Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

«Шмат хто лічыць, што на востраве дрэнная медыцына, але мы разбураем гэты міф»

Перш за ўсё ўдакладняем у Яўгена, як правільна вымаўляць назву вострава — з націскам на першы ці другі склад? Правільна і так, і так, кажа ён. Але збольшага тут ставяць націск на першы склад.

Павелка з’ехаў з Беларусі два гады таму. Хлопец выязджаў з краіны праз Грузію, апынуўся ў Польшчы, а потым вырашыў, што жадае паехаць на Балі — тады, тлумачыць Яўген, гэта быў папулярны кірунак. Беларус паехаў у нікуды і пачаў шукаць сабе на Балі новы занятак. 

Самая папулярная віза на Балі — класічная турыстычная, яе ставяць па прылёце. Калі Яўген перабраўся на востраў, такія візы былі недаступныя з-за кавіду, можна было толькі атрымаць аднаразовую турыстычную візу. Схема такая: «Віза робіцца анлайн цягам двух тыдняў. Дастаткова напісаць у агенцтва, прыкласці фота пашпарта і сваё фота, а таксама аплаціць паслугі — 250—270 даляраў. За два тыдні атрымліваеш электронную візу на 60 дзён з магчымасцю працягнуць яе двойчы, але ў час дзеяння нельга вылятаць з Інданэзіі.

Цяпер ёсць больш варыянтаў легалізацыі — звычайныя турыстычныя візы, для беларусаў даступны бясплатны штамп у пашпарт, які дазваляе знаходзіцца ў Інданэзіі 30 дзён, існуюць доўгатэрміновыя турыстычныя візы».

Калі гаворка ідзе пра яшчэ большы тэрмін, ёсць так званыя KITAS — аналаг дазволу на жыхарства ў Інданэзіі, да якой належыць Балі. Працоўны KITAS можна атрымаць на год, але ён выдаецца пад пэўную кампанію і каштуе дорага. Ёсць KITAS для фрылансераў, які дазваляе ім знаходзіцца на востраве шэсць месяцаў. 

Самы папулярны KITAS, які ёсць і ў Яўгена, выдаюць за інвестыцыі ў кампаніі, зарэгістраваныя ў Інданэзіі, яго атрымліваюць на год-два. Можна прыляцець і адкрыць кампанію, адначасова займаць у ёй пасаду і быць інвестарам. Але гэтым KITAS вельмі шмат карысталіся і не заўсёды сумленна, таму, тлумачыць Павелка, цяпер павышаюць мінімальны парог інвестыцый і больш уважліва сочаць за яго выкананнем. 

Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

У самога Яўгена ёсць свая кампанія HealthBali, таму ён падпадае пад крытэрыі KITAS. Беларус робіць бізнэс у медычнай сферы: «Мы дапамагаем турыстам і экспатам атрымліваць тут медыцынскую дапамогу зручна і хутка. Шмат хто, калі прыязджае сюды, лічыць, што на востраве дрэнная медыцына, да доктара немагчыма трапіць, але мы разбураем гэты міф.

Тут шмат клінік, толькі ў нашым каталогу іх не менш за 50 на невялікі Балі, частка з іх мае аўстралійскія акрэдытацыі, спецыялісты таксама навучаюцца за мяжой. Але не хапала простага доступу да медычных паслуг і інфармацыі пра іх, мы гэтым і займаемся. Мы стварылі платформу, з дапамогай якой можна выклікаць доктара дахаты, запісацца на прыём ці на здачу аналізаў за пару клікаў. Гэта падобна да беларускага сервісу 103.by». 

Медыцына на Балі, кажа Яўген, падобная да заходняй — напрыклад, часам прыёму ў доктара можна чакаць месяц, а за аперацыю па вострым апендыцыце можна аддаць некалькі тысяч даляраў. Але ж на востраве развіваюць медычны турызм, хутка там адкрыецца вялікая бальніца Bali International Hospital, дзе будуць працаваць замежныя дактары, а працаваць шпіталь будзе ў партнёрстве з сусветна вядомай амерыканскай клінікай Mayo.

