Штогадовы спіс самых уплывовых жанчын свету Financial Times складае на падставе меркаванняў журналістаў рэдакцыі, чытачоў і экспертаў з розных абласцей. Лаўрэаткі, якія трапілі ў агляд, класіфікуюцца па трох катэгорыях: «Стваральніцы», «Лідаркі» і «Героі». У кожнай з намінацый прадстаўлены жанчыны, якія маюць прэстыжныя ўзнагароды: Нобелеўскую і Пулітцэраўскую прэміі, Грэмі і Кубак свету. Зрэшты, у топе таксама прысутнічаюць і менш вядомыя, але не менш важныя жанчыны.

Стваральніцы

Марго Робі. Аўстралійская актрыса і прадзюсерка вядомая па ролях у блокбастарах «Атрад самазабойцаў», «Аднойчы ў Галівудзе» і многіх іншых. Робі двойчы намінавалася на «Оскар», чатыры разы — на «Залаты глобус» і пяць разоў — на прэмію Брытанскай кінаакадэміі.

Роббі

Фота: інстаграм дзяячкі

Акрамя акцёрскай кар'еры Марго развівае і прадзюсерскую. У дадзены момант яна кіруе кампаніяй LuckyChap, якая складае актыўную канкурэнцыю кіна-мастадонтам Галівуду. Так, фільм «Барбі», спрадзюсаваны пры ўдзеле Марго, пераадолеў адзнаку ў 1 мільярд даляраў касавых збораў за лічаныя тыдні.

Барбара Кінгсолвер — выбітная амерыканская пісьменніца і паэтка. На рахунку Барбары сем захапляльных раманаў, у тым ліку The Poisonwood Bible, Animal Dreams і The Bean Trees. У 2023 годзе ўклад пісьменніцы ацанілі Пулітцэраўскай прэміяй. Кінгсолвер атрымала ўзнагароду за раман Demon Copperhead — гісторыю пра юнага героя, які вырас у гарах Апалачы.

Фібі Філа скончыла адну з найлепшых акадэмій дызайну Central Saint Martins у Лондане. У 1997 годзе, падчас навучання, Філа пазнаёмілася са Стэлай Макартні, якая запрасіла яе працаваць у брэнд Chloè. Неўзабаве Фібі стала ў руля моднага дома. Пад яе кіраўніцтвам марка Old Céline увайшла ў тройку самых запатрабаваных сусветных брэндаў.

Філо

Фота: інстаграм дзяячкі

Б'ёнсэ Жызэль Ноўлз-Картэр — амерыканская спявачка, актрыса, танцорка, музычная прадзюсерка і філантроп. За сваю кар'еру Б'ёнсэ атрымала 28 прэмій Грэмі — гэты паказчык пакуль з'яўляецца абсалютным рэкордам.

Таксама ў намінацыю трапілі індыйская актрыса і спявачка Алія Бхат, пісьменніца і арганізатарка фестываляў Лола Шанейін, і паўднёвакарэйскі дзявочы кей-поп гурт Aespa.

Лідаркі

Міра Мураці — тэхнічная дырэктарка OpenAI. Да прыходу ў кампанію 35-гадовая бізнэсвумен працавала над аўтамабілем Tesla Model X і займалася распрацоўкай тэхналогій у Leap Motion. Мураці параўноўвае распрацоўкі ў галіне ШІ з вынаходствам паравога рухавіка: дзяўчына верыць, што развіццё штучнага інтэлекту дазволіць значна аблегчыць жыццё чалавека.

Фота: Philip Pacheco/Bloomberg via Getty Images

Фота: Philip Pacheco/Bloomberg via Getty Images

Мэры Бара, генеральная дырэктарка General Motors. У 2009 годзе, пасля зацяжнога крызісу, кампанія GM была вымушана аб'явіць пра банкротства, перайсці пад кантроль ураду ЗША і зведаць сур'ёзную рэарганізацыю. Тады, у рамках кадравых перастановак, Бара заняла пасаду дырэктаркі па HR, а пасля паспяховага правядзення IPO у канцы 2010 года была падвышана да выканаўчага віцэ-прэзідэнта па новых распрацоўках. Цяпер Бара з'яўляецца першай жанчынай ў ЗША, якая ўзначаліла буйны аўтамабільны канцэрн.

