылі не рабіць бацькі. Уключаюць і тых, каму яе рабіць няможна праз узрост (маладзейшыя за адзін год).

Як піша Міністэрства аховы здароўя, спецыфічнага лячэння адру няма. Таму вакцынацыя застаецца «самым бяспечным і эфектыўным спосабам абароны» — АПК (камбінаваная вакцына ад адру, паратыту і краснухі) уваходзіць у нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак, і яе робяць бясплатна. Дзяцей прышчапляюць двойчы: у 1 год і 6 гадоў. Лічыцца, што пасля ўвядзення адной дозы больш як у 95% дзяцей фармуецца доўгачасовы імунітэт, пасля другой — амаль у 100%.

«Цяпер зрабіць прышчэпку няма магчымасці»

Пры гэтым чытачы паведамляюць пра перабоі з пастаўкамі вакцыны ў паліклініках і прыватных цэнтрах. У Дар'і двое дзяцей, 2 і 6 гадоў. Старэйшую дачку бацькі прышчапілі па календары вакцынацыі — у год. Малодшае дзіця назіралася ў прыватным цэнтры, дзе раней была даступная комплексная вакцына. Але доўгі час яе няма ў наяўнасці. Тады бацькі вырашылі аформіцца ў паліклініцы па месцы жыхарства і зрабіць бясплатную прышчэпку малодшай дзяўчынцы.

«Прыйшлі навіны ад бацькоў аднакласнікаў, што ў паралельным класе выявілі выпадак захворвання на адзёр. Разумеючы ўсю сур'ёзнасць захворвання, я хацела тэрмінова прышчапіць малодшую. У паліклініцы па месцы прапіскі нас паставілі ў чаргу і паведамілі, што перабоі ў пастаўцы вакцыны доўжыліся больш за паўгода, таму дзяцей у спісе даволі шмат. Прывезеных у лістападзе доз не хопіць. Таму зрабіць прышчэпку цяпер магчымасці няма», — напісала чытачка.

Onliner.by патэлефанаваў у паліклініку, дзе назіраюцца дзеці Дашы, каб даведацца пра наяўнасць вакцыны. Вакцыны цяпер сапраўды няма, але абяцаюць, што перыядычна яна будзе з'яўляцца.

А як у іншых паліклініках?

Onliner.by абтэлефанаваў 12 дзіцячых паліклінік горада. У васьмі з іх вакцына ў наяўнасці ёсць, у адну паступіць сёння. А вось у трох установах прышчапіцца пакуль нельга. У прыватных медцэнтрах сітуацыя складанейшая. Журналісты звярнуліся ў тры — вакцыны няма ў ніводным. Дакладных тэрмінаў паступлення прэпаратаў там не назвалі.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3