«Штогод мясцовыя святкуюць дзень маўчання (Ньепі), калі ніхто на Балі не мае права выходзіць на вуліцу»

Якімі былі першы ўражанні Яўгена ад Балі? «Адразу адзначыў клімат: ён вельмі спякотны, мне падалося, што тут дужа душна і нават ёсць пара з-за рота, як у лазні. Гэта было вельмі незвычайна. Але з кліматам вельмі хутка звыкаешся, бо тут ёсць акіян і шмат іншых рэчаў, якія кампенсуюць клімат. Спёка не так напружвае, калі разумееш, што знаходзішся на ўзбярэжжы. 

Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

Насамрэч тэмпература і вільготнасць тут не вельмі высокія, яны мала залежаць ад часу сутак і сезону. Некаторым тут цяжка акліматызавацца, але я з гэтым не сутыкнуўся і хутка адаптаваўся да клімату. На Балі дзеці добра сябе адчуваюць, сюды прыязджае вельмі шмат пажылых людзей, то-бок і ім тут камфортна. На востраве не абавязкова трэба сядзець пад сонцам, ён засыпаны кавярнямі і рэстаранамі, а можна і бавіць час на пляжы. А дома ўсе маюць кандыцыянеры».

Другое, што адзначыў Яўген — мясцовыя жыхары. Балійцы вядомыя на ўвесь свет добразычлівасцю і ўсмешлівасцю, і хлопец прызнае: калі прыехаў на востраў, пабачыў, што гэта не стэрэатыпы. Балійцы вельмі рэлігійныя, у іх свая вера — балійскі індуізм. Яны, тлумачыць беларус, лічаць, што багі і духі паўсюль, таму трэба ім дзякаваць і ўціхамірваць іх. Вось чаму на востраве можна пабачыць багата рытуалаў і цырымоній, паднашэнні багам і духам па некалькі разоў на дзень. 

Праз усе гэтыя цырымоніі і святы ў іх багата выхадных — лічыцца, больш, чым працоўных дзён. Яны нават жывуць па сваім календары, хаця востраў і вельмі цывілізаваны, і па іх календары цяпер 1945 год. Яшчэ на Балі вельмі шмат прыгожых храмаў, таксама ёсць невялічкія сямейныя храмы ў кожным доме. 

Балійцы ў турыстычных раёнах і ў глыбіні вострава адрозніваюцца, і для тых, хто жыве на поўначы вострава, турысты — нешта незвычайнае. Але яны ўсё роўны вельмі гасцінныя, для іх мець у гасцях беласкурага турыста вельмі пачэсна. Іх усмешка і добразычлівасць насамрэч вылучаюцца, тлумачыць беларус.

Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

Яўген кажа, што больш за ўсё яго ўразіла адно балійскае свята: «Штогод мясцовыя святкуюць дзень маўчання (Ньепі), калі ніхто на Балі не мае права выходзіць на вуліцу і турысты таксама мусяць сядзець дома. Ціха на ўсім востраве, нічога не працуе, аэрапорт не прымае самалёты. Нельга нават уключаць музыку і карыстацца электрычнымі прыладамі. 

Перад гэтым праходзіць парад са скульптурамі з пап’е-машэ, іх носяць па ўсім востраве і потым спальваюць, а на наступны дзень надыходзіць дзень цішыні. Балійцы лічаць, што праз парад яны пужаюць духаў, а на наступны дзень прыкідваюцца, што на востраве ніхто не жыве, каб духі сышлі з яго. Калі жывеш у Еўропе, у Беларусі, складана ўявіць сабе, што цягам аднаго дня нічога не працуе і на вуліцы няма ні аднаго чалавека, а балійцы могуць сабе дазволіць зрабіць паўзу і правесці яе ў цішыні і медытацыі».