Урсула фон дэр Ляен — старшыня Еўрапейскай камісіі і першая жанчына на гэтай пасадзе. У намінацыі адзначаецца, што прафесіяналізм Урсулы дазволіў прыняць новыя і інавацыйныя меры па супрацьдзеянні эканамічным наступствам Covid-19 і дапамог паскорыць аднаўленне Еўропы пасля пандэміі.

Фон дэр Ляен

Фота: AP Photo/Geert Vanden Wijngaert

Таксама палітык праявіла сябе пасля пачатку расійска-ўкраінскай вайны: яна актыўна лабіравала ўвядзенне санкцый, накіраваных супраць Расіі, а таксама выступала за выдзяленне ваеннай і эканамічнай дапамогі Украіне.

Ліза Дайсан — чацвёртая афраамерыканка ў гісторыі, якая атрымала доктарскую ступень па тэарэтычнай фізіцы. Сёння Дайсан узначальвае буйны бізнэс — яна з'яўляецца заснавальніцай і генеральнай дырэктаркай Kiverdi, біятэхналагічнай кампаніі, якая выкарыстоўвае тэхналогіі пераўтварэння вугляроду для распрацоўкі экалагічна чыстых прадуктаў для камерцыйнага прымянення.

Макіка Она — генеральная дырэктарка Suntory Beverage and Food. Нягледзячы на ​​высокі ўзровень эканамічнага развіцця, Японія мае адзін з найзначнейшых гендарных разрываў у заработнай плаце сярод краін з высокімі прыбыткамі. Паводле даследавання Tokyo Shoko Research, з 1802 кампаній, якія каціруюцца на Tokyo Prime Market, толькі шаснаццаццю кіруюць жанчыны.

У гэтым годзе Она стала першай жанчынай-CEO японскай кампаніі з капіталам больш за 5 млрд даляраў ЗША, якая каціруецца на біржы.

Спіс лідарак дапоўнілі актрыса і прэзідэнтка прафсаюза Фрэн Дрэшэр; першая жанчына, якая ўзначаліла фірму «вялікай чацвёркі», Джанет Трункале; швейцарскі палітык, член Федэральнага савета Швейцарыі Карын Келер-Сатэр; выканаўчая дырэктарка United Parcel Service Кэрал Томе; міністарка навакольнага асяроддзя і змены клімату Бразіліі Марына Сілва.

Героі

Наргес Махамадзі — іранская праваабаронца і палітычная зняволеная, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру «за барацьбу супраць прыгнёту жанчын у Іране і барацьбу за прасоўванне правоў чалавека і свабоды для ўсіх».

Махамадзі

Фота: інстаграм дзеячкі

Махамадзі была асуджана пяць разоў: у агульнай колькасці ёй прысудзілі 31 год пазбаўлення волі і 154 удары бізунамі. У жніўні 2023 года Наргес павялічылі тэрмін за інтэрв'ю і афіцыйныя звароты ў ААН аб гвалце ў іранскіх турмах, якія ёй удавалася даваць з камеры. На дадзены момант актывістка ўтрымліваецца ў турме Эвін у Тэгеране.

Коры Гаўф — амерыканская тэнісістка, шасціразовая пераможца WTA Tour у адзіночным разрадзе і васьміразовая — у парным разрадзе. Гаўф выкарыстоўвае папулярнасць, каб прыцягнуць увагу да важных сацыяльных момантаў. Яна выступае ў абарону руху Black Lives Matter і крытыкуе законы, якія абмяжоўваюць правы ЛГБТ+ у сваім родным штаце Фларыда.

Элізабэт Марума Мрэма — першая афрыканская жанчына, якая ўзначаліла Канвенцыю ААН, лідарка і юрыстка ў галіне біяразнастайнасці. З 2023 года Мрэма займае пасаду намесніка выканаўчага дырэктара Праграмы ААН па навакольным асяроддзі, лабіруе законы аб абароне навакольнага асяроддзя, займаецца праграмамі аднаўлення прыроды.

Мрэма

Фота: інстаграм дзеячкі

Спіс «Герояў» завяршаюць першая лэдзі Украіны Алена Зяленская; вучоная

Каталін Карыка; актывістка, чый пост паклаў пачатак тайваньскаму руху #MeToo, Чэн Чыен-Джоў; спартсменка Джэні Эрмоса.

Клас
15
Панылы сорам
0
Ха-ха
5
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?