Шлык: «Стагоддзямі мужчыны займалі ўсе лідзіруючыя месцы — з гэтым складана развітацца»

Аляксандр Шлык тлумачыць сваю пазіцыю:

«Практыка гендарных квот шырока распаўсюджана ва ўсім свеце. На ўзроўні ААН прызнана, што квоты, накіраваныя на павышэнне ўдзелу жанчын у грамадскім і палітычным жыцці — гэта нармальна і не з'яўляецца дыскрымінацыяй. Не так даўно з'явіўся трэнд на вызначэнне квот на ўдзел жанчын у радах дырэктараў дзяржаўных кампаній. Думаю, можна абмяркоўваць, каб на беларускіх дэмакратычных выбарах першапачатковая квота для жанчын была 30%, каб потым паступова ўзняць яе да 40%».

Аляксандр Шлык

Аляксандр Шлык. Фота: сайт Офіса Ціханоўскай

Калі праціўнікаў ідэі ўдзелу жанчын у палітыцы амаль што няма, то сам бар'ер у сорак адсоткаў выклікаў бурныя спрэчкі. Шлык кажа:

«Гендарная квота ў 40% — гэта той параметр, які выкарыстоўваецца ў найбольш паспяховых краінах у плане грамадскага і палітычнага жыцця. Аднак, безумоўна, мы павінны імкнуцца да раўнаважнай прысутнасці мужчын і жанчын на кіруючых пазіцыях. Калі не ставіць амбіцыйныя мэты, мы не прыйдзем да гэтага парытэту».

На думку палітыка, ідэю крытыкуюць тыя, хто знаходзіцца на значных пасадах — з-за розных прычын часцей за ўсё такімі людзьмі аказваюцца мужчыны:

«Трэба прызнаць, што гендарныя квоты існавалі і раней: толькі да нядаўняга часу стоадсоткавыя квоты былі ў мужчын — у некаторых еўрапейскіх краінах жанчыны ўвогуле не маглі галасаваць да 1974 года. Мне падаецца, важна памятаць пра тое, што стагоддзямі мужчыны займалі ўсе лідзіруючыя месцы — з гэтым складана развітацца і гэта не самая прывабная перспектыва для мужчын».

Палітык дадае: «Дэмакратычным сілам трэба нагадваць сабе, што гендарная роўнасць — гэта частка дэмакратыі. Складана ўявіць сабе дэмакратыю, якая працуе толькі для паловы грамадства — для мужчын. На дадзены момант, на жаль, у мяне няма адчування, што нашыя палітыкі сур'ёзна ставяцца да тэмы гендарнай роўнасці. Гэта трэба мяняць».

Рудзік: «Адкуль нам браць палітыкес?»

Некаторыя актывісты сумняваюцца ў мэтазгоднасці квот для жанчын. Адным з крытыкаў ідэі стаў былы рэдактар ​​тэлеграм-канала NEXTA, сябра Каардынацыйнай рады Ян Рудзік.

Ян Рудзік

Фота: Радыё Ўнэт

У сваім тэлеграм-канале ён піша: «Гэта было б нават смешна, калі б не было вельмі сумна: на наступныя выбары ў КР дарадца па выбарах Офіса Ціханоўскай Аляксандр Шлык патрабуе ўвесці гендарныя квоты — 40% дэлегацый павінны быць жанчынамі.

Нагадаю: раней у АПК Зарэцкую ўзялі менавіта праз гендарныя патрабаванні. Трэба была жанчына ў склад — узялі, абы браць. Нават у Еўрапарламенце толькі 33% жанчын. А ў іх умовы і матывацыя, пардон, крыху відавочнейшыя, чым у нашых структурах будуць».

Блогер выказаў сумневы, што выкананне квоты будзе паспяховым з-за адсутнасці жадання саміх жанчын займацца палітыкай:

«Ды і ўвогуле — адкуль нам браць палітыкес, калі яны самі не прыйдуць? А што з заахвочанымі мужыкамі рабіць, якія ў квоты не ўлазяць? Дурдом!»

Рэзюмуючы, Рудзік адзначыў, што новаўвядзенне не толькі не палепшыць сітуацыю на дэмакратычным полі, але і створыць дадатковыя праблемы:

«Шматпакутны беларускі дэмрух рознае бачыў, але складваецца ўражанне, што чальцы Офіса прэзідэнт:кі штучна ствараюць на роўным месцы праблемы і падымаюць парог уваходжання».

Меркаванне эксперткі

Нягледзячы на ​​тое, што шмат у якіх краінах жанчын заахвочваюць да актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці, для многіх беларусаў паняцце гендарных квот застаецца ў навінку. Мы папрасілі патлумачыць, як працуе гэты інструмент, доктарку навук, гендарную даследчыцу Ірыну Сідорскую.

Ірына Сідорская

Фота: сацсеткі эксперткі

«Я лічу гендарныя квоты дзейным інструментам прасоўвання гендарнай роўнасці — важнага складніка дэмакратыі. Перш за ўсё таму, што без іх мы будзем выпраўляць гендарную дыскрымінацыю нашмат даўжэй, чым з іх дапамогай. Нашага жыцця для гэтага дакладна не хопіць, а хочацца пабачыць пазітыўныя перамены», — кажа Ірына.

Экспертка адзначае: «Гендарныя квоты дапамагаюць, бо грамадства прызвычаілася да пэўнага парадку рэчаў і лічыць яго нармальным і натуральным — яно ж не бачыла іншых магчымасцей. Гэты інструмент дазваляе зрабіць магчымым невідавочнае, прычым невідавочнае для ўсіх бакоў — і для менеджменту арганізацыі, і для працуючых у ёй супрацоўнікаў і супрацоўніц, і для тых, хто, дзякуючы гендарнай квоце, зможа рэалізаваць сябе і прынесці карысць».

Па словах эксперткі, такія квоты асобна патрэбны ў сферах, дзе традыцыйна малая жаночая прыстутнасць — у палітыцы, на топ-пасадах у бізнэсе, асабліва ў IT, банкаўскай сферы, нафтагазе, а таксама ў паліцыі і арміі. «Палітыку тут стаўлю на першае месца, бо палітыкі, прымаючы такія рашэнні, даюць прыклад усім астатнім», — падкрэслівае Ірына Сідорская.

Чытайце таксама:

Пракурорка Валерыя Таратынка, што праславілася гучнымі палітычнымі працэсамі, занялася генацыдам

Першыя роды ў 15 гадоў, другія ў 17 і трэція ў 19. Маладая мама з-пад Гомеля стала аб'ектам захаплення адных, жоўці другіх

Клас
12
Панылы сорам
21
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?