Такая колькасць выхадных, кажа Яўген, можа здзівіць заходнікаў, якія прыязджаюць на Балі весці бізнэс. Балійцы нікуды не спяшаюцца, але беларус не называе гэта лянотай — хутчэй, такі балійскі стыль жыцця. У мясцовых няма адчування, што трэба нешта зрабіць да пэўнага часу. Калі яны прапануюць сустрэцца заўтра ў 10, гэта можа азначаць час з 10 да вечара.

Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

Спачатку, калі спрабуеш жыць па звыклых табе законах, гэта прыгнятае, прызнаецца хлопец. Але калі разумееш, што знаходзішся ў іншым месцы і ў іншай частцы свету, пачынаеш пад гэта падладжвацца, у тым ліку і дазваляеш сабе больш адпачынку. Тады ўсё становіцца на сваё месца — магчыма, праца ідзе больш павольна, але гэта не робіцца праблемай.

«Цэны пачынаюцца ад 200 даляраў на месяц за даволі сціплае жыллё»

На Балі, расказвае Яўген, можна знайсці рознае жыллё — усё залежыць ад патрэбаў у камфорце. Паводле слоў беларуса, найбольш папулярны і бюджэтны варыянт — гестхаус: «Гэта вялікая віла, на якой жыве некалькі чалавек, яны арандуюць асобныя пакоі і прастору. Таксама здаюць вілы цалкам, ёсць апартаменты і класічныя гатэлі. Цэны пачынаюцца ад 200 даляраў на месяц за даволі сціплае жыллё, магчыма нават без кандыцыянера, а можна аддаць некалькі тысяч даляраў на суткі за жыллё, усё залежыць ад патрэбаў і запытаў. 

Але жылля тут шмат. Цяпер па ўсім востраве многа будуецца, сярод экспатаў вельмі папулярна арандаваць вілы і пераздаваць іх, каб зарабіць. Людзі і проста інвестуюць у жыллё і вілы, якія будуюцца, цяпер гэта самы папулярны від інвестыцый на востраве. Таксама кошт залежыць ад тэрміну арэнды: можна нешта здымаць за 500 даляраў на месяц, але калі ты гэта арандуеш адразу на год, кошт можа атрымацца ў два разы меншы».

На востраве вялікае рускамоўнае кам'юніці, але яно збольшага складаецца з украінцаў і расіян. Беларусаў тут нашмат менш, хаця ўсё роўна хапае, кажа Павелка. Шмат хто з іх прылятае ў зімні час, але гэта тыя, хто зімуе ў трапічных краінах, збольшага людзі, якія працуюць аддалена.

Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

Хлопец перасцерагае — на Балі можна сутыкнуцца з інданэзійцамі, якія падаюцца грубымі, магчымыя канфлікты. Але звычайна аказваецца, што гэта не мясцовыя, бо на Балі, асабліва ў турыстычных раёнах, працуе шмат інданэзійцаў з іншых астравоў. Яны могуць, да прыкладу, абакрасці, але сапраўдныя балійцы так сябе не паводзяць, яны не могуць нашкодзіць іншаму — не дазваляе ні вера, ні выхаванне.

Балі вельмі адрозніваецца ад астатняй Інданэзіі, таму людзі з любых іншых пунктаў краіны будуць на востраве выдзяляцца. У іншых частках Інданэзіі пануе іслам, таму там можна дазволіць сабе менш, чым на Балі, кажа Яўген: «Турысты могуць тут засяліцца ў гатэль парай, з гэтым не будзе праблемы. Але на суседнім востраве, дзе вялікая роля ісламу, могуць быць вельмі вялікія праблемы, калі ў гатэль заселіцца не звязаная шлюбам пара. 

Я быў у сталіцы Інданэзіі Джакарце, таксама наведваў суседнія астравы — туды можна трапіць на пароме ці самалёце. Яны вельмі адрозніваюцца ад Балі, там зусім іншая культура. На суседнія астравы больш едуць, каб паназіраць за прыродай: магчыма, тыя, хто даўно на Балі і шмат вывучылі, могуць паехаць на іншы востраў, каб паглядзець на іншыя вулканы і вадаспады».

Інданэзія вельмі вялікая, але, мяркуе беларус, турыстам і экспатам збольшага будзе камфортна толькі на Балі, ён больш адаптаваны для іншаземцаў. Джакарта выглядае менш зручнай, больш спякотнай і бруднай. Хаця там і шмат інфраструктуры, але ў Джакарце складана жыць, яна хутчэй можа быць цікавая для бізнэсу. 

Яўген кажа, што папулярныя рэчы на Балі — сёрфінг, духоўныя практыкі, медытацыя, ёга. Медытацыяй больш займаюцца ў раёне вострава пад назвай Убуд, ён знаходзіцца далей ад акіяна. Убуд лічаць цэнтрам духоўных практык, туды едзе вельмі шмат турыстаў, і там жыве шмат экспатаў, якія гэтым займаюцца.

Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

Ці дорага жыць на Балі? Не ўсё адназначна: «Тут жыццё таннейшае, але чамусьці часам выдаткоўваеш нашмат больш, чым у Беларусі.

На Балі можна больш зарабляць і адпаведна больш выдаткоўваць, а таксама за невялікія грошы ты можаш тут атрымаць тое, чаго не атрымаў бы ў іншых краінах. Напрыклад, можна наняць садоўніка, прыбіральніка, шмат хто бярэ на працу няню для дзяцей. Таму траты атрымліваюцца большыя, але гэта таму што ты сабе дазваляеш нашмат болей, якасць твайго жыцця нашмат вышэйшая. Але, як і з нерухомасцю, усё залежыць ад патрэбаў». 

Паводле слоў беларуса, на Балі харчавацца ў кавярнях і рэстаранах больш выгадна, чым купляць сабе ежу ў магазіне і самастойна яе гатаваць.

Імпартныя прадукты могуць абысціся нятанна — да прыкладу, гэта датычыць сыроў, якія могуць везці з Еўропы ці Аўстраліі, а таксама мяса. Адзенне каштуе прыкладна столькі ж, як у Беларусі, але тут у ім няма такой патрэбы, з-за добрага клімату звычайна хапае футболкі і шортаў.

«Можна паснедаць з відам на вулкан і павячэраць на беразе акіяна»

Прырода на Балі, дзеліцца Яўген, вельмі разнастайная: ёсць вулканы, вадаспады, нацыянальныя паркі, розныя сады, папулярная рэч — рысавыя тэрасы (створаныя асаблівым чынам рысавыя палі на пагорках). 

Хлопец захапляецца прыгажосцю вострава, але не забывае пра бяспеку: «Балі быццам з карцінак, якія бачыў раней і не мог паверыць, што столькі прыгажосці можа быць сабрана ў адным месцы. Можна паснедаць з відам на вулкан і павячэраць на беразе акіяна. Хадзіць па джунглях тут непапулярна, бо гэта вельмі небяспечна, тут дужа разнастайны жывёльны свет. На Балі жывуць атрутныя змеі, і нават не трэба хадзіць у джунглі, каб з імі сустрэцца. Яны не часта наведваюць турыстычныя раёны, але шмат хто з імі сутыкаўся, у тым ліку і я. Таму ў джунглі мала хто ходзіць, але ёсць паркі, сады і тэрасы, і ўсё гэта знаходзіцца ля джунгляў, там прыгожа і дастаткова бяспечна.

Звычайна змеі невялікія, укусы і траўмы здараюцца не вельмі часта, але бываюць, і пра гэтую рызыку трэба памятаць. Часцей можна сустрэцца з небяспекай у акіяне, напрыклад, ад марскіх вожыкаў ці медуз, але з усім гэтым можна жыць. Таксама ў адным доме з табой жывуць геконы, невялікія павукі і яшчаркі, але і гэта не страшна».

Рысавыя тэрасы на Балі. Фота: архіў суразмоўцы

Рысавыя тэрасы на Балі. Фота: архіў суразмоўцы

Частая з’ява на Балі — землятрусы, звычайна яны не моцныя, мясцовыя не звяртаюць на іх увагі. Найвялікшы землятрус, які памятае Яўген, меў магнітуду 7,1 бала, эпіцэнтр знаходзіўся ля Балі. Трэсла моцна, дзеліцца хлопец, і гэта быў адзіны землятрус, калі давялося пакінуць дом. 

Калі кажам пра Балі, трэба згадаць найпапулярнейшы мясцовы транспарт — байкі, якія арандуе большасць турыстаў. Яны дадаюць працы мясцовым медыкам, бо з байкамі звязана багата аварый. Яўген тлумачыць, што на востраве няма правіл дарожнага руху, проста трэба ехаць так, каб нікому не нашкодзіць, і з-за гэтага недасведчаныя турысты і экспаты часта трапляюць у аварыі. Іншыя фактары рызыкі — адсутнасць шлема ці кіраванне ў нецвярозым стане, а таксама адсутнасць мясцовых правоў. Усё гэта яшчэ і паніжае шансы атрымаць кампенсацыю ад страхавой за ДТЗ.

Яўген амаль не называе недахопаў жыцця на Балі: «Усе мінусы, якія я бачыў тут раней, цяпер хутчэй падаюцца плюсамі. Калі звыкнуцца з жыццём тут і падладзіцца пад яго, сутыкацца з мінусамі не будзеш. На востраве, як і ў іншых кутках Азіі, мясцовыя адзначаюць праблему са смеццем — стаўленне да яго іншае, чым у Еўропе. Мясцовыя могуць выкінуць смецце проста на вуліцу, бо яны звыклыя да гэтага. Але цяпер усё змяняецца: тут робяць шмат экалагічных праектаў, і мясцовых, напэўна, таксама вучаць правільна ставіцца да смецця.

Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

Фота: архіў суразмоўцы

Да карупцыі на Балі ставяцца па-рознаму, часам яе называюць самай мілай карупцыяй на свеце. Так, паводле слоў хлопца, казаў адзін з буйных інвестараў. Ён прывёў прыклад, калі на востраве будавалі нерухомасць і сутыкнуліся з падатковай. Інвестар сказаў, што ён гатовы аплаціць падаткі сумай у 10 мільёнаў — хутчэй за ўсё, гаворка ішла пра інданэзійскія рупіі. Падаткавік яму адказаў: «Не плаціце столькі, нас усіх пасадзяць, бо ля вас адзін плаціць мільён, а іншы — тры мільёны. Лепш і вы заплаціце мільён, а яшчэ адзін мільён дайце нам».

Мясцовыя чыноўнікі, расказвае беларус, імкнуцца да максімальнай законнасці і празрыстасці, каб прыцягнуць на востраў як мага больш інвестараў і бізнэсу. А тое, што на Балі часам просяць хабар, Яўген называе адным з правілаў жыцця на востраве, пад якія трэба падладзіцца. 

Ці надоўга Яўген на Балі? «Пакуль не ведаю, зараз планую недзе на год наперад. Хутчэй за ўсё, Балі будзе для мяне другім домам, куды можна будзе вяртацца, а так буду развіваць бізнэс, мо і ў іншых краінах. А дзе першы дом? Для мяне ён у Беларусі».

«Любы нармальны чалавек быў бы ў шоку». Беларуска перабралася ў Ісландыю і распавяла, як там жывецца

«Гэты вайб не для ўсіх». Беларуска, якая ўратавала дзяўчыну ў Нью-Ёрку, — пра сябе і жыццё ў вялізным горадзе

Гуд бай, Гродна! Як дызайнерка-рэстаўратарка з’ехала ў ЗША праз Мексіку — нікога не папярэдзіўшы

Клас
20
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
13

